Свята сёлета праходзіць не на наберажнай гарадскога возера, як звычайна, бо там разгорнуты сур’ёзныя работы па добраўпарадкаванню.
Аднак тое, што святочнае дзейства перанеслася ў цэнтр горада, мае свае пэўныя дадатныя бакі.
Напрыклад, надзвычай упрыгожыла свята выставачная экспазіцыя ў вокнах, якую арганізавалі і аформілі супрацоўнікі раённай бібліятэкі. Погляд на гісторыю праз акно. Можна так назваць выставу “Да родных вытокаў”. Гістарычныя фатаздымкі Іўя часоў І-й Сусветнай вайны, фотаздымкі мясцовых жыхароў і кайзераўскіх салдатаў на вуліцах мястэчка, драўляныя тратуары, гандлёвыя рады-крамы, якія былі знесены яшчэ зусім нядаўна, гадоў каля дзесяці назад; камуністычныя суботнікі, пасадка аднаго сквера горада, кастрычніцкая дэманстрацыя — фотазона гісторыі і памяці…
Вокнаў у бібліятэцы шмат. Таму знайшлося месца на падаконніках і рэчам сялянскага побыту мінулых стагоддзяў — прыстасаванні для апрацоўкі воўны и лёну, маленькія драўляныя начоўкі, прасы, якія напаўняліся гарачым вуголлем, лыжкі, гліняныя гладышы… Праз вокны глядзіць гісторыя. І, здаецца, зараз з’явіцца ў іх рухавая гаспадынька, якой зусім няма чаму весці размовы – шмат працы. Мястэчка працавала не горш, як вёска.
У файе Цэнтра культуры і вольнага часу раённая бібліятэка аформіла выставу “Хараством напоўнены родны наш край”, дзе была выстаўлена вялікая колькасць літаратуры і матэрыялаў СМІ пра Іўе і Іўеўскі раён ад мінулага да сённяшняга дня, пра знакамітых людзей, пра сувязі з суайчыннікамі, зборнікі прозы і паэзіі мясцовых творцаў і г.д.
Іўеўская дзіцячая бібліятэка ладзіць тут сёння фотазону “Бібліё- кафэ”, дзе выстаўлены кнігі, творчыя работы – падзелкі з газет і, наогул, усё прасякнута крэатывам, фантазіяй, жаданнем прынесці людзям радасць, адчуванне свята.