Любімыя мясціны малой радзімы. 21.by

Любімыя мясціны малой радзімы

07.07.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Любімыя мясціны  малой радзімы

Часам не магу датэлефанавацца да матулі Алены Антонаўны Пракопік. На пытанне: «Дзе ж былі ды што рабілі?» чую адзін і той жа адказ:
– Дзе ж я магу быць?! На лаўцы!


Лаўка для нашай сям’і – месца, можна сказаць, сакральнае. Тата адразу зрабіў яе каля хаты, якую купілі мае бацькі ў Бязводніках. Колькі памятаю сябе, яна мясцілася на адным і тым жа месцы, з цягам часу аднаўлялася, фарбавалася, і ўсе вельмі любілі праводзіць вольны час менавіта тут.
Калі я была зусім малой, у гародчыку над лаўкай раслі чатыры грушы. Кабеты, пасеўшы спякотным поўднем у чаканні, каб выгнаць карову ў статак, ласаваліся сакавітымі смачнымі грушамі. Я шпарка ўзбіралася на верхавіну і трасла з усяе дзіцячай сілы, каб больш нападала смакаты.
На лаўцы мы, усе чацвёра дзяцей, выглядалі нашага тату з далёкіх рэйсаў, ён заўсёды прывозіў жаданыя пачастункі ад «зайца»…
Якая ж весялосць была, калі на лаўку збіраліся ў нядзелю, бліжэй да вечара! Дарослыя шмат гаманілі ды шуткавалі, а мы, малеча, бегалі і гулялі тут, побач, на вачах.


Павырасталі – і цікава было на лаўцы ўжо вечарамі. А ўлетку нават заседжваліся да той пары, калі на досвітку пачыналі выганяць кароў. Збіралася, бадай, уся вёска! Такіх улюбёных лавак па вёсцы было некалькі. Пераходзілі ад аднае да другой. Гулялі ў розныя гульні ды расказвалі смешныя гісторыі, вырашалі свае юнацкія справы ды ніколі адзін на аднаго не крыўдзіліся. А потым прыйшло і першае каханне. І першыя пацалункі. Пра ўсё гэта ведае наша старэнькая лаўка.


Яна памятае і звонкія вяселлі ў нашай сям’і, шматлікія хрэсьбіны, вясёлыя юбілеі і проста цудоўныя вясковыя вечары! І зараз, калі збіраемся да матулі, заўсёды ідзем на лаўку – каб пагаманіць, на людзей паглядзець, адпачыць і надыхацца паветрам роднае вёскі, якая была і ёсць самым утульным месцам на зямлі. І абавязкова пафатаграфавацца – для ўнукаў і праўнукаў. Каб помнілі!

 

Марыя САМАЛЕВІЧ,
ураджэнка в. Бязводнікі.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Часам не магу датэлефанавацца да матулі Алены Антонаўны Пракопік. На пытанне: «Дзе ж былі ды што рабілі?» чую адзін і той жа адказ: – Дзе ж я магу быць?! На лаўцы!
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика