Нельга забыць. Вызваліцель нашага горада. 21.by

Нельга забыць. Вызваліцель нашага горада

03.07.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

300618

– Як пажываеце? – першае пытанне, якое мы адрасуем Фёдару Каржанкову з Коласава, ветэрану Вялікай Айчыннай вайны, адзінаму сярод вядомых нам жывых вызваліцеляў нашага горада.

І чуем у трубцы бадзёры голас:

– У мяне ўсё добра. Са зрокам не вельмі, а так на здароўе не скарджуся. Люблю пасядзець на вуліцы, у двары. Да станцыі недалёка, 700 метраў, дык праходжваюся туды-сюды кожны божы дзень. Ні ад кога не залежу. Дачка мне дапамагае. «Тата, ідзі паеш» – вось такая мая работа. А яшчэ – жывы «замок» для хаты, – пераходзіць на жарт Фёдар Ануфрыевіч.

У гэтай хаце, дарэчы, гаспадар калісьці ўсё адладзіў уласнымі майстравітымі рукамі. У гэтых сценах быў любімым мужам і шчаслівым бацькам. Для нас галоўнае, што Фёдар Каржанкоў быў і застаецца моцнай асобай, і гэта адразу адчуваецца ў размове. У яго выказваннях няма нічога лішняга і неканкрэтнага, а ёсць існасць чалавечага быцця і выпраменьванне жыццесцвярджальнай энергіі, гумару, пазітыву… Не можа не выклікаць захапленне, што ён прайшоў праз франтавое пекла і не зачарсцвеў душой, не замкнуўся ў сабе. А было так, што на полі бою вораг падбіў не адзін яго танк, усе яны згарэлі, а адважны танкіст аказаўся мацнейшым за танкавую браню. Яго мужнасць адначана медалём «За адвагу», двума ордэнамі Чырвонай Зоркі. Гэтыя і іншыя адзнакі баявога духу пабліскваюць на святочным пінжаку франтавіка… Жывуць у яго сэрцы памяць і ўдзячнасць, любоў да жыцця. За гэта Фёдара Ануфрыевіча можна было б параўнаць з мудрацом. Балазе, і пражыты ім век, 96 гадоў, дае такое права.

Свой дзень нараджэння ён адзначае акурат 22 чэрвеня, у дзень, за якім замацаваўся сумны і трагічны арэол пачатку вайны. Калі матуля нараджала яго, сёмае дзіця ў сям’і, яна не ведала, што гэта будзе дзень вайны, а не звычайны дзень лета, поўны шчодрага чэрвеньскага сонца, багаты на клопаты мірнага дня. У бацькоў пасля Фёдара з’явіліся на свет яшчэ двое дзяцей. У вялікай сям’і ўсе нястомна працавалі. У 18 гадоў застаўся без маці. Асірацелы юнак адправіўся па вярбоўцы са свайго Быхаўскага раёна на Данбас.

Зарабіць там капейку не ўдалося, таму што неўзабаве грымнула вайна. Вестка аб ёй і застала яго ў шахце на начной змене.

На танку ўвайшоў у Стоўбцы

– Шахту спынілі, а нас накіравалі капаць акопы ў Запарожскую вобласць, – прыгадвае ветэран. – У адзін з дзён, калі немцы набліжаліся да Запарожжа, вярнуўся ў інтэрнат, а на ложку ўжо чакала павестка ў ваенкамат. Прайшоў медыцынскую камісію і трапіў у матухну-пяхоту. У снежні 1941-га прыняў баявое хрышчэнне пад Масквой. У баі пад Ржэвам быў паранены і трапіў у эвакашпіталь ва Удмурцію. Праз 4,5 месяца мяне выпісалі з адкрытай ранай і заключэннем: «Годны да страявой службы».

Потым было Казанскае танкавае вучылішча, дзе прайшоў па накіраванні васьмімесячныя курсы і атрымаў званне малодшага лейтэнанта. Служыць трапіў у танкавую часць на 2-гі Украінскі фронт. З танка я проста не вылазіў – і ў Стоўбцы на ім увайшоў, і мяжу перайшоў у Брэсце. Вызваляў Венгрыю, Румынію, Чэхаславакію, Аўстрыю. Дзень Перамогі сустрэў за 30 км ад Прагі. У вучылішчы нас рыхтавалі на англійскіх танках, на фронце ж былі розныя, у тым ліку і Т-34. Ваяваў адразу камандзірам машыны, затым – камандзірам танкавага ўзвода. Быў накіраваны ў 151-шы асобны танкавы полк, які падпарадкоўваўся 9-й казачай кавалерыйскай дывізіі пад камандаваннем Пліева. З ёю вызваляў Стаўрапольскі край, Адэсу. Пасля нас перагрузілі на платформы і перакінулі на ажыццяўленне аперацыі «Баграціён» па вызваленні Беларусі.

З 4-га чэрвеня 1944 года мы рушылі па палескіх балотах і дайшлі да Слуцка. За Слуцкам была Узда, а роўна ў шэсць раніцы 2 ліпеня наш корпус фарсіраваў Нёман і выйшаў у раён Старога Свержаня, каб працягваць фронт і рэзаць камунікацыі ворага ўсцяж да Міра. Прарваліся мы нечакана… Стоўбцы былі вызвалены 2 ліпеня, і толькі на наступны дзень – Мінск, – гэтую акалічнасць заўсёды падкрэслівае Фёдар Каржанкоў.

Слова ветэрана выхоўвае

Стаўбцоўшчына, якую ветэран вызваляў ад ворага, стала для яго другой радзімай. У Грабёнаўшчыне падчас вызваленчай аперацыі знайшоў сваё каханне – дзяўчыну Ганну, з якой стварыў моцную сям’ю. Тут знайшоў і сваё прызванне. Амаль трыццаць гадоў працоўнага жыцця прайшло ў воінскай часці, на пасадзе машыніста лакамабіля. Не забываюць ветэрана воінская часць, раённы савет ветэранаў, Наваколасаўскі сельвыканкам. Без удзелу Фёдара Ануфрыевіча не абыходзяцца ўрачыстасці і святы ў воінскай часці і ваенным гарадку. Яго прысутнасць узнімае значнасць любога мерапрыемства. Ля помніка загінуўшым (не так даўно ён быў адрэстаўрыраваны) ветэрану даюць слова. На яго з цікаўнасцю глядзіць моладзь.

У апошнія гады побач з Фёдарам Ануфрыевічам – дачка Ганна. Ва ўсім адчуваюцца яе клопат і апека. Гэта тое, што яскрава сведчыць пра маральнае здароўе сям’і Каржанковых, моц адносін бацькоў і дзяцей. Сын Фёдара Ануфрыевіча жыве ў Таліне, але штогод наведвае бацьку. Растуць на вачах дзядулі ўнукі і праўнукі.

Дай Бог, каб вызваліцель Стоўбцаў сустрэў і свой 100-гадовы юбілей, і наступны юбілей нашага горада.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
– Як пажываеце? – першае пытанне, якое мы адрасуем Фёдару Каржанкову з Коласава, ветэрану Вялікай Айчыннай вайны, адзінаму сярод вядомых нам жывых вызваліцеляў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика