Моладзь любіць Беларусь. 21.by

Моладзь любіць Беларусь

30.06.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Па добрай традыцыі напярэдадні Дня Рэспублікі мы пагутарылі з моладдзю Стаўбцоўшчыны, задалі ёй пытанне пра справы штодзённыя і планы на будучае, пацікавіліся, чым прыцягальнае для іх тое месца, дзе яны нарадзіліся і жывуць.

Рыта Быкоўская, ветурач ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат»:

– У жніўні споўніцца год, як я працую на мясакансервавым камбінаце. Закончыла Віцебскую ветэрынарную акадэмію, атрымала размеркаванне. Віцебшчына – мая малая радзіма. Але і Стаўбцоўшчына падабаецца. Прадпрыемства, дзе працую, – перспектыўнае. Адгружаем прадукцыю за межы рэспублікі. Мне неабходна падрыхтаваць яе, каб не было браку. Стараемся выпускаць навінкі. Вось і цяпер на канвееры новая кансерва – «Галёнка з капустай». Работа жывая, не дае сумаваць і застойвацца. Дапамаглі асвоіцца на рабочым месцы начальнік участка Іна Зелянко, майстар Людміла Хайнова. Жыву ў інтэрнаце маторнага завода. Бытавыя ўмовы вельмі добрыя. Па вечарах бегаю – хачу падтрымліваць сваю фізічную форму. На мясакамбінаце шмат моладзі, тут знайшла сабе сяброў. Удзельнічала ў конкурсах сандружын, «Што? Дзе? Калі?». У выхадныя дні стараюся паехаць дамоў, дапамагчы бацькам. Яны садзяць шмат градак, а я люблю папрацаваць у агародзе. Ад бабулі-селекцыянера ў нас расце незвычайная фасоля. Жадаю ўсім міру, шчасця і дабрабыту.

Дзмітрый Крымчанка, намеснік начальніка штаба 25 Арсенала:

– У дзень 3-га ліпеня мы, ваеннаслужачыя, будзем маршыраваць у Наваколасаве ля помніка, аддаваць пашану тым, хто ваяваў і ахвяраваў жыццё за наша мірнае неба. Гэтае свята вельмі хвалюючае, асаблівае. Майму сыну чатыры гады, а ён ужо таксама хоча быць ваенным. Марыць пакатацца на танку, таму ў святочны дзень паедзем сям’ёй на Лінію Сталіна. Мы стараемся ўсюды ўдзельнічаць, быць разам. Чакаем папаўнення ў сваёй сям’і – трэцяе дзіця. Выходзіць, што дзяржаўную праграму па дэмаграфічнай бяспецы выконваем на 100 працэнтаў. Я захапляюся футболам, баскетболам. Яшчэ са школы маю першы разрад па валейболе. Не куру. У нас дома тры веласіпеды, а калі дзеці падрастуць – купім і чацвёрты, пяты… Любім бываць на малой радзіме. У мяне іх, так атрымалася, – дзве, у вёсцы Гуменаўшчына і Калінкавічах, дзе нарадзіўся. Пасадзілі там дрэвы, а сёлета збіраемся пасадзіць сад у вёсцы ў цешчы. Зробім добрую справу і ўраджай у будучым атрымаем.

Вольга Куліч, камісар студэнцкага педагагічнага атрада на базе аздараўленчага лагера «Нёман»:

– Свята набліжаецца – настрой выдатны! Працуем у лагеры «Нёман» ужо другую змену. У складзе нашага студэнцкага педатрада –10 чалавек. Гэта маладыя педагогі і студэнты Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка. Усім весела, цікава. Падабаецца работа з дзецьмі. Праводзім розныя конкурсы, квэсты, адкрытыя дыялогі… Кожны адчувае сваю маладосць і запатрабаванасць. Другая лагерная змена так і называецца – патрыятычная. Кульмінацыя культурна-выхаваўчай праграмы – Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. У гэты дзень будуць акцыя «Спяём Гімн разам», канцэртная праграма «Пад сцягам міру і дабра» і многае іншае. Падчас вучэбнага года працую настаўніцай фізікі ў СШ № 2 і, так склалася, кожнае лета праводжу ў лагеры. Са мною і васьмігадовы сын. Задумак у нас з ім шмат. Я атрымліваю другую вышэйшую адукацыю – інжынера-энергетыка. Любім падарожнічаць. Рада, што Стоўбцы, мая малая радзіма, сталі за апошні час такімі прыгожымі. Ёсць што паказаць сябрам.

Леў Зяленскі, майстар лесу Кляцішчанскага лясніцтва:

– На Стаўбцоўшчыне я толькі два месяцы, пасля заканчэння Полацкага ляснога каледжа. Мая малая радзіма – горад Астравец Гродзенскай вобласці. Для мяне работа ў вёсцы – радасць. Добразычліва сустрэлі ў лясніцтве. Тут я ў свой час праходзіў практыку, таму ўсё ў парадку. Спраўляюся. Да мяне, здаецца, няма прэтэнзій. На восень чакае прызыў на тэрміновую ваенную службу. Пасля службы планую па магчымасці працаваць бліжэй да дома, у Астравецкім лясніцтве. Хачу атрымаць яшчэ і медыцынскую адукацыю. У апошнія тры гады захапіўся масажам, які танізуе, аздараўляе арганізм. Некалькі такіх масажаў і – чалавек маладзее. Адчуваю, што маю да гэтага прыроджаныя здольнасці. З медыцынай звязана палова маёй радні. Бацькі далі мне рэдкае імя… Буду імкнуцца да сваёй мэты. Жадаю моладзі ўдзяляць больш увагі вучобе, уладкавацца на дастойныя працоўныя месцы, якія будуць прыносіць задавальненне. У нашай краіне няхай пануе мір, не будзе канфліктаў і непаразуменняў.          

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Па добрай традыцыі напярэдадні Дня Рэспублікі мы пагутарылі з моладдзю Стаўбцоўшчыны, задалі ёй пытанне пра справы штодзённыя і планы на будучае, пацікавіліся,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика