Усё можа муляр
13.08.2018
—
Разное
|
Аляксандр Фенька носіць званне «Ганаровы будаўнік» і, разам са сваімі калегамі, фактычна пабудаваў увесь новы шматпавярховы мікрараён Стоўбцаў. Па абноўленай магістральнай вуліцы райцэнтра, вуліцы Цэнтральнай, прайшло нядаўна святочнае шэсце з нагоды 425-годдзя Стоўбцаў. Прыгожае відовішча было дапоўнена інфармацыяй аб тым, што ў калоне ПМК-233 крочыў і Аляксандр Фенька, уладальнік нагруднага знака Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь «Ганаровы будаўнік». Менавіта яго прозвішча прагучала з дынаміка на ўвесь горад, менавіта на яго заслугі перад раёнам і краінай была звернута ўвага ўсіх стаўбчан і шматлікіх гасцей свята. Аляксандр Фенька – адзіны ў ПМК, хто ўдастоены ганаровага звання за сваю прафесійную дзейнасць. На званні і рэгаліі Аляксандр Іванавіч увагу звяртае мала, затое работа ў яго руках кіпіць. На будаўнічым аб’екце ўсё можа муляр, а, дакладней, брыгадзір муляраў! Калісьці заямнаўскі хлопец пры выбары месца працы аддаў перавагу менавіта ПМК-233. Асноўная прычына – тут ужо працаваў яго старэйшы брат Уладзімір. Мулярам. Як было не пайсці ўслед за братам?! Ды і на двары быў пачатак дзевяностых – час разладу і няўпэўненасці. Многія маладыя людзі пасля развалу вялікай краіны не ведалі куды ісці, што будзе далей… У Аляксандра была яшчэ і ўласная калізія: так атрымалася, што пасля заканчэння дзесяці класаў не змог здаць выпускныя экзамены. Быў фізічна моцны, заўсёды любіў фізкультуру, а тут не пашанцавала выпускніку – якраз зламаў нагу. Сёння ён з удзячнасцю, а не з пачуццём шкадавання, прыгадвае збег усіх тых абставін. ПМК у той час грымела на ўвесь раён. Аб’ектаў было многа, і спецыялісты былі патрэбны. Моладзь з ахвотай набіралі і давалі магчымасць на месцы асвоіць прафесію. Будучы падсобнікам, Аляксандр вучыўся ўсяму, у тым ліку і як рабіць кладку. Дапамог яму ў гэтым Аляксандр Мазур, іншыя вопытныя работнікі. «Бяры цэглу ў рукі ды кладзі адну да другой. Што тут складанага?» – прыгадвае сёння Аляксандр Фенька тую сваю навуку, якая ў рэальнасці ўключала ў сябе асваенне комплексу сумежных прафесій, запатрабаваных у будаўніцтве. Гэта і цяслярскія навыкі, работа з бетонам і т. п. Сёння ў ганаровага будаўніка – пяты кваліфікацыйны разрад. Ён з’яўляецца брыгадзірам. Сам вучыць моладзь. У яго брыгадзе шчыруюць дзесяць чалавек. Сярод іх – старажыл Валянцін Грыцкевіч, вопытныя муляры Ігар Паляшчук, Дзмітрый Янкін і іншыя. Гэтай брыгадай, як сказана вышэй, узведзены ў райцэнтры амаль усе пяціпавярховыя цагляныя жылыя дамы на вуліцы Цэнтральнай. І ў забудове новай вуліцы Міру ёсць яе значны ўклад. Дзякуючы будаўнікам выраслі дамы, цэлыя кварталы, не адна вуліца ў горадзе… Яны ўзводзілі новы дзіцячы сад. Пашчыравалі і за межамі раёна. Да прыкладу, у беларуска-кітайскім індустрыяльным парку «Вялікі камень». Якая прыгажосць і стваральная сіла крыюцца ў прафесіі будаўніка! Добра помняцца Аляксандру Феньку першыя яго аб’екты – будынак суда раёна і «чырвоны» банк, аддзяленне аграпрамбанка. Праходзячы ці праязджаючы паўз гэтыя ўстановы, заўсёды нешта варухнецца ўнутры, напоўніць пачуццём сваёй карыснасці на гэтай зямлі. Сёлета, у Год малой радзімы, гаварыць пра след, пакінуты на роднай зямлі, асабліва прыемна. На бацькоўскай зямлі, у Заямным, Аляксандр Фенька стварыў сям’ю. Жыве яна ў доме, які пабудаваў галава сям’і ўласнымі рукамі. Дом прасторны – на два паверхі. Увішная гаспадыня ў ім – жонка Святлана. Яна працуе настаўніцай пачатковых класаў у Заямнаўскай школе. Гадуюць дзвюх дачок, 14 і 10 гадоў. «У сваім доме пастаянна знойдзецца работа, – адказвае на пытанне пра хобі Аляксандр Іванавіч і ўдакладняе: – Нікога не наймаем, самі ўсё зрабіць умеем». Да гэтай пары ў ПМК-233 працуе дынастыя братоў Фенькаў. Калі трэба, яны прыходзяць адзін аднаму на дапамогу. Старэйшы Уладзімір таксама пабудаваў дом, у Стоўбцах. Ён завочна вывучыўся і сёння займае пасаду галоўнага інжынера. Кожны з братоў выбраў свой няпросты шлях у будаўнічай прафесіі і сумленна ідзе па ім, нікуды не зварочваючы, не шукаючы лёгкага хлеба. – За дзень – не менш за «куб» кладкі. А можна – і ў паўтара раза больш. Тады будзе і заробак, – дзеліцца Аляксандр Фенька. У яго разважаннях – ні кроплі «ганаровасці». Ён па-ранейшаму такі ж хвацкі, роўны ў адносінах з калегамі. А клопат яго пра тое, каб былі аб’екты, маштабныя пляцоўкі, на якіх ёсць дзе разгарнуцца з яго ўменнем і вопытам. У 2016 годзе, пасля больш чым двух дзясяткаў гадоў працы мулярам у ПМК, Аляксандру Феньку было прысвоена званне ганаровага будаўніка. На ўрачыстую цырымонію ў Мінск ён ездзіў разам з дырэктарам, а нагрудны знак атрымаў з рук намесніка міністра архітэктуры і будаўніцтва рэспублікі. Рукі будаўнікоў, прывычныя да працы, не могуць без яе жыць… Таццяна ПЯТКЕВІЧ Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аляксандр Фенька носіць званне «Ганаровы будаўнік» і, разам са сваімі калегамі, фактычна пабудаваў увесь новы шматпавярховы мікрараён Стоўбцаў. Па абноўленай...
|
|