Будакашалёўшчына багатая на літаратурныя таленты. Наш край – радзіма беларускіх пісьменнікаў Міколы Чарняўскага, Уладзіміра Дзюбы, Міхася Стрыгалёва, Таццяны Гарэлікавай, Аляксея Кейзарава, Івана Шальманава, Анатоля Зэкава, Міколы Сердзюкова, Таццяны Атрошанкі, Таццяны Прышчэпавай, нядаўна прынятай у СПБ Валянціны Буранавай (Бураковай). Некаторыя з іх напрыканцы мінулага года і напачатку гэтага распавядалі пра сябе ў шэрагу інтэрв’ю, падрыхтаваных Анатолем Зэкавым. Сёння ён сам – наш госць.
– Спадар Анатоль, 2018 год аб’яўлены Годам малой радзімы. Гэта якім-небудзь чынам паўплывала на тваю творчасць?
– Па-першае, я не дужа люблю спалучэнне гэтых, няхай сабе і ўстойлівых у нашым грамадстве, двух слоў “малая радзіма”. Гэта вёскі бываюць малыя, а радзіма малой не бывае. Яна заўсёды вялікая – ці гэта ўся краіна, грамадзянінам якой ты з’яўляешся, ці тая вёска, дзе нарадзіўся, зрабіў першыя крокі, дзе адвеку жылі твае продкі. Для мяне – гэта мая Патапаўка.
А што тычыцца творчасці, асабліва паэзіі, то менавіта радзіма заўсёды натхняла і натхняе мяне, жывіць вершаваныя радкі тэмамі, вобразамі, родным словам. І гэты год – не выключэнне. Можа, толькі ў яшчэ большай ступені адчуваеш прыцягненне родных мясцін, бо на гэта скіраваны радыё і тэлебачанне, друкаваныя сродкі масавай інфармацыі. Адчуваеш не столькі таму, што ён аб’яўлены Годам малой радзімы, а хутчэй, што пачынаеш усё больш разумець: час стрымгалоў ляціць наперад, прыбаўляючы гады да твайго ўзросту, а табой яшчэ столькі не сказана і трэба як мага болей паспець сказаць. Сваім чытачам, сваім землякам. І калі табе Богам дадзены талент, ты павінен гэта зрабіць. Ды і нададзенае мне званне Ганаровага грамадзяніна Буда-Кашалёўскага раёна тым больш абавязвае.
– Але ж, калі адкінуць тваю залішнюю сціпласць, то ты і на сёння ўжо многае зрабіў. На тваім рахунку – звыш трыццаці зборнікаў паэзіі, прозы, сатыры і гумару, кніг для дзяцей, ты – лаўрэат прэміі імя Васіля Віткі і літаратурнай прэміі Саюза пісьменнікаў Беларусі “Залаты Купідон”, твае творы ўключаны ў школьныя падручнікі, на іх напісаны песні, цябе актыўна запрашаюць у навучальныя ўстановы, бібліятэкі і працоўныя калектывы рэспублікі, шануюць на радзіме…
– Стоп-стоп. Калі ты так сур’ёзна лічыш, то дзякуй. Але ўсё гэта ў мінулым. Чалавек жа жыве тым, што ён павінен яшчэ зрабіць.
– А я ўсё ж працягну. Ты добра ведаеш, што я шмат чытаю паэзіі, уважліва сачу, наколькі гэта магчыма, за кніжнымі навінкамі, якія выходзяць не толькі ў дзяржаўных, але і ў прыватных выдавецтвах. Мабыць, для цябе гэта і адкрыццё, але, паводле майго аналізу, у беларускай літаратуры не дужа шмат паэтаў, чые б паэтычныя радкі былі так геаграфічна і этымалагічна прывязаны да роднага краю, сваёй вёскі. Побач магла б паставіць хіба толькі Міколу Мятліцкага з яго кнігай “Бабчын” пра родную вёску, адселеную пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
– Не бяруся аспрэчваць твой аналіз, тым больш прыемны для мяне. Я і насамрэч часта ўводжу ў свае вершы назвы буда-кашалёўскіх вёсак і рэчак, патапаўскіх вуліц, распавядаю пра лёсы канкрэтных людзей – маіх землякоў з іх канкрэтнымі імёнамі, прозвішчамі і, няхай ужо даруюць за такую вольнасць, нават мянушкамі. Хачу, каб яны засталіся ў памяці будучых нашчадкаў праз мае вершы, праз маю памяць. Бо, згадзіся, філасофскую, пейзажную ці інтымную лірыку можа напісаць кожны паэт, а вось пра сваю Будакашалёўшчыну, сваю Патапаўку і яе жыхароў магу напісаць толькі я. Бо тут нарадзіўся, тут вырас, сюды пры магчымасці прыязджаю і цяпер, у родную хату, дзе, дзякуй Богу, яшчэ гаспадарыць мой бацька. Я жыў сярод гэтых людзей, сустракаўся і працягваю сустракацца з імі, шмат чаго ведаю пра іх. І, павер, яны вартыя таго, каб іх прозвішчы засталіся не толькі на магільных помніках. Я хачу, каб праз мае вершы іх ведалі і па-за межамі Патапаўкі. Якія б у маіх землякоў ні былі лёсы, што б з імі ні здаралася ў жыцці, яны – мае сапраўдныя героі.
– Зрэшты, пераканаўчым сведчаннем таго – і назвы тваіх вершаў. Згадаю толькі некаторыя: “Мая Патапаўка”, “Патапаўскія вуліцы”, “Патапаўскія настаўнікі”, “Патапаўскія могілкі”, “Буда-кашалёўскі базар”, “Дзяўчына з Буда-Кашалёва”, “Буда-кашалёўскія дубы”, “Мядзведзева”, “Жытанежжа”, “У Іванаўцы”, “Рэчка Ліпа”, “Плач па Журавінным балоце”. Ці тыя ж імянныя ды мянушкавыя “Дзед Грышка”, “Ах, Светачка…”, “Барабанаў конь”, “Валодзя Буслік”, “Цётка Прося”, “Нікан”… А колькі такіх канкрэтных прывязак знаходзіш унутры саміх вершаў! Згадайма хоць бы твой “Верш віны”, дзе я налічыла назвы дваццаці буда-кашалёўскіх вёсак, якія табе, кажучы тваім жа радком, “сняцца й сёння ў сталіцы”.
– Гэта раней было дваццаць назваў, калі верш публікаваўся. Цяпер жа, у новым варыянце, які я ўпершыню чытаў са сцэны РДК на юбілейным свяце з нагоды 75-годдзя нашага земляка, пісьменніка і майго літаратурнага настаўніка Міколы Чарняўскага, іх стала куды больш – і гэты пералік, спадзяюся, будзе доўжыцца. У раёне ж нямала яшчэ вёсак, не трапіўшых у “Верш віны” і такім чынам як бы “пакрыўджаных” мной. Трэба выпраўляцца…
– Але ж сярод тваіх чытачоў – не толькі будакашалёўцы. Ці цікава гэта, калі можна так сказаць, небудакашалёўцам?
– Па-першае, мая паэзія не замыкаецца на вершах выключна такога кшталту. І пераважная большасць паэтычных твораў і кніг усё ж агульнаграмадскага гучання. Па-другое, буда-кашалёўскі цыкл – гэта не альбомная лірыка для пэўнага адрасата, прымеркаваная да нейкай даты ці юбілейнага застолля; я такім чынам знаёмлю чытачоў са сваім, дарагім майму сэрцу краем. А хіба наш край горшы, чым нарачанскі ці браслаўскі, спаўна апетыя не адным дзясяткам паэтаў? Дык няхай жа і пра нашу Будакашалёўшчыну ведаюць! І, між іншым, яе ведаюць, у тым ліку і па творах нашых пісьменнікаў і мастакоў. У тым, зрэшты, я неаднойчы пераконваўся, бо шмат езджу па рэспубліцы, выступаю перад чытачамі і ў шэрагу іншых нязменна чытаю і творы з гэтага цыкла. А верш, які пачынаецца страфой:
Сыходзячы апошнім словам,
у апошні міг згадаю я,
што ёсць дзесь Буда-Кашалёва
і ёсць Патапаўка мая.
Гэта, па сутнасці, мая візітная картка. Пасля яго і пра сябе не трэба нічога распавядаць: усе ўжо ведаюць, адкуль ты.
А колькі на падобных сустрэчах знаходзілася землякоў – калі не самі нарадзіліся на Будакашалёўшчыне, то іх бацькі ці дзядулі ды бабулі адсюль родам. Праўда ж, прыемна? Як і тое, што нядаўна ў Калінінградзе “адкапаў” свайго аднафамільца Артура Зэкава, які піша вершы і друкуецца ў мясцовай прэсе. А некалі падчас воінскай службы-стажыроўкі ў дэсантным палку пад Каўнасам знайшоў такога ж байца-аднафамільца з данецкай Горлаўкі. І кола маіх землякоў па ўсім свеце – не толькі фамільнае…
– Спадар Анатоль, хацелася б шмат пра што пагаварыць, аднак газетная плошча, на жаль, не дазваляе зрабіць гэтага. І ўсё ж, думаю, чытачам “Авангарда” цікава даведацца, над чым ты працуеш цяпер і якімі новымі кнігамі парадуеш у бліжэйшы час?
– Не ведаю наконт “бліжэйшага часу”, аднак у розных сталічных выдавецтвах рыхтуецца да выхаду цэлы шэраг маіх кніг: у “Мастацкай літаратуры” – зборнік вершаў і казак для дзяцей “Варыла вячэру варона”, у “Беларускай энцыклапедыі імя П. Броўкі” – своеасаблівы паэтычна-празаічны каляндар прыроды для школьнікаў “Месяц за месяцам”, у “Выдавецкім доме “Звязда” – кніга казак “Непаслухмяны Чмелік”, у “Харвесце” ў вядомай ужо серыі “Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі” – аб’ёмны зборнік паэзіі “Прыгарадныя чайкі”.
– Наколькі я ведаю, чакаюцца і тэатральныя прэм’еры?
– Сапраўды, апошнімі гадамі пачаў асвойваць і драматургічны жанр: у Беларускім музычным тэатры рыхтуецца прэм’ера спектакля па маім лібрэта “Жыццё і смерць Янкі Купалы” з музыкай кампазітара Алега Хадоскі: ён жа піша цяпер музыку для яшчэ адной здадзенай мной п’есы з пакуль што ўмоўнай назвай “Вясёлыя прыгоды з удзелам чорта” – магчыма, яна з’явіцца ў афішы ўжо ў наступным тэатральным сезоне.
– Дзякуй, спадар Анатоль, за цікавую гутарку. І новых поспехаў на тваёй жыццёвай і творчай дарозе!
Гутарыла Аляксандра СІДАРЭНКА.