Кожны зварот – пад асаблівай увагай. 21.by

Кожны зварот – пад асаблівай увагай

27.06.2018 12:37 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У аўторак, 19 чэрвеня, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Леанід Цупрык правёў прыём грамадзян па асабістых пытаннях у двух населеных пунктах Ганцаўшчыны – аграгарадку Кукава і вёсцы Вялікія Круговічы.


Мясцовыя жыхары звярталіся да Леаніда Аляксандравіча з рознымі пытаннямі, прытым не толькі з асабістымі. Некаторыя ўзнятыя імі праблемы былі сапраўды грамадскімі, тычыліся сацыяльна-эканамічнай, прыродаахоўнай сфер.

Так, напрыклад, жыхар Кукава, пенсіянер Іван Муха распавёў дэпутату гісторыю пра лёс невялічкага штучнага возера, якое, на думку Івана Іосіфавіча, служыць пачаткам ракі Цна. Шмат гадоў гэтае вадасховішча служыла цудоўным месцам адпачынку вяскоўцаў. Там нават рыба вадзілася. Але з цягам часу шлюз, які стрымліваў ваду, ліквідавалі, возера абмялела, зарасло травою і хмызняком, жыхары навакольных дамоў пусцілі сюды сваіх гусей.

– Сёння гэта ўжо не возера, а нейкая брудная лужына, якую кукаўцы трапна называюць «гусятнікам», – абураецца Іван Іосіфавіч. – Вось я і прашу ад імя ўсіх вяскоўцаў дапамагчы адрадзіць гэтае месца адпачынку. Побач і парк быў створаны, дзе праводзіліся практычна ўсе значныя ўрачыстыя мерапрыемствы. Цяпер, на жаль, і ў ім поўнае запусценне. «Мы б і самі ўсё зрабілі: і пачысцілі б дно, і добраўпарадкавалі берагі», – вясковая моладзь выступае з такой ініцыятывай. Аднак трэба пераадолець многія фармальнасці, атрымаць дазвол у адпаведных інстанцыях. Спадзяёмся на Вас, Леанід Аляксандравіч.

Леанід Цупрык паабяцаў разабрацца ў сітуацыі ў бліжэйшы час і, па магчымасці, станоўча вырашыць узнятае пытанне. Ён таксама пацікавіўся, ці шмат моладзі сёння жыве ў вёсцы. Як патлумачыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Шапель, які прысутнічаў на прыёме, моладзь у апошні час пачала заставацца ў вёсках, у тым ліку і ў Кукаве. Таму праблему арганізацыі вольнага часу маладых людзей, іх адпачынку, наладжвання здаровага ладу жыцця мясцовыя ўлады пастаянна трымаюць на кантролі. Сказаў ён і аб тым, што лёс кукаўскага возера таксама будзе вырашаны станоўча.

Хутчэй грамадскае, чым асабістае, пытанне ўзняў у сваім звароце і мясцовы жыхар, пенсіянер Уладзімір Васілеўскі. Яно таксама не новае, але даволі актуальнае для вяскоўцаў – вываз смецця і плата за гэту жыллёва-камунальную паслугу. У апошні час райкамунгас пачаў выстаўляць буйныя рахункі за збор адходаў – адразу за тры гады, пачынаючы з 2016-га.

– Мне, праўда, такі рахунак яшчэ не прыходзіў, – кажа Уладзімір Радзівонавіч, – але некаторыя суседзі яго ўжо атрымалі. Дык вось, мяне і многіх іншых вяскоўцаў цікавіць, чаму мы павінны плаціць за паслугу, якой не карыстаемся. Ну, не застаецца на нашых падворках ніякага смецця, якое трэба вывозіць. Металалом, паперу, пластык мы сдаём нарыхтоўшчыкам, рэшткі расліннасці, галінкі дрэў – спальваем.

Леанід Цупрык, прадстаўнікі мясцовай улады, якія ўдзельнічалі ў прыёме, не пагадзіліся з Уладзімірам Васілеўскім і патлумачылі яму, што ёсць адпаведнае рашэнне ўрада аб плаце за збор камунальных адходаў, а гаварыць аб тым, што іх не бывае ў працэсе жыццядзейнасці, няправільна. Адкуль тады бяруцца ў навакольных лясах стыхійныя звалкі смецця? Тым самым наносіцца шкода прыродзе. Ды і не такія ўжо вялікія грошы за гэту паслугу бяруць камунальнікі – 1,3 рубля ў месяц. Іншая справа, што многія вяскоўцы не плацілі за збор бытавых адходаў па некалькі гадоў – вось і павырасталі рахункі. Вядома ж, заплаціць адразу па 150 – 170 рублёў даволі накладна для пенсіянераў. Напэўна, у райкамунгасе маглі б пайсці такім людзям насустрач і зрабіць растэрміноўку плацяжоў. Аднак з гэтай праблемай трэба звяртацца непасрэдна да камунальнікаў і вырашаць яе ў індывідуальным парадку.

Яшчэ адна жыхарка в. Кукава Галіна Хітрая звярнулася да дэпутата з просьбай дапамагчы ёй працаўладкавацца. Яна жыве адна. Муж памёр некалькі гадоў таму ад цяжкай хваробы, дзеці раз’ехаліся далёка. Жанчына мае трэцюю групу інваліднасці, нейкі час была ў дэпрэсіі, якую яна перанесла пасля смерці мужа, у яе пэўныя абмежаванні па працоўнай дзейнасці, але такую-сякую работу магла б выконваць. Леанід Цупрык паабяцаў разабрацца ў сітуацыі.

Тры чалавекі прыйшлі на прыём да дэпутата Палаты прадстаўнікоў і ў вёсцы Вялікія Круговічы. Яны тычыліся пытанняў медыцынскага і транспартнага абслугоўвання насельніцтва, якасці мабільнай сувязі, працаўладкавання.

У прыватнасці, Віталь Рапейка паскардзіўся на тое, што пасля закрыцця ў вёсцы амбулаторыі тут стварылі фельчарска-акушэрскі пункт, і медыцынскае абслугоўванне, на яго думку, пагоршылася. Жыхароў Вялікіх Круговіч і навакольных вёсак, якія ўваходзяць у зону абслугоўвання ФАПа, замацавалі за Нацкай амбулаторыяй, тры разы на тыдзень адтуль прыязджае ўрач, вядзе прыём пацыентаў. Але ж людзі, здараецца, хварэюць не толькі ў дні прыезду ўрача, а і ў іншы час. Дабірацца ж у Нацкую амбулаторыю вельмі складана, таму яны ездзяць у Агарэвічы ці нават у райцэнтр. Віталь Генадзьевіч падзякаваў ад імя ўсіх жыхароў Вялікіх Круговіч загадчыцы Агарэвіцкай амбулаторыі Гануэпе Канапенка, а таксама загадчыцы тэрапеўтычнага аддзялення Ганцавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы Дар’і Свірскай за тое, што яны заўсёды з разуменнем і ўвагай ставяцца да хворых, аказваюць неабходную дапамогу. Але дабірацца ў Агарэвічы і Ганцавічы таксама не надта зручна. Віталь Рапейка папрасіў Леаніда Цупрыка дапамагчы скарэкціраваць графік руху пасажырскага транспарту паміж Вялікімі Круговічамі і райцэнтрам. Юрый Шапель патлумачыў, што ўжо ёсць дамоўленасць з індывідуальным прадпрымальнікам, які бярэцца абслугоўваць гэты маршрут, цяпер завяршаюцца ўсе фармальнасці і ў хуткім часе ў Вялікія Круговічы будзе хадзіць прыватны мікрааўтобус.

Праблема паляпшэння якасці мабільнай сувязі, якую таксама ўзняў Віталь Рапейка, будзе вырашана ў бліжэйшы час. У вёску ўжо прыязджалі прадстаўнікі МТС і ўзгаднілі ў сельвыканкаме месца, дзе будзе базіравацца новая станцыя гэтай кампаніі, узвядзенне якой здыме ўсе праблемы ў дзейнасці мабільнай сувязі ў гэтым рэгіёне.

Жыхарка вёскі Шашкі Алена Дзявойна прыйшла на прыём з асабістай праблемай. Раней яна была даяркай, але захварэла і цяпер не можа працаваць на ферме. А ў яе трое дзетак на ўтрыманні (двое – студэнты, малодшая дачка – школьніца). Муж таксама хварэе, але працуе вартаўніком – заробак не надта вялікі. Вось і просіць яна дэпутата дапамагчы з працаўладкаваннем. Як высветлілася ў працэсе гутаркі, Алена Мікалаеўна была на прыёме ў старшыні райвыканкама Уладзіміра Бялова, і той паабяцаў знайсці ёй падыходзячую работу. Леанід Аляксандравіч шчыра здзівіўся: чаму ў такім выпадку жанчына прыйшла да яго? А Юрый Шапель патлумачыў, што вакантныя месцы, куды плануюць працаўладкаваць Алену Мікалаеўну, будуць у жніўні і ў верасні, тады гэта пытанне і будзе вырашана. Леанід Цупрык заявіў, што ў яго няма падстаў не давяраць кіраўнікам мясцовай улады, але зварот Алены Дзявойна ён усё роўна возьме на кантроль.

Падводзячы вынікі прыёму, Леанід Аляксандравіч адзначыў, што многія пытанні, з якімі людзі звяртаюцца да дэпутата вышэйшага заканадаўчага органа ўлады краіны, можна і неабходна вырашаць на мясцовым узроўні, у тым ліку і ў сельвыканкамах. Праўда, у іх вельмі абмежаваныя фінансавыя магчымасці. Камісія Палаты прадстаўнікоў па мясцовым кіраванні і самакіраванні, якую ўзначальвае Леанід Цупрык, зараз і займаецца распрацоўкай законаў, накіраваных на ўмацаванне фінансавага стану сельскіх выканаўчых камітэтаў і на ўзмацненне іх уплыву ў вырашэнні многіх сацыяльна-эканамічных праблем вёсак.

Вячаслаў БУРДЫКА.
Фота аўтара.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У аўторак, 19 чэрвеня, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Леанід Цупрык правёў прыём грамадзян па асабістых пытаннях у
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика