Жніво смелым крокам ідзе па Століншчыне. Гаспадаркі актыўна пераключаюцца з адной культуры на другую і не марудзяць на палях, дзе збажына ўжо паспела. Аб пачатку ўборачнай кампаніі, лепшых людзях і прагнозах гутарым з начальнікам аддзела арганізацыі вытворчасці ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Алегам Генадзьевічам БЛАЖЭВІЧАМ.
– Алег Генадзьевіч, з якімі паказчыкамі раён увайшоў у жніво?
– Пачатку ўборкі папярэднічала добрая падрыхтоўка. Тэхніка, арганізацыя працоўных месцаў і бытавых умоў, набыццё спецвопраткі, работа па навядзенні парадку ў месцах захавання збожжа, на мехдварах і ў зернесушыльных комплексах. А гэта азначае, што вялікая частка работы праведзена. Засталося адказна падысці да справы і правесці ўборку ў сціслыя тэрміны, каб не страціць на палях ні кілаграма збожжа.
На ўборцы задзейнічаны 96 камбайнаў. Працуюць вопытныя механізатары, вадзіцелі, работнікі сушыльных установак, складоў, аграномы, інжынеры. Да сталых, адказных камбайнераў у напарнікі далучаюць маладых, каб яны маглі пераймаць вопыт і праз некалькі гадоў ў такім жа рытме працягнуць справу сваіх настаўнікаў.
– Якія культуры ўжо ўбраны з палёў і якія паказчыкі ўраджайнасці сёлета?
– Азімы ячмень сабралі ўжо ва ўсіх гаспадарках. Агульны намалот склаў 402 тоны. Сярэдняя ўраджайнасць 30 цэнтнераў з гектара. У параўнанні з мінулымі гадамі гэта меншы паказчык. Хацелася б, канешне, мець больш. Але надвор’е значна ўмяшалася ў разлікі некаторых гаспадарак.
Закончылі ўборку і азімага рапсу, які быў пасеяны на 2868 гектарах. Яго ўраджайнасць парадавала. А калі разглядаць у разрэзе ўмоў надвор’я, то больш чым 24 цэнтнеры з гектара – гэта добры паказчык. Па ўраджайнасці рапсу мы на другім месцы ў вобласці. Ёсць і лідары – ААТ “Новая Прыпяць”, дзе намалацілі па 40 цэнтнераў з гектара. Дзяржзаказ па гэтай культуры ў нас 1400 тон. У самыя бліжэйшыя дні мы яго выканаем.
– Што да ўборкі збожжавых – ці ўсе гаспадаркі пачалі ўжо жніво?
–Літаральна сёння падключыліся да ўборкі апошнія гаспадаркі. Аднымі з першых жніво збожжавых пачалі ў КУВП “Манькавічы”. Яны і зараз ідуць добрымі тэмпамі. ААТ “Кароцічы” таксама актыўна ўбірае. Яны лідары па ўраджайнасці. З аднаго гектара збіраюць па 58 цэнтнераў збожжа.
Калі гаварыць пра тэрміны, то сёлета жніво пачалося на тыдзень раней. Гаспадаркі Столінскай зоны прыступілі да ўборкі першымі.
Пачалі актыўна выконваць дзяржаўны заказ па нарыхтоўцы збожжа. І першымі збожжа здалі ў засекі дзяржавы ААТ “Церабяжоў-Агра” і КСУП “АграГлінка”.
– Вы гаворыце пра дрэнныя ўмовы надвор’я, якія паўплывалі на добры ўраджай. Якія плошчы пацярпелі ад спёкі і вымаканняў?
– Вымаклі і засушаны палеткі больш, чым на адной тысячы гектараў. Найбольш пацярпелі ад ўмоў надвор’я КСУП “Варані” і КСУП “Струга”.
– Ці толькі ўмовы надвор’я і бальнасць зямлі сталі асноўным фактарам, што падзейнічаў на ўраджай?
– Не, так нельга сказаць. Бо ў гаспадарках, дзе выконвалі тэхналогію вырошчвання культур, дзе прымянялі ўсе сродкі па апрацоўцы, падкормцы і змагаліся са шкоднікамі, ура-джайнасць атрымалася нядрэннай. І гэта нягледзячы на нізкі працэнт бальнасці зямлі. Як прыклад – КСУП “Рухчанскі”. Па вырошчванні рапсу ў іх добры паказчык – 30,1 цэнтнера з гектара. А вось у тых, хто хацеў сэканоміць на сродках апрацоўкі, як КСУП “Струга” і «Варані», ураджайнасць рапсу 10,1 і 11,6 цэнтнера з гектара адпаведна.
– Якія прагнозы на гэтае жніво?
– Плануем, што сёлета збяром з палёў каля 62 тысяч тон збожжа без уліку кукурузы. Плануем ураджайнасць 32-33 цэнтнеры з гектара.
– Ці ва ўсіх гаспадарках людзі працуюць у добрых умовах?
– Гэтае пытанне пад пільным кантролем. Таму наладжана двухразовае харчаванне, бо людзям даводзіцца дацямна праводзіць на рабоце. Выконваюцца ўсе правілы па тэхніцы бяспекі.
– У любой справе галоўнае – людзі. Каго з лепшых работнікаў гаспадарак вы маглі б адзначыць?
– Назаву аграномаў, на плячах якіх адказнасць як за сяўбу, апрацоўку, догляд палеткаў, так і за ўборку. Гэта аграном ААТ “Новая Прыпяць” Сяргей Уладзіміравіч Строк, аграном КСУП “Дубайскі” Віталь Віктаравіч Мышапуд, аграном ААТ “Церабяжоў-Агра” Сяргей Міхайлавіч Ракала, аграном СВК “Фядорскі” Ігар Аляксандравіч Гунько, аграном КСУП «Рухчанскі» Яўген Уладзіміравіч Агіевіч і многія іншыя, хто плённа і адказна працуе на палях Століншчыны.
– Дзякую за гутарку. Спадзяюся, што надвор’е не ўмяшаецца ў працэс уборкі і Століншчына завершыць жніво ў запланаваны час і з запланаванымі лічбамі.
Таццяна СЕГЕН