СФХ «Райнбов-агро» уничтожает борщевик и включает эти земли в севооборот
01.06.2018
—
Разное
|
Ля кароўнікаў у аграгарадку Вяркуды – выпаленая зямля. Прычым, у прамым сэнсе слова – хімічны прэпарат знішчыў не толькі баршчэўнік, а і ўсё зялёнае. Зрэшты, гэты ўчастак рэзка кантрастуе з недалёкімі суседнімі, дзе шкодная расліна набіраецца моцы. Больш уражваюць змены, якія адбыліся зусім нядаўна ў наваколлі Гарадка, дзе годную справу знішчэння баршчэўніку і ўключэння такім чынам у севазварот закінутых зямель працягвае СФГ “Райнбов-агро”. “І калі толькі паспелі!” – на мінулым тыдні ў здзіўленні круціў галавой дачнік, які нядаўна праязджаў дарогай праз участкі, зарослыя пустазеллем. У чацвер жа з аднаго боку дарогі ўжо было роўнае поле, падрыхтаванае да сяўбы рапсу, а тэхніка працавала насупраць. – Працэс, канечне, стратны, – расказвае, назіраючы за сваімі работнікамі, кіраўнік аграфірмы Сяргей Дзмітрыевіч Маслюк. – Затое на адпачыўшых землях не трэба ўносіць угнаенні. Паглядзіце, якая глеба – можна сеяць, што захочаш! На пачатку работ па ператварэнні пустэчы ў ніву не тое што глебу, нават рэальны памер участка не ўбачыш – баршчэўнік стаіць сцяной і, здаецца, яго нічым не ўзяць. І сапраўды, плугі па такіх участках адразу не пусціш, бо падбівае зялёная маса карпусы. Таму першым у цёмна-зялёным моры, над якім упоравень з кабінай узвышаюцца ссохлыя мінулагоднія расліны, пракладае дарогу трактар з цяжкай дыскавай бараной – трэск стаіць такі, што амаль заглушае гул рухавіка. “Так і баршчэўнік падмінаецца, і разбіваецца дзярніна, лягчэй араць!” – тлумачыць неабходнасць папярэдняй апрацоўкі С.Д.Маслюк. Неўзабаве за справу бярэцца і МТЗ-952 з трохкорпусным плугам – усяго каля 5 гадзін спатрэбілася, каб пераўвасобіць амаль 8-гектарны ўчастак у ворыва – чым не прыклад для іншых землекарыстальнікаў раёна? Потым поле ў некалькі слядоў дапрацуюць баронамі, культыватарам або чызелем і зямля гатова для сяўбы. “Па такой схеме мы толькі сёлетняй вясной вярнулі да жыцця звыш 100 гектараў!” – расказвае Сяргей Дзмітрыевіч па дарозе на Гарбаціцу. На ўзгорках у наваколлі гэтай вёскі зараснікі баршчэўніку былі знішчаны ў мінулым годзе. Таму цікава было зірнуць на стан зямель зараз. Трэба сказаць, што карціна ўразіла. На фоне ўсходаў азімых і яравых сям-там бачыліся адзінкі шкоднага пустазелля, але з імі вялася барацьба ўручную. Работнікі аграфірмы матыкамі падразалі расліны, пасля чаго ў рэшкі пустацелай трубкі сцябла засыпалася жменя салетры. “Гэта ўжо апрабаваная намі эфектыўная методыка, – каменціраваў работу падначаленых С.Д.Маслюк. – Баршчэўнік “выгарае”, а сульфат амонію ўгнойвае глебу”. І без таго немалыя плошчы “Райнбов-агро” сёлета значна павялічыліся, ідзе заключны этап падрыхтоўкі неабходных дакументаў. Да “старых” участкаў у наваколлі Ляснеўшчыны, Увалок, Апанаскавічаў, Гарбаціцы, Павулля, Карачына далучыліся землі ля Цётча, Янова і Гарадка, якія ўжо сёння радуюць вока дагледжанасцю. Між тым кіраўнік “Райнбов-агро” мае намер яшчэ больш пашырыць уладанні, і да амаль 2000 гектараў далучыць яшчэ каля 300 – ад Глыбачкі да Прудка. Калі задуманае стане рэчаіснасцю, то аграфірма будзе ажыццяўляць дзейнасць на тэрыторыі адразу трох сельсаветаў – Сарочынскага, Вяркудскага і Глыбачанскага! На апрацоўку закінутых зямель, якія на паперы належаць розным, нават ужо спыніўшым існаванне гаспадаркам, неабходны рэсурсы. Над вырашэннем гэтага пытання ў “Райнбов-агро” працуюць пастаянна і з прыцэлам на перспектыву. Зараз тут маецца 10 трактароў МТЗ розных мадыфікацый, да пашырэння восеньскага ворыва рыхтуюць і энерганасычаны трактар, выкупіўшы лізінг на “Беларусь-3022” у “Райаграсэрвіса”. Трактар плануюць мадэрнізаваць, усталяваўшы на яго рухавік больш магутнага МТЗ-3522. Ну а адносіны да справы механізатараў бачыў на свае вочы. У наваколлі Гарадка “інтэрнацыянал” (у “Райнбов-агро” працуюць не толькі жыхары навакольных вёсак, а і механізатары з Лепельскага і Докшыцкага раёнаў) спыняўся толькі на абед. Прычым, Іван Дзенісёнак, Ігар Кавальчук, Пётр Дзівін, Дзмітрый Курбак, Рыгор Хоміч, Барыс Кучаронак, занятыя на розных трактарах і відах работ, адводзілі для перапынку не гадзіну, а роўна столькі, каб перакусіць. Таму і ўзворваюць невялікімі трактарамі да 15 гектараў за дзень. Тэхніку, дарэчы, з-пад Гарадка на базу ў Ляснеўшчыну не ганяюць – абсталявалі паходны стан на беразе Павульскага возера ў Панскім Рагу. Такую назву мае ўрочышча на паўвостраве насупраць другога Рога – Соньчынага. Ды і зараз, калі работнікі аграфірмы ўсур’ёз заняліся асваеннем тутэйшых зямель, у якасці месца для начлегу тэхнікі многія людзі прапануюць уласныя двары. Яшчэ адным немалаважным і, можна сказаць, сацыяльным аспектам дзейнасці “Райнбов-агро” з’яўляецца запальванне “іскры” ў вачах карэнных жыхароў і дачнікаў. У Янове, напрыклад, яны больш актыўна ўзяліся за добраўпарадкаванне. – Раней людзі выкошвалі ля сваіх сядзіб, а на грамадскія тэрыторыі махнулі рукой, маўляў, няма сэнсу, калі пустазелле за вёскай стаіць гектарамі, – расказвае С.Д.Маслюк. – А ўвосень вельмі баяліся палаў, бо наваколле зарослае. Мы ўзаралі ўчасткі ля вёскі – і гаспадары зусім з іншым настроем бяруцца за косы, таксама імкнуцца знішчаць баршчэўнік. І дзякуй кажуць, што, безумоўна, прыемна… Словы ўдзячнасці работнікі і асабіста кіраўнік “Райнбов-агро” часта чуюць і ад жыхароў астатніх вёсак, асабліва пенсіянераў-калгаснікаў. За тое, што працягваецца справа старэйшых пакаленняў хлебаробаў. Што не зарастае, не пустуе зямля, у якой знаходзіцца сапраўдны гаспадар – не на паперы, а на справе. Д.Раманоўскі. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ля кароўнікаў у аграгарадку Вяркуды – выпаленая зямля. Прычым, у прамым сэнсе слова – хімічны прэпарат знішчыў не толькі баршчэўнік, а і ўсё зялёнае. Зрэшты, гэты...
|
|