У Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны сваімі ўспамінамі пра трагічныя падзеі дзяцінства дзеліцца шаркаўчанка Раіса Пятроўна Баршчэўская. 21.by

У Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны сваімі ўспамінамі пра трагічныя падзеі дзяцінства дзеліцца шаркаўчанка Раіса Пятроўна Баршчэўская

22.06.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

50713567022 чэрвеня у нашай краіне адзначаюць сумную дату — Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Шматпакутная беларуская зямля, яе народ зведалі жахі вайны, і сёння мы не забываем пра той час, калі гітлераўскія захопнікі вераломна напалі на нашу краіну, каб усталяваць тут свой “парадак”. Да цяперашняй пары ў лясах, балотах, на палетках знаходзяць неўзарваныя снарады, рэшткі зброі. Несуцешным болем жывуць у сэрцах відавочцаў трагічныя падзеі 1941—1945 гадоў, пра якія немагчыма і нельга забыць.

Раісе Пятроўне Баршчэўскай, калі пачалася вайна, было толькі пяць год. Але яна і сёння памятае, як у іх вёсцы Сямёнавічы з’явіліся немцы. Карнікі рабавалі хаты, з хлявоў выганялі і забіралі сабе курэй, свіней, кароў. Аднойчы па загадзе нямецкага камандавання жыхароў вёскі спешна сабралі на конскія падводы і накіравалі ў Шаркаўшчыну. Каля цяперашняга будынка райвыканкама размяшчаўся зборны пункт па адпраўцы людзей на прымусовыя работы ў Германію. Нямецкія афіцэры нават не прымалі да ўвагі, што разам з дарослымі было мноства маленькіх дзетак — на чужыну накіроўвалі ўсіх. Раісе ішоў толькі сёмы год жыцця. Яе разам з маці Феняй Юльянаўнай сярод іншых на грузавых аўтамабілях адправілі ў Глыбокае, а затым у Германію.

Рассялілі іх у горадзе Кведлінбург. Жылі людзі ў бараках, спалі на двух’ярусных ложках. Дарослыя працавалі на заводзе па выпуску зброі. А маленькія дзеці тым часам стараліся знайсці харчаванне для сябе і для дарослых.

— Я і сёння добра памятаю выпадак, калі папрасіла дазволу ў нямецкага гаспадара — уласніка бульбянога палетка — узяць тачку і сабраць крышачку клубняў, якія засталіся на выкапаным агародзе, — расказвае Раіса Пятроўна. — Шчасце маіх родных было бязмежным: вярнуўшыся з працы, мама, дзядзька Пётр з жонкай Гіленай убачылі поўную шафу сабраных клубняў, а сама я для іх напякла на чыгунным лісце бульбяныя бліны. Так наша сям’я ў той дзень павячэрала.

На чужыне Раісе Пятроўне і яе родным давялося быць да вясны 1945 года, калі іх вызвалілі войскі саюзнікаў па антыгітлераўскай кааліцыі. Амерыканскія салдаты з захопленых у немцаў складоў раздавалі прадукты харчавання. Праз некаторы час, пасля правядзення адпаведных працэдур, былых остарбайтэраў адправілі на тэрыторыю, дзе знаходзіліся войскі Чырвонай Арміі. Адтуль дарога дадому склала яшчэ многа дзён.

Родныя мясціны сустрэлі сваіх жыхароў спаленымі і разрабаванымі хатамі, галечай і нястачай аднавяскоўцаў. Але трэба было вяртацца да мірнага жыцця, узнімаць з каленяў разбураную вайной гаспадарку. Яшчэ шмат жыццёвых выпрабаванняў падрыхтаваў лёс на долю Раісы Пятроўны. Давялося ў свой час разам з мужам Геронціем пажыць у далёкай Сібіры, у Прыбалтыцы. Цяпер яна пражывае ў Шаркаўшчыне, у мікрараёне будаўнікоў. Часта да яе у госці заходзяць сябры і знаёмыя, наведваецца старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Галіна Мікалаеўна Філатава. Дарэчы, яна і шаркаўчанка Сафія Лысёнак з’яўляюцца валанцёрамі ад тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Са святамі віншуюць вучні сярэдняй школы № 1. Шмат добрых слоў мы пачулі ад Раісы Пятроўны ў адрас сацыяльнага работніка Аліны Кукарскіх, якая даглядае за пажылой жанчынай. Да таго ж Раіса Пятроўна змагла асвоіць камп’ютар і часта перапісваецца са сваімі знаёмымі ў сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі”. Нягледзячы на паважаны ўзрост, яна яшчэ сама кіруе ўласным легкавым аўтамабілем. На развітанне мы пажадалі Раісе Пятроўне здароўя, доўгіх год жыцця і каб у госці да яе наведваліся як мага часцей толькі добрыя людзі.

Сяргей РАЙЧОНАК.

Оставить комментарий

 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика