Майстрыца-чараўніца Раіса Аляксееўны Дарашчонак. 21.by

Майстрыца-чараўніца Раіса Аляксееўны Дарашчонак

13.08.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

IMG_2278 (Копировать)

Звычайна з выхадам на пенсію жыццё набывае спакойны размераны рытм. Здараецца і наадварот. Яно робіць сюрпрызы і адкрывае новыя гарызонты. Па словах маёй суразмоўцы Раісы Аляксееўны Дарашчонак, якая жыве ў гарпасёлку, цяпер менавіта так адбываецца з ёй.

Па прафесіі Раіса Аляксееўна швачка, прычым у яе гэта атрымліваецца вельмі добра, нават і на заслужаным адпачынку. У гады маладосці, каб атрымаць уласнае жыллё, яна ўладкавалася на працу на прадпрыемства меліярацыйных сістэм, а калі спатрэбілася паднімаць на ногі дзяцей — пайшла цялятніцай у саўгас “Шаркаўшчынскі”. Адтуль яна і пайшла на пенсію. Цяпер у жыцці Раісу Аляксееўну радуюць двое дзяцей і двое ўнукаў.
Пэўна, як і іншыя, спачатку яна не ведала, што рабіць на пенсіі, хаця невялікая гаспадарка заставалася, а таксама агарод і вялікі кветнік. Толькі чагосьці не хапала. Аднойчы прачытала ў “раёнцы”, што адкрылі аддзяленне для пажылых людзей, дзе працуюць гурткі па інтарэсах, вырашала туды пайсці і запісацца. І вось на працягу некалькі гадоў яна разам з іншымі жанчынамі ў аддзяленні займаецца рукадзеллем: пляце з бісерам, шые, вышывае і многае іншае. І гэта толькі невялікі пералік таго, што ўмее майстрыца-самавучка. Кожны выраб жанчыны непаўторны, ён захоўвае часцінку яе душы, цяпло рук.
Як толькі трапляеш у яе дом — разбягаюцца вочы. Вышываныя карціны, зробленыя ўласнымі рукамі рэчы настолькі захапляюць, што нават слоў не падбярэш, каб выказаць свае ўражанні.

Трэба адзначыць, што яна таксама займаецца кветкаводствам. Якія ў яе прыгожыя ружы, архідэі, традэсканцыі і многія іншыя кветкі! Акрамя жывёлы на падворку жанчына трымае трох папугаяў, якія радасна ціўкаюць у клетцы, сіямскага ката, сабаку. Трэба дадаць, што і ў двары, агародзе, садзе — таксама ідэальны парадак.

У Раісы Аляксееўны, як яна кажа, на пенсіі нібы адкрылася другое дыханне. Зроблена  ўжо нямала, а хочацца яшчэ і яшчэ. Фантазія і ўмелыя рукі вырабляюць арыгінальныя плеценыя рэчы (вазы, кошыкі), цудоўныя вышываныя карціны, якімі ўпрыгожаны дом гаспадыні, але амаль больш за палову жанчына падаравала сваім родным і суседзям.

Калі хтосьці валодае выдатнымі музычнымі здольнасцямі і грае на некалькіх інструментах, яго называюць “чалавек-аркестр”. А вось як назваць таго, хто сваімі рукамі стварае цудоўныя вырабы з розных матэрыялаў, у розных тэхніках? Майстар — залатыя рукі? Творца?
Раісу Аляксееўну жанчыны ў аддзяленні ласкава клічуць майстрыцай-чараўніцай. І гэтыя словы выдатна характарызуюць жанчыну, даюць ўяўленне пра яе дзейнасць. Яна валодае цудоўнымі якасцямі — талентам, творчай фантазіяй і жаданнем ствараць прыгожыя і незвычайныя рэчы. Заўсёды цікава сустракацца з творчымі людзьмі, але размаўляць з Раісай Аляксееўнай было асабліва прыемна. Пра свае захапленні ўмее расказаць так цікава, што заслухаешся.

Бывае, што сюжэты карцін падказваюць кіраўнікі гурткоў аддзялення Надзея Мартынава і Марыя Рыдзіка: ці то каляровую гаму, ці то нейкія дапаўненні. Штосьці знаходзіць у часопісах па рукадзеллю “Робім самі” і “Майстрыца”, якія выпісвае штогод.

— Гэта на першы погляд здаецца, што няпроста ствараць уласнымі рукамі прыгожыя рэчы, — усміхаецца Раіса Аляксееўна. — У рукадзеллі галоўнае, каб падабалася твая справа, было натхненне, душа да яе ляжала. І тады ўсё абавязкова атрымаецца. Пры наяўнасці ўсяго патрэбнага новая рэч можа з’явіцца за дзень. А ёсць такія вырабы, на якія спатрэбіліся месяцы працы.

Здаецца, няма таго, чаго не ўмее гэты творчы і апантаны справай чалавек, у яе руках просты матэрыял, нават непатрэбная маленькая рэч чароўным вобразам ператвараецца ў прыгожы твор рукадзельнага мастацтва.

Алена АНАНІЧ.

IMG_2279 (Копировать) IMG_2282 (Копировать) IMG_2283 (Копировать) IMG_2286 (Копировать) IMG_2287 (Копировать) IMG_2289 (Копировать) IMG_2290 (Копировать) IMG_2291 (Копировать) IMG_2293 (Копировать) IMG_2296 (Копировать)

Оставить комментарий

 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика