У розныя часы знаёмае ўсім мястэчка Пярэдзелка шанавалі працавітыя, старанныя людзі, якія клапаціліся пра будучыню бацькоўскага гнязда. Услаўляла працай родны куточак і Марыя Адамаўна РЭВЯНОК (на здымку). Яна адна з тых, хто не пакінуў сваю малую радзіму. І як было не зазірнуць у яе прыгожы дом, дзе ўжо з двара відаць, што жыве тут дбайная гаспадыня. Ноткі радасці ў сялянскі інтэр’ер уносілі акуратна вымеценая дарожка і пахучыя кветкі, а цішыню мясцовага наваколля абуджаў толькі брэх суседскіх сабак.
— Заходзьце, калі ласка. Не саромейцеся, — з добразычлівай і ветлівай усмешкай на твары сустрэла мяне дзевяностагадовая жанчына.
З ёй мы прайшліся па ўладкаваным падворку. Марыя Адамаўна настаяла, каб я прайшла менавіта ў хату. Казала, што эфект будзе не той, калі не запрасіць дарагіх гасцей да сябе. У гэтым сціплым, але дасканала чыстым доме бабульцы пашанцавала дачакацца не толькі свайго сталага ўзросту, але і сустракаць унукаў і праўнукаў, што ўжо можна лічыць падарункам лёсу. Чалавек яна, сапраўды, асаблівы і па сваім характары, і па стаўленню да жыцця. З лёгкасцю ўздыме настрой і прывабіць да размовы любога. Нават у сваім узросце не забывае пра знешні выгляд, што ўласціва далёка не кожнай сталай жанчыне. Знайшоўшы на паліцы шафы новую хусцінку, прысела побач размаўляць аб жыцці, якое проста немагчыма назваць лёгкім.
Нарадзілася яна ў вёсцы Папоўка за ракой і была малодшай з шасці дзяцей. Бацька памёр у 48 гадоў, і нават доктар Клумаў не змог яго выратаваць. Маці цяжка было пракарміць сваіх маленькіх, і Марыю забрала да сябе старэйшая сястра. Да вайны дзяўчынка паспела скончыць 3 класы. Любіла чытаць. Вельмі сумавала, калі зімой даводзілася прапускаць заняткі. Не сплятуць ёй пасталоў, дык яна закруціць ногі ў анучы і бяжыць да школы. А калі пачнуць камянець ад холаду пальцы, сядзе на снег, пагрэе іх у суконнай кашулі і бягом, каб пачуць ад настаўніцы нешта новае. Пасля вайны не пусцілі яе ў школу, казалі: «Вучонай табе не быць, а распісвацца ўжо ўмееш». З яе родных толькі два браты вучыліся.
— Як разальецца вада ў Рудне вясной, дык нашы на чоўнах да школы плавалі. А мае ўніверсітэты скончыліся ў 41-м, — уздыхнуўшы, вымавіла жанчына. — Вайна прайшлася па лёсе цяжкімі чобатамі. І зараз, успамінаючы, жудасна становіцца на сэрцы. Пры першай перастрэлцы ў нашай вёсцы чуць не загінула сястра, а потым сярэднюю забралі на чужыну ў Чэхаславакію. Ёй споўнілася толькі 14 гадоў, а працаваць давялося як дарослай. Цудам яна выжыла, дапамагалі добрыя людзі і Гасподзь Бог. А мы спачатку хаваліся ад фашыстаў у Сяўках у лазе, потым наша сям’я садзейнічала партызанам і чырвонаармейцам. Памятаю вочы матулі, калі мясцовы стараста абяцаў растраляць усіх родных. Не давядзі Бог нашым дзецям і ўнукам перажыць такое. Можна проста сказаць, што дзяцінства ў мяне не было.
Замуж Марыя Адамаўна выйшла за сельскага хлопца. Лёсы ў іх аднолькавыя. Нарадзіўся ён таксама ў шматдзетнай сям’і. Маці рана памерла ад апендыцыту, бо аперацый тады не рабілі. А бацька, каб пракарміць васьмёра дзяцей, купляў у Кіеве ніткі, а тут прадаваў. Яго за спекуляцыю пасадзілі ў турму амаль на 4 гады. Дзеці самі выжывалі ў голадзе ды холадзе. Адразу пасля сямігадовай службы ў арміі ажаніліся, жылі мірна, ва ўсім дапамагалі адзін аднаму, расцілі дзяцей. 50 год таму назад пераехалі ў Пярэдзелку, якая стала роднай ім і іх дзецям. Гаспадар працаваў кузняцом, хоць і хварэў на астму. А калі забралі з кузні малатабойцу, ён застаўся адзін. Было такое, што спаў па дзве гадзіны, не мог дапусціць, каб камбайны сталі, таму рабіў запчасткі і выконваў шмат заказаў. Жыў кузняй, яна была сэнсам жыцця. Жанчына працавала ў гаспадарчым парніку. На дамашнім падвор’і трымалі гаспадары худобу, даглядалі вялікі агарод. Выгадуюць цёлачку, прададуць і адразу ў Лоеў едуць, каб дзяцей адзець і абуць. Давялося Марыі Адамаўне працаваць у брыгадзе, на крухмальным заводзе. І нават калі атрымала першую пенсію — 48 рублёў, вырашыла не кідаць работу: уладкавалася прыбіральшчыцай у школу, выконвала абавязкі начной нянькі. Разам з мужам і час прабягаў хутка, і жыццё было яскравым.
На жаль, 27 гадоў назад засталася жанчына адна. Але не паддалася цяжкасцям і вытрымала выпрабаванні, бо пазітыўнае стаўленне да жыцця мела і працягвала выхоўваць дзяцей годнымі людзьмі. І яны не раз’ехаліся па белым свеце, жывуць недалёка ад маці. Адна дачка жыве ў Гомелі, а другая і сын уладкаваліся ў раённым цэнтры.
— Дзеці — добрая мне дапамога. Вады і дроў наносяць, грубкі прапаляць, а калі трэба, дык і ў хаце прыбяруць, — з гонарам кажа маці. — Не пакідаюць мяне без увагі. З маленства да працы ўсіх прывучала, бо сама часу на яе ніколі не шкадавала. Калі сядзіш без справы, дык дзень за год здаецца, а як пачынаеш варушыцца, то і гадзіны пралятаюць непрыкметна.
Марыя Адамаўна таксама ўзгадала гады сваёй сталасці. Весела было: працавалі з песнямі і з сельскім клубам ездзілі па суседніх вёсках. Разам з мясцовымі жыхарамі яна працягвала культурныя традыцыі сваіх продкаў, захоўвала спадчыну для сучаснага пакалення. І рабілі гэта не дзеля грошай, а для таго, каб падараваць людзям хвіліны радасці і добрага настрою.
— Людзі ў Пярэдзелцы вельмі чулыя. І суседзі ў нас добрыя, заўжды дапамогуць у цяжкія хвіліны, — нібы зазірнуўшы ў настальгічнае мінулае, вымавіла жанчына.
Яна і зараз ніколі не маркоціцца. Цяжка спраўляцца ў агародзе ў такія гады, але ж градкі ў гаспадыні чысценькія, дагледжаныя, бо рукі ніякай працы не баяцца. Каб не марнаваць дарма час, працаўніца даўно ўжо захапілася вышываннем, а навучылася яна тварыць цуды іголкай і ніткамі ва ўзросце 6 гадоў. Яе пакоі — гэта своеасаблівы музей. Чаго тут толькі няма: абрусы, ручнікі, карціны, падушкі. І ў кожнай рабоце адчуваеццца душа, незвычайная прыгажосць. Ёсць нават карціна пейзажу, які вельмі падобны на прывабнае мястэчка ў любай вёсачцы.
— Мне суседкі раяць прадаваць карціны і падушкі, — кажа жанчына, трымаючы ў руках цудоўнае тварэнне. — Але як жа можна прадаць тое, куды ўклаў кавалачак сэрца. Я лепш падару родным, блізкім, дам у дар у царкву.
Вось так і жыве яна, саграваючыся думкамі аб дзецях, унуках і праўнуках.
На развітанне я вырашыла сфатаграфаваць гэтую прыемную суразмоўніцу. Мне здавалася, што гэта здымак не проста жанчыны, а гонар усяго яе сямейства, сама прыгажосць, цеплыня і пяшчота. Бы восеньскую кветку ўзгадала мне сваім абліччам Марыя Адамаўна. Гледзячы на гэтую вяскоўку, не было сумненняў, што для яе галоўнае — сям’я і праца, а таксама павага да людзей, з якімі яна жыве побач. І добра, што над гэтымі каштоўнасцямі час не ўладны.
Наталля Апанасенка, “ЛК”.
Фота аўтара.
У розныя часы знаёмае ўсім мястэчка Пярэдзелка шанавалі працавітыя, старанныя людзі, якія клапаціліся пра будучыню бацькоўскага гнязда. Услаўляла працай родны...