Крысціне Шафранскай адразу ўдалося не памыліцца на прафесійных ростанях і з мноства дарог выбраць сваю. “Я пайшла туды, куды трэба”, – кажа яна.
Пасля Віцебскага медыцынскага каледжа прыйшла на працу ў паліклініку Шумілінскай ЦРБ, два гады працавала ў даўрачэбным кабінеце, а потым ёй даверылі Язвінскі ФАП. Тут яна – паўнапраўная гаспадыня.
– Спраўляецеся?
– А куды дзявацца? Раз узялася. Хаця, па-праўдзе, спачатку былі сумненні: ці змагу ўсё ахапіць? У сферы ж абслугоўвання ФАПа 330 чалавек (а з дачнікамі – 412), 59 дзяцей да 18 год, у тым ліку да года – чацвёра. Плюс праблемныя сем’і, пра якіх ідзе размова ў вядомым Указе №18, і якія пастаянна знаходзяцца ў полі зроку медыкаў.
Я ўжо другі год на ФАПе і навучылася размяркоўваць свой час. Да абеду вяду прыём, працую і за тэрапеўта, і за акушэра, і за працэдурную сястру, і за аптэкара. Пасля абеду іду на ўчастак: патранаж, выклікі, прафагляды. Дзякуй богу, радыус абслугоўвання 5 кіламетраў, а не як у Каўляках. Я нават паспяваю Дні здароўя праводзіць. Рыхтую гутаркі, напрыклад, пра тое, як кінуць курыць, і іду да людзей – у майстэрню, магазін, кафэ, на чыгуначную станцыю.
– І слухаюць вас?
– А што ім застаецца, – смяецца Крысціна, – прыйдуць жа да мяне на ФАП.
– А не боязна было?
– Боязна. Але потым я сабе сказала: “Гэта трэба па рабоце”. І пайшла.
– На што скардзяцца вясковыя пацыенты? Ці ёсць час летам ісці да доктара?
– Калі прыцісне хвароба, дык куды дзенешся? Зараз многія скардзяцца на павышаны ціск, на алергію. Хаця летам да медыкаў звяртаюцца менш, відаць, работа на зямлі адцягвае немачы.
– Многія зараз да доктара не ідуць, інтэрнет цяпер дапаможа і дыягназ паставіць, і лячэнне выбраць.
– Самалячэнне – сапраўдны біч. Многія начытаюцца і прыходзяць мяне вучыць. А я не спрачаюся, толькі кажу, што мяне вучылі прафесіяналы-практыкі. І, як правіла, людзі потым прыходзяць, пагаджаюцца, што не ўсё, што ў інтэрнеце – праўда, і што сапраўды ім трэба пры лячэнні ўлічваць асаблівасці і медыцынскую карту свайго арганізма.
– Сельскі ФАП – гэта чарговая прыступка на вашай прафесійнай лесвіцы?
– Не магу сказаць, як яно будзе. Пакуль што нікуды не збіраюся, я тут ужо ўсіх ведаю, мяне таксама, ды і кантракт у мяне да канца 19-га года. Зноў жа кіраўніцтва райбальніцы мне пакой у адным з райцэнтраўскіх інтэрнатаў выдзеліла, дык чаму ж тут не працаваць?
– Як будзеце сустракаць Дзень медыцынскага работніка?
– Якраз буду суткі дзяжурыць на “хуткай дапамозе”. Не здзіўляйцеся, я там падзарабляю. Два-тры разы на месяц, больш не атрымліваецца, я ж на ФАПе на шасцідзёнцы. Ды і адпачыць калі-нікалі трэба.
– Як адпачываеце?
– Зімой люблю лыжы, канькі, а летам – возера.
– А цёплы марскі бераг?
– Ды была я там. Нашы Браслаўскія азёры не горшыя. Мінулым летам паехалі з сябрамі – прыгажосць, камфорт, рыбалка. І нядорага…
Крысціна Шафранская падкуплівае сваёй адкрытасцю, уменнем працаваць з людзьмі, жаданнем сустракаць кожны дзень з усмешкай. Усё гэта, безумоўна, мацуе аўтарытэт маладога медыцынскага работніка.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №46 ад 15.06.2018 г.
Крысціна Шафранская: “Я пайшла туды, куды трэба” Крысціне Шафранскай адразу ўдалося не памыліцца на прафесійных ростанях і з мноства дарог выбраць сваю. “Я...