Гэта і наша вайна. 21.by

Гэта і наша вайна

17.08.2018 09:02 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Горад Камп’ён рэгіёна Пікардыя, прыгарадны лес дэпартамента Уаза з чыгуначнай станцыяй Рэтонд, 11 лістапада 1918 года, 5 гадзін 10 хвілін, асабісты вагон – пераабсталяваны вагон-рэстаран кампаніі “Grandes Express Europeens”, які ўваходзіў у склад штабнога цягніка – французскага маршала Фердынанда Фоша, галоўнакамандуючага арміі Антанты. (Пасля, да новай вайны, будзе насіць назву Wagon de L’ Frmistice – вагон перамір’я. Спалены войскамі СС у красавіку 1945 года). Тут у гэты момант маршал Фош і англічанін адмірал Рослін Уіміс падпісалі з прадстаўніком Германіі генерал-маёрам Дэтлафам фон Вінтерфельдтам перамір’е. У 11 гадзін яно ўступіла ў сілу. У гонар гэтага прагучаў 101 артылерыйскі залп – апошнія выстралы вайны.

Так падыйшла да свайго канца вайна, якая расцягнулася на доўгія чатыры з лішкам гады, вайна нябачная да таго ў свеце. Пасля яна атрымае назву Першая сусветная. Слухаючы тую сотню выстралаў, народы Зямлі шчыра спадзяваліся, што гэтая бяда больш ніколі не паўторыцца. Мудры маршал Фош, калі пасля прачытаў тэкст Версальскага мірнага дагавору, хмура заўважыў: “Гэта не мір, гэта перамір’е на дваццаць гадоў”. Маршал памыліўся ўсяго на два месяцы.

Чаму чалавецтва паверыла ў апошнюю вайну. Вынікі той Сусветнай былі страшэнныя. Абодва ваюючыя бакі панеслі нябачныя раней страты – на фронце амаль дзесяць мільёнаў загінуўшых. Калі ж да іх прыкласці ахвяры ад выкліканых вайной бед – ад голада, хвароб і эпідэмій – то лічба гэтых страт павялічваецца ўдвая. Лічбы прыблізныя, бо ніхто ніякіх падлі-каў не вёў.

Удзельнікам гэтай сусветнай катастрофы была і Расійская імперыя, якая ў выніку рэвалюцый аказалася за бортам і перамір’я, і міра. Расія, якая здрадзіла саюзнікам і заключыла сепаратны мір, апынулася ў незайздросным становішчы, як і краіны, што прай-гралі вайну. За ўсё, то суровая аксіёма, трэба абавязкова плаціць, па поўнай меры. На мой погляд, найбольш адэкватную характарыстыку таго моманту зрабіў Уінстан Чэрчыль, англійскі ваенны міністр. “Ні да адной краіны лёс не быў такі жорсткі, як да Расіі. …Усе ахвяры былі ўжо прынесены, уся работа завершана. …Працяглыя адступленні закончыліся, снарадны голад пераадолены, узбраенне пацякло шырокім патокам.” І У. Чэрчыль, абараняючы цара, робіць вобразны вывад: “Трымаючы перамогу ўжо ў руках, яна (Расія – М.П.) ўпала на зямлю, зажыва, як старадаўні  Ірад, пажыраемая чарвякамі.”

Наша Беларусь, відаць так наканавана ёй лёсам, у чарговы раз была тэатрам баявых дзеянняў (які абсурд, параўноўваць вайну з тэатрам) і, як пакажа гісторыя, не апошні раз. Спачатку перажыла бежанства з Польшчы, а пасля і сама кінулася ў гэты невядомы шлях. Шмат чаго адбывалася на нашай зямельцы: прасоўванне лініі фронту, “выпаленая зямля”, акопы, параненыя і забітыя, нямецкая акупацыя…

Непасрэдна ў баявых аперацыях расійскіх войск на разнастайных франтах, ад Балтыкі да Чорнага мора, на Закаўказзі і нават у Францыі, прымалі ўдзел звыш 930 тысяч беларусаў, 70 тысяч з іх загінула.

Нельга абыйсці бокам адносіны да Першай сусветнай вайны ў савецкі час. Гэта непасрэдна паў-плывала на памяць, многія баяліся, а іншыя саромеліся прызнавацца ў тым, што яны самі альбо іх продкі ўдзельнічалі ў вайне. Не ведаю, наколькі сумленна ваявалі за веру праваслаўную самі праваслаўныя, тым больш мусульмане і іудзеі Расіі. За цара не захацелі класці галовы ўсе без розніцы ў веравызнанні, і ў большасці здрадзілі, але за Айчыну ішлі ў бой і аддавалі сваё жыццё сумленна. І не прызнаваць тое – ганебна. Лічу, што загінуўшым крыўдна і балюча ад нашага бяспамяцтва, бессаромнасці, тым больш ад ганьбы. Подзвіг любога воіна, які выконваў прысягу і абараняў Айчыну, не павінен быць забыты. І не істотна, якая ўлада была ў краіне.

Толькі чатыры гады таму адбыўся станоўчы паварот да падзей 1914–1918 гадоў і на тэрыторыі былой Расійскай імперыі. Адшумелі і ў нас скудныя мерапрыем ствы з нагоды 100-годдзя пачатку вайны, і што цяпер? Ведаю, што ў большасці краін яны не былі спынены ў 2014-м, тым больш, што ў Францыі, Бельгіі, ЗША, Веліка-брытаніі і краінах, якія ўваходзяць у садружнасць каралеўства, святкавалі заўсёды, таму яны і доўжацца да года сённяшняга. Паэтапна, няспынна.

 Ніякая не тайна, што ў большасці многае на тэрыторыі Беларусі здзейснена сіламі няўрымслі-вых актывістаў, звычайных грамадзян. Выдатна, што нядаўна і Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі пачало варушыцца ў гэтым кірунку.

Іх агульнымі намаганнямі зроблены пачатак вяртання нашчадкам імёнаў удзельнікаў вайны. Герояў вайны. Герой не толькі той, хто здзейсніў нейкі экстрэмальны ўчынак, бо любы салдат, які здольны быў сядзець у акопе, а тым больш падняцца з яго, павінен быў праявіць мужнасць. Прымерайце на сабе сітуацыю.

Хачу пазнаёміць з наступным матэрыялам. Вернутыя гісторыі першыя імёны ўдзельнікаў Вялікай вайны, за апошні час яны ўжо тройчы ўдакладняліся і папаўнялі-ся. На Пружанскі павет прыпадае 1119 імёнаў. Адразу адзначу, што сярод загінуўшых, прапаўшых без вестак і параненых некаторыя прозвішчы сустракаюцца двойчы: паранены, а пасля загінуў; паранены і прапаў праз час без вестак. Таму зразумела, што колькасць асоб крыху меншая названай лічбы. Дадзеныя датуюцца кароткім тэрмінам: 1914 і 1915 гады. Відаць, што пасля справаводства вялося не так адказна, а яшчэ горш, што, магчыма, спіскі страчаны наогул. У дадзеных імянных спісках надзвычай шмат неда-кладнасцяў, памылак, скарачэнняў. Некаторыя з іх зроблены ўжо ў наш час, не заўсёды разбярэш почырк пісараў, тым больш, калі прозвішчы і назвы мясцін не на слыху.

Для артыкула прывяду прозвішчы загінуўшых і прапаўшых без вестак па Сялецкай воласці. Дакладнасць некаторых імёнаў зверана па іншых крыніцах.

Загінуўшыя, іх восем: ст. унтэр-афіцэр Амельяновіч Даніла Мікалаевіч, радавыя: Александровіч Франц Цімафеевіч, Бартноўскі Восіп Феліксавіч, Галуска Міхаіл, Аляшкевіч Фама Восіпавіч, Сялец, памёр ад хваробы; Сідаровіч Мікалай; Стасюк Іван Восіпавіч, Лагісы, 1883 г.н., 30 жніўня паранены, а 3.11.1914 года загінуў; Юркевіч Восіп Дзям’янавіч, Чарнічнае.

Прапаўшыя без вестак: Велясевіч Васіль Аляксеевіч (Ясявічы), Велясевіч Іван (Нарутавічы?), Валадаўскі Нікіфар Іванавіч, Гавенчык Восіп Сцяпанавіч (Пляхаўшчына), Дзем’яновіч Іван Ільіч (Асаўцы), Каляда Аляксандр Восі-павіч (Сялец), Каташэвіч Іван Фёдаравіч, Кац Сруль Хаімавіч, Кудрэйка Іван, Кутнюк Фама Восі-павіч, Мінько Андрэй Данілавіч (Селаўшчына), Несцяровіч Сідар Адамавіч (Асаўцы), Пікула Аляксандр Міхайлавіч (Сялец), Пракапчук Антон (Панасавічы), Прыгодзіч Карп Васільевіч (Сашыца), Радкевіч Васіль Восіпавіч (Ясявічы), Радкевіч Міхаіл Лаўрэнавіч, Ратнэр Восіп Беркавіч, Рындзюк Сцяпан Кірылавіч (Аніцавічы), Сідаровіч Аляксей Рыгоравіч (Пляхаўшчына), ст. унтэр-афіцэр Скробат Васіль Міхайлавіч (Сашыца), яфрэйтар Скробат Васіль Фаміч (Пляхаўшчына), Тарасевіч Сцяпан Варфаламеевіч (Сашыца), Фятчэня (Хвядчэня) Пётр Якаўлевіч?, (Асаўцы?), Фядотаў Мікалай Уладзіміравіч (з дваран маёнтачка Бухалі), Халюта (на самой справе Хілютка) Аляксей Сцяпанавіч (Ясявічы), Хацяноўскі Казімір, добраахвотнік Хыдчанка Сцяпан Ільіч, Чыбук Кірыл Фёдаравіч (Асека), Юзеповіч Іван Міхайлавіч (Варажбіты), Юркевіч Макар Іванавіч (Лагісы).

З параненых назаву толькі некалькі прозвішчаў, тых, каго змог знайсці і вызначыць іх месца нараджэння і пражывання: падпрапаршчык лейб-гвардыі Сямёнаў-скага палка Еўтуховіч Вас. Лаўрэн. (Сашыца), ст. унтэр-афіцэр Шантыка Ал-др Марцін. (Сялец), малодшыя феерверкеры Тарасевіч Іван Акім. (Нарутавічы) і Хвядчэня Вас. Мікал. (Асаўцы), радавыя: Здановіч Ал-др Антон. 150 Таманскі полк, Здановіч Восіп Сямён., 6-ты улан. Валынскі полк, 2 эскадрон, Здановіч Міх. Восіп., 42 арт. брыгада, 4-я батарэя, Багданчык Мік. Іван., 28 Каўказскі стр. полк, Вашкевіч Восіп Міх., 57 пяхотны Модлінскі полк (усе з Сяльца), Здановіч Васіль Антон. (Пляхаўшчына; імянны спісак №231 забітых, параненых і прапаўшых без вестак ніжніх чыноў – стар. 3693), Хвядчэня Емяльян Емяльянавіч (Сашыца), апалчэнец Паследні Сцяпан Міхайлавіч (Сялец), радавы Тарасевіч Дзям’ян Мацвеевіч, 728 пях. Крапівенскі полк (Нарутавічы), Салавей Пракопій Сцяпан., грамадзянскае ведамства (Асаўцы).

Р. S. Засталося яшчэ паўтара дзясятка прозвішчаў параненых. Калі спатрэбіцца, то надрукуем.

Мікалай ПЕЙГАН, аг. Сялец.

На фота: бежанцы ў Бярозе, 1915. З кнігі “In West und Ost: Kriegsbilder aus der Geschichte der 47. Reserve-Division nebst einer Einleitung und eienr Ubersichtskarte”, прадстаўленай Аляксандрам Кендай.

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вынікамі даследавання ўдзелу ў Першай сусветнай вайне жыхароў Сялецкай воласці Пружанскага павету з рэдакцыяй “Маяка” падзяліўся гістрык-краявед Мікалай...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика