На працягу 34 гадоў абарона правоў і законных інтарэсаў дзяцей была адной з галоўных задач для Галіны Генадзьеўны Седзюкевіч
31.05.2018
—
Разное
|
1 чэрвеня ў Беларусі, як і ў многіх іншых краінах свету, адзначаецца Дзень абароны дзяцей. На працягу 34 гадоў абарона правоў і законных інтарэсаў маленькіх шаркаўчан была адной з галоўных задач прафесійнай дзейнасці для Галіны Генадзьеўны Седзюкевіч — адказнага сакратара камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама (пазней гэта пасада была перайменавана і да цяперашняга часу называцца намеснік старшыні КСН). Галіна Генадзьеўна ўсё жыццё адпрацавала з “цяжкімі” дзецьмі і падлеткамі, нядобранадзейнымі сем’ямі. — Работа гэта вельмі няпростая, а самае складанае — браць на сябе адказнасць за лёсы дзяцей, — паведаміла падчас нашай размовы Галіна Генадзьеўна. — Даводзілася забіраць хлопчыкаў і дзяўчынак з сем’яў, пазбаўляць бацькоў іх бацькоўскіх правоў. Гэта вельмі складаная частка работы камісіі па справах непаўналетніх. І ўсё ж, адпрацаваўшы значную частку свайго жыцця на пасадзе намесніка старшыні КСН, магу з упэўненасцю сказаць — дзейнасць наша не была дарэмнай. Дзеці і падлеткі, з якімі я працавала, ужо даўно выраслі. Хоць і не ўсе, але многія з іх стварылі свае сем’і, знайшлі сваё месца ў жыцці. А мы, у сваю чаргу, імкнуліся зрабіць усё магчымае, каб дзеці, якія траплялі на ўлік за пэўныя правапарушэнні, не зламалі сабе жыццё, выйшлі на шлях выпраўлення. Падчас размовы з падлеткамі, якія былі выкліканы на пасяджэнне камісіі, старалася знайсці з імі агульную мову і ў той жа час растлумачыць усё такім чынам, каб падлеткі зрабілі вывады і навучыліся адказваць за свае дзеянні. Часам бывала няпроста, таму ўсе важныя ў рабоце камісіі рашэнні імкнуліся прымаць калегіяльна. З вялікай цеплынёй заўсёды ўспамінаю людзей, з якімі давялося працаваць. У розныя гады камісію па справах непаўналетніх райвыканкама ўзначальвалі Іван Сямёнавіч Шчарбакоў (яго, на жаль, ужо няма ў жывых), Макар Дарафеевіч Іваноў, Мікалай Аляксеевіч Макаранка, Галіна Фёдараўна Волах. Па словах маёй суразмоўцы, падчас работы з “цяжкімі” падлеткамі, а таксама з іх не менш праблематычнымі бацькамі неабходна быць адначасова і юрыстам, і псіхолагам, і педагогам, мець вялікі запас цярпення, душэўнай цеплыні і павагі. Галіна Генадзьеўна Седзюкевіч — першы штатны адказны сакратар камісіі па справах непаўналетніх Шаркаўшчынскага райвыканкама. На працягу 34 гадоў яна абараняла інтарэсы юных жыхароў нашага раёна, працавала з нядобранадзейнымі сем’ямі. А праблемы падлеткаў, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, вось ужо на працягу цэлага стагоддзя вырашаюць камісіі па справах непаўналетніх. Напачатку гэтага года названая структура адзначыла свой 100-гадовы юбілей. У вялікай кнізе яе гісторыі шаркаўшчынская старонка займае далёка не апошняе месца, у значнай ступені дзякуючы і шматгадовай няпростай працы гераіні гэтага артыкула. Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ. Оставить комментарий
|
|