"Залаты" калодзеж. Яго ўсё яшчэ спадзяюцца адшукаць у Купяцічах
17.06.2018
—
Разное
|
>
Краязнаўца не можа быць абыякавым да апублікаванага ў мінулую пятніцу аповеда маладога аўтара, спадзяюся, будучага калегі Дар’і Бахір пра сваю малую радзіму. Тым больш цікавасць выклікае тэма, якая тычыцца сакральнай геаграфіі. А менавіта яшчэ да такога вызначэння ставіцца вёска Купяцічы з яе хрысціянскімі старажытнасцямі.
Вывучаць прыгарад лепш за ўсё падчас павольнага падарожжа на ровары. Успомніўся выпадак, які адбыўся ў паездцы з Аляксеем Дуброўскiм. Пабывалі ў археолагаў у Гарадзішчы, папрацавалі на раскопках. Вяртацца вырашылі праз Купяцічы, дзе не аднойчы бывалі і заўсёды адкрывалі для сябе нешта новае. Так адбылося і на гэты раз. Усё яшчэ адчуваючы сябе «археолагамі», спыніліся сярод вёскі, каб паглядзець культурны пласт. Хто б мог уявіць, што з’яўленне чалавека з рыдлёўкай каля кар’ера з вадой выкліча цікавасць у вяскоўцаў. Звычайна палешукі спярша здалёк назіраюць за паводзінамі чужака, затым падыхо-дзяць бліжэй і, калі ёсць жаданне пачаць гутарку, вітаюць яго. У Купяцічах жа тады, ледзь заўважыўшы незнаёмцаў, пажылыя жанчыны, якія праходзілі міма, а ўслед за імі і некаторыя жыхары з бліжэйшых дамоў адразу акружылі «землякопаў». Аказалася, іх зацікавіла не тое, што збіраліся рабіць гараджане, а тое, што мы маглі знайсці. З розных вуснаў гучала адно і тое ж пытанне: «Вы ведаеце, дзе манахі дабро закапалі, калі швед напаў?» Аб знаходжанні на правым беразе Ясельды, прыблізна там, дзе цяпер размешчана сяло Купяцічы, Увядзенскага мужчынскага манастыра добра вядома. Вытрымаўшы нямала цяжкіх выпрабаванняў міжканфесійнай варожасці, прыстанак келейнага жыцця як раз два стагоддзі таму назад перастаў існаваць. Жаданне высветліць, дзе ж знаходзілася гэтае, безумоўна, памятнае месца, шмат каго прыводзіла ў наваколле і на вуліцы Купяцічаў. У царкоўных, краязнаўчых выданнях існаванне святыні звязваюць з адным з урочышчаў. Так, у «Апісанні цэркваў і прыходаў Мінскай епархіі» (Мн.: 1879) чытаем, што побач з вёскай знаходзяцца старажытныя могілкі пад назвай Манастыршчына, агароджаныя з усіх бакоў насыпным валам; тут ў 1182 годзе з’явілася Купяціцкая ікона Божай Маці. Адзначаецца, што менавіта ў гэтым месцы быў пабудаваны храм, у якім змяшчалася шанаванае аблічча. Цяперашнія могілкі размешчаны на паўночнай ускраіне вёскі. Яны сапраўды трохі ўзвышаюцца над навакольнай мясцовасцю і маюць па перыметры паглыбленне. Адсюль да гістарычнага цэнтра паселішча, дзе сыходзяцца «тры прасёлачныя дарогі», кіламетры два. Вуліцы большай часткай забудаваны ніяк не раней 30-50-х гадоў. Узніклі сумненні, ці тое гэта месца. Іх тут жа развеялі самі вяскоўцы. «Калі ласка, вярніцеся назад, — казалі яны, — і прайдзіце на вуліцу Палявую. Манастыр-шчына была недзе там». На невялікай пустцы вельмі дарэчы аказаўся кар’ер. А ці не паспрабаваць на яго схіле зрабіць вертыкальны зрэз, можа, атрымаецца знайсці схаваны пад дзірваном і познімі наносамі культурны пласт? Манастыршчына існавала, па меншай меры, некалькі стагоддзяў. Так я разважаў, адвязваючы ад ровара прадбачліва ўзятую рыдлёўку. Вось тады і давялося пачуць дзіўнае пытанне аб манастырскім скарбе, знікненне якога звязвалася са шведамі. Людзі, разгаварыўшыся, распавялі легенду. Маўляў, манастыр Купяціцкі багаццем славіўся. Купалы царквы высока ўзвышаліся над наваколлем. І вось убачыў аднойчы званар, што з боку Пінска набліжаецца невядомае войска. Прыгледзеўся — шведскі атрад прама на манастыр шлях трымае, не абмінуць бяды. Сабралі дарагое начыненне і ўсё, што было каштоўнае, і апусцілі ў калодзеж. Зраўнялі яго з зямлёй: паглядзіш — не даведаешся, дзе схованка. Уварваўся непрыяцель, а пажывіцца няма чым. Ох і мучыў тады швед манахаў, ды нічога не выпытаў. Забілі інакаў, і ніхто той скарб адшукаць не можа. А зараз трохі гісторыі, адкуль маглі ўзяцца шведскія салдаты ў Палескім краі. Гэта здарылася падчас Паўночнай вайны. Рэч Паспалітая была саюзніцай Расіі. Баявыя дзеянні да пары да часу абыходзілі Палессе бокам. Кампанія 1706 года ўнесла ў агульны ход падзей некаторую карэкціроўку. Карл ХІІ працягваў блакіраваць праціўніка ў Гродне. Па распрацаваным Пятром I плане яго войска павінна было, пакінуўшы цяжкую артылерыю, рушыць з крэпасці на паўднёвы захад, дзе яго менш за ўсё чакалі, а затым фарсіраваным маршам дасягнуць Брэста і адступаць далей на поўдзень. Манеўр атрымаўся. Шведам нічога не заставалася, як пачаць праследаваць, абыходзячы рускіх з усходу. Грозную пагоню спынілі Пінскія балоты, якія вясной уяўлялі сабой непраходную багну. Толькі адзін дзень шляху так стаміў войскі, што яны вымушаны былі вярнуцца назад. Пятага мая на галоўнай плошчы нашага горада з’явіўся і сам кароль Карл. Акінуўшы поглядам з вышыні вежы езуіцкага касцёла наваколле, палкаводзец пераканаўся: дарогі далей няма. Даследчыкі адзначалі, што чатыры тыдні яго армія бязлітасна спусташала і без таго бедны край. Такім чынам, мы знаходзім ускоснае пацвярджэнне Купяціцкага падання аб нападзе шведаў на тутэйшы манастыр у пошуках нажывы. Ад вёскі да Пінска мясцовасць роўная, так што захопнікаў, сапраўды, можна было ўбачыць здалёку і паспець схаваць усё каштоўнае. Да гэтага часу не знайшлі ў Купяцічах золата. Аднак паданне, якое перадаецца ад дзядоў-прадзедаў, памятаюць. І калі капаюць ямы пад склеп, скажам, ці слупы для цяпліцы ўсталёўваюць, углядаюцца ў зямлю. І сёе-тое знаходзяць. У Купяцічах суразмоўцы настойліва рэкамендавалі звярнуцца з роспытамі да ўладальніка бліжэйшага дома па вуліцы Палявой. Спадар Севасцьянаў не сумняваўся ў рэальнасці таго, што скарб існуе. Ён літаральна ашаламіў прызнаннем: «Дзе мой двор, манастыр той і стаяў». А ў доказ распавёў пра свае знаходкі. Пры ўладкаванні гаспадаркі ў зямлі трапляліся косткі, будаўнічы матэрыял. Паводле інвентара 1631 года, увесь манастыр быў драўляным. Вядома толькі, што пад царквой той зладзілі каменны склеп для асабліва ганаровых пахаванняў. Пра гэта згадаў архімандрыт Мікалай, рэктар Мінскай духоўнай семінарыі, у сярэдзіне ХІХ ст. са спасылкай на больш раннія працы. Падобна на тое, што выцягнутыя на свет Божы рэшткі і цэгла некалі знаходзіліся ў падмурку храма. Мабыць, сапраўды манастыр размяшчаўся менавіта тут, на цяперашняй вуліцы Палявой, і дзесьці побач у старым калодзежы ляжаць скарбы. А дзе магла быць уладкавана крыніца, як не побач з гаспадарчымі пабудовамі? Інвентар пацвярджае наяўнасць на Манастыршчыне хаты з трапезнай і пякарняй. Такім чынам, кола пошуку звузілася да некалькіх дзясяткаў сотак вакол двара Севасцьянавых. Здавалася, засталося абзавесціся металашукальнікам і з на-дзеяй на шанцаванне ўзяцца за работу. Аднак нялішнім было б ведаць, на што варта разлічваць у выпадку поспеху. Якія могуць быць скарбы без каштоўнасцяў! У гэтым і заключаецца ўся прыцягальнасць пошукаў, хай нават большай часткай беспаспяховых. Багаццем манастыр увогуле ніколі не славіўся. Але ўсё ж ахвяраванні складалі прыстойную суму, і ўладамі давалася ўказанне скласці спіс маёмасці. Напрыклад, Марыя, жонка Януша Радзівіла, дачка гаспадара Малдаўскага, «адпісвала тысячу злотых польскіх на нязгасную лампаду перад цудадзейным чынам». Калі нешта і схавана ў «залатым» калодзежы, так гэта прадметы культу, дарагія рэчы з рызніцы. З пошукам скарбаў звязаны розныя народныя павер’і, сутнасць якіх зводзіцца да аднаго: ніхто, акрамя ўладальніка, не павінен дакранацца да скарбу. Страшная кара вышэйшых сіл абрынецца на чалавека, які парушыць старажытнае закляцце. Дык вось, сярод дваццаці двух цудаў, падараваных Купяціцкім чынам Маці Божай, ігумен манастыра Іларыён (XVII ст.) адзначае гвалтоўную смерць манаха Веньяміна «за дзёрзкую абразу нажом цудатворнага абраза для дазнання, з якога матэрыялу ён зроблен» («Гісторыка-статыстычныя звесткі аб цудатворных абразах і пабожных звычаях у Мінскай епархіі», СПб., 1864). Несумненна, пакаранне напаткае і таго, хто паквапіцца на маёмасць, якая захоўваецца ў тайніку манастыра. Здабыцця згубленых каштоўнасцяў купяціцкай святыні людзі стагоддзямі чакаюць як праяву Божай волі, добрага прадвесця. Вось так пошук месцазнаходжання старога манастыра дазволіў дакрануцца да легенды, якая, як высвятляецца, можа адпавядаць падзеям трохвяковай даўніны. Прыхільнасцю да скарбашукальніцтва на Піншчыне не вельмі пакутуюць. Гэта на Гродзеншчыне або Міншчыне час ад часу энтузіясты робяць сенсацыйныя здагадкі аб знаходжанні казны Напалеона або Радзівілаўскай скарбніцы. У нас жа пры выпадку хіба што ўзгадаюць старадаўні пераказ пра пакой для зброі ў Дубайскім парку ды падзеляцца ўспамінамі пінскіх старажылаў, якім даводзілася бачыць у падзямеллі касцёла езуітаў бочкі з квашанай капустай. Трэба пашукаць на былой сядзібе Біжарэвічаў спецыяльна закладзены на захаванне ў 1925 году каўчэг з 400-гадовым радаводам тутэйшых гаспадароў Ордаў. Духоўная спадчына значна большая, чым зямныя даброты. Вячаслаў ІЛЬЯНКОЎ Купяцічы-Пінск,1999, 2018 Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Краязнаўца не можа быць абыякавым да апублікаванага ў мінулую пятніцу аповеда маладога аўтара, спадзяюся, будучага калегі Дар’і Бахір пра сваю малую радзіму....
|
|