Па экалагічнай сцежцы да Сямі крыніц. 21.by

Па экалагічнай сцежцы да Сямі крыніц

06.07.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Разам з Чэрвеньскім лясгасам, раённым Саветам ветэранаў арганізавала і правяла падарожжа метадыст па ахове помнікаў, старшыня аматарскага краязнаўчага клуба “Бонда” Станіслава Баркоўская па адной з трох экалагічных сцежак “Па прасторах Чэрвеньшчыны-1”.


Вандроўка мела гісторыка-паломніцкую накіраванасць. Станіслава Чаславаўна падрыхтавала экскурсію, падчас якой ўдзельнікі падарожжа даведаліся шмат цікавага з гісторыі Ігуменшчыны, а таксама наведалі храм прыроды. Ён створаны на ігуменскай зямлі, але зараз гэтыя землі належаць Бярэзінскаму раёну, дзе і знаходзіцца месца паломніцтва – Сем крыніц.
Падарожжа пачалося з цэнтра старажытнага горада Ігуменя, каля помніка заснавальніцы горада ля касцёла. Станіслава Баркоўская пачала сваю экскурсію з легенды, паводле якой горад быў заснаваны грэчаскай ігуменняй, якая прынесла нам новую рэлігію — хрысціянства. Яшчэ адна з версій паходжання назвы горада – ад ракі Ігуменка. Даўжыня яе 19 км. Пачатак бярэ злева ад шашы на ўскрайку вёскі Камісарскі Сад і нясе свае воды ў раку Волма, а далей у Чорнае мора.
Па ўспамінах нашага земляка Уладзіміра Георгіевіча Дарагужа, які вельмі скрупулёзна займаўся вывучэннем роднага краю, раку Ігуменку падпітвалі некалькі прытокаў. А некалі вёску Натальеўск агіналі дзве рачулкі з прыгожымі, нават рамантычнымі назвамі — Любімаўка і Засвірка.
Засвірка брала свой пачатак недзе з-за вёскі Хваеншчына, а Любімаўка – каля вёскі Шалашы. Натальеўскае возера раскінулася як раз паміж вусцямі гэтых рачулак. Удакладніў вытокі гэтых рачулак галоўны ляснічы нашага лясгаса, чалавек цікаўны, дасведчаны, улюбёны ў сваю справу, сапраўдны краязнаўца Віктар Віктаравіч Казакоў.
Праязджаем каля вёскі Натальеўск. Гэтая вёска (маёнтак), якая ў свой час была ўласнасцю Віленскага біскупства, пасля вывядзення з яго складу належала генералу Івану Ягоравічу Шэвічу, але ў 1852 годзе маёнтак набыў Ігнацій Фларыянавіч Буглак, якому належалі Рудня-Астравітая, Драхча Буглацкая і іншыя вёскі. У Натальеўску і Рудні Астравітай працавалі вінакурныя заводы і піваварні. У Натальеўску выраблялі 4000 вёдзер віна 20-25 градусаў, 3000 вёдзер 25-30 градусаў, 200 вёдзер спірта на 100 градусаў. У Рудні Астравітай варылі піва, якое карысталася вялікім попытам ва ўсім наваколлі. Згодна спісаў 1914 года апошнімі ўладальнікамі былі дзеці Уладзіслава Буглака — Густаў і Валерыя.

Мы пакінулі ўмоўную мяжу ўладанняў пана Буглака і пазнаёміліся яшчэ з адным уладальнікам зямлі і людскіх душ – панам Іванам Ягоравічам Шэвічам. Станіслава Баркоўская пачала з легенды: “Жыў у гэтых мясцінах заможны пан. Уладанні яго прасціраліся на вялікія абсягі — нават за Бярэзіну. Было ў яго трое дзяцей. Вырашыў ён раздзяліць сваю маёмасць сярод дзяцей і заснаваў для іх тры паселішчы, якія пазней пачалі называцца імёнамі яго дзяцей: Натальеўск, Фёдараўск, Іванаўск”. — Гучыць прыгожа, — сказала Станіслава Чаславаўна, — але, на жаль, як і многія легенды, не мае дакументальных пацверджанняў і нават абвяргаецца.
Далей наш шлях ляжыць праз вёску Камісарскі Сад. З цікавасцю ўдзельнікі вандроўкі даведаліся пра паходжанне назвы вёскі. А яно такое: “Рос некалі тут бярозавы гаёк, а ў тым гаі скончылі сваё зямное жыццё чырвоныя камісары, якія змагаліся за шчаслівую будучыню. Назвалі той лясок камісарскім… Побач з тым ляском нарэзалі зямлю батракам, малазямельным і беззямельным сялянам. Пачалі яны асвойваць атрыманую ва ўласнасць зямельку, разабралі панскія будынкі, пабудавалі сабе хацінкі. Утварылася цэлая вёска. Задумаліся мужыкі, пачалі раіцца, якое імя ёй даць. Як яе назваць? Было гэта ў 1924 годзе. Нехта прапанаваў: як і лес паселішча назваць — камісарскім. Дык то лес, а тут вёска, а давайце сад пасадзім і назавем Камісарскі Сад. Так і зрабілі.
Станіслава Чаславаўна звярнула ўвагу на наступнае: абапал старога шляху, які злучаў Ігумен з населенымі пунктамі на ўсход ад яго, раслі дрэвы. Апошні ўраган добра іх пашкодзіў. Называюць гэты шлях Кацярынінскім. Наколькі гэтая назва справядлівая, ніхто не ведае. Вандруючы па шляхах-дарогах нашай краіны, не раз даводзілася чуць такую назву дарог, але ўявіць сабе, што па ўсіх праязджала царыца Кацярына, немагчыма. — А вось звесткі пра тое, што пасля далучэння нашых зямель да Расійскай імперыі Кацярына аддала загад абсаджваць дарогі ў два рады бярозамі, у пісьмовых крыніцах сустракаюцца, — сказала экскурсавод.
Бяром кірунак на ўсход. Перад намі малапрыкметны масток праз раку Уса, якая бярэ свой пачатак з Дзікага возера, а яе вусце за 1,5 км ад вёскі Якшыцы. Даўжыня яе 55 км. Прытокі: Карпілаўка, Бусль, Добрыца, Ганутка.
Зправа — вёска Карпілаўка. Яна раскінулася на беразе аднайменнай ракі. Ёсць тут крынічка з гаючай вадой. Рачулка дала жыццё і вадасховішчу з маляўнічымі берагамі для адпачынку. Яно атрымала назву Ведрыцкае, бо на беразе аказалася вёска Ведрыца.
Збочылі са шляху — наперадзе нас чакаў яшчэ больш старажытны аб’ект – гарадзішча. Датуецца V стагоддзем да нашай эры — VІІ стагоддзем нашай эры. Гэта самае старажытнае паселішча нашых продкаў на тэрыторыі раёна. Перасякаем яшчэ раз раку Уса. З правага боку зусім недалёка яна прымае да сябе воды ракі Карпілаўкі. Наш шлях ляжыць у вёску Гарадзішча. На тэрыторыі раёна тры вёскі з такой назвай і вёска Гарадок, і ў кожнай маецца старажытнае гарадзішча як аб’ект археалогіі.
У Гарадзішчы сустрэлі Мікалая Васільевіча Няборскага, які нарадзіўся ў 1936 годзе ў гэтай вёсцы. Ён распавёў, што да вайны тут быў калгас, свінаферма. Бацька быў старшынёй калгаса. Перад вайной, гаспадарку хацелі далучыць да Новай Нівы. Усіх забралі адсюль і кінулі на балоты ў Новай Ніве. А тут і вайна пачалася.
Вяртаемся на галоўную трасу нашага маршрута і накіроўваемся ў бок Беразіно. “Злева можна ўбачыць вёску Юравічы, — адзначыла Станіслава Чаславаўна. — Гэта вёска ў ХІХ стагоддзі была цэнтрам цэлай воласці. Каб уявіць яе памеры, дастаткова ўзгадаць пералік вёсак, якія ў яе ўваходзілі: Амяло, Анаполле, Бярозаўка, Дзерці, Велікаполле, Язоўкі, Ганута, Матусоўка, Дубок, Калодзежы, Марыямпаль і іншыя. Яна цікавая тым, што тут падчас паўстання 1961-1863 гадоў пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага адбыўся вялікі бой: на тэрыторыі тагачаснай Міншчыны быў самы актыўны рух у барацьбе супраць засілля царызму. 9 мая 1863 года каля вёскі Юравічы адбылася адна з галоўных аперацый 1863 года на Міншчыне, якая цягнуўся каля дзвюх гадзін. Гэты бой апісаны ў рамане У.Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”.
Маецца яшчэ такі цікавы факт, зафіксаваны дакументальна ў журналах пасяджэння Мінскай казённай палаты ад 22 верасня 1861 года. (Выпіскі з дакументаў з кнігі “Памяць. Чэрвеньскі раён. 2000 год. стар.63-64).
Выпіска сведчыць аб тым, што памешчыку Шэвічу І.Я. у вёсцы Юравічы дазваляецца вырабіць на вінакурным заводзе 300 вёдзер спірта, 300 вёдзер віна каля 20-25 градусаў, 300 вёдзер віна 25-30 градусаў. Упраўляючым быў прызначаны дваранін Пікульскі. Што датычыць вінакурных заводаў, іх было так многа, што насельніцтва Ігуменшчыны аб’явіла пратэст п’янству ў выглядзе стварэння руху “Барацьбы за цвярозасць”.
Мы праязджаем па адметным адрэзку шашы – узлётнай паласе. Менавіта ў гэтым месцы праходзілі вучэнні ваенных лётчыкаў. Наперадзе нас чакаў суседні раён. А пакуль мы праязджалі праз Бярэзінскі раён, Станіслава Баркоўская распавяла пра паходжанне назваў населеных пунктаў. Менавіта яны з’яўляюцца своеасаблівымі масткамі, якія злучаюць нашу сучаснасць з гістарычным мінулым, іншы раз вельмі далёкім. Даведацца пра назву вёскі, яе паходжанне, значыць дакрануцца да гісторыі, адчуць сувязь часоў і пакаленняў.
Мы пакідаем магістраль і збочваем на дарогу ў накірунку вёскі Котава Бярэзінскага раёна. Неўзабаве прыехалі ў канечны пункт нашай вандроўкі – Сем крыніц.
Тут каля вёскі Крупа знаходзіцца пагорак, з-пад яго б’юць сем крыніц. Кожная паасобку добраўпарадкавана. Стаяць цэментаваныя кругі, на кожным – накрыўка, некаторыя з іх абсталяваныя пад стылізаваныя домікі, ёсць кубачкі. Адны ключы б’юць інтэнсіўна, другія — павольна, да кожнай крынічкі можна падысці, ўзяць вадзіцы. У месцы, дзе ўсе сем крыніц сцякаюць у адну, пабудавана купель. Яна драўляная і адначасова служыць каплічкай. У ёй шмат абразоў. З купелі вада сцякае ў раку Уша.
Той, хто меў жаданне, акунуўся ў купель. Усе набралі чыстай гаючай вады з усіх крыніц і сфатаграфаваліся на памяць.
У гэтым месцы таксама стаіць вялізны валун з прысвячэннем да 1000-годдзя Хрышчэння Русі, некалькі альтанак, для тых, хто наведвае крыніцы. А на пагорку ўсталяваны крыж, абнесены невялічкім плотам, туды па прыступках таксама можна падняцца.
На адваротным шляху робім прыпынак у вёсцы Красны Вугал. Гэтыя мясціны таксама звязаны з легендай: “Раслі на прыгожай лясной палянцы кедр і лістоўніца. І колькі яны раслі і сталелі, лістоўніца ўвесь час любавалася сабой і пахвалялася: “Якая я стройная і прыгожая, зялёная і пушыстая, якія мякенькія мае іголачкі, не такія калючыя як у елачкі. Усе мною любуюцца і цешацца з маёй прыгажосці”. Кедр жа моўчкі выслухоўваў яе пахвальбу: нічога не зробіш – жаночая натура. Аднойчы прыходзяць да іх позняй восенню галодныя стомленыя медзведзяняты і просяць дапамогі. Кедр моўчкі скінуў ім сваіх арэшкаў. Медзведзяняты падсілкаваліся і заснулі пад дрэвамі моцным сном, а калі прачнуліся, не маглі зразумець, дзе яны апынуліся. Над імі стаяў магутны кедр і стройнае дрэва з голымі галінкамі. Гэта была лістоўніца, але ад сораму за свае паводзіны яе іголачкі спачатку пажаўцелі, а пасля асыпаліся зусім. З таго часу лістоўніца на зіму скідвае сваё ўбранне”.

Занатавала Таццяна МАРЦЬЯНАВА.
Фота аўтара

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Разам з Чэрвеньскім лясгасам, раённым Саветам ветэранаў арганізавала і правяла падарожжа метадыст па ахове помнікаў, старшыня аматарскага краязнаўчага клуба...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика