Мядовы Спас у Альбуці
21.08.2018
—
Разное
|
У суботу, напярэдадні мядовага Спаса па царкоўным календары, у Альбуці прайшло яркае тэматычнае свята. Арганізатарамі яго выступілі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Стаўбцоўскага райвыканкама. Мастацкія калектывы Стаўбцоўшчыны з Наваколасаўскага дома культуры, «Дольніца» – з Горкаўскага дома культуры, «Гарэзы» – з Шашкоўскага дома культуры, дуэт «Пяшчота» – з Вішнявецкага дома культуры, танцавальны гурт узорнага харэаграфічнага ансамбля «Лявоначкі» раённага Цэнтра культуры сустракалі гасцей у найпрыгажэйшым куточку коласаўскіх мемарыяльных мясцін у Альбуці. Вясёлыя музычныя выступленні абуджалі наваколле і стваралі вясёлы настрой. У гэтую касцюміраваную праграму добра ўпісалася тэатралізаванае прадстаўленне «Знахарчыны забавы». Стаўбцоўскі цэнтр народнай творчасці прадставіў выставу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Госці з Мінска – пісьменнікі, паэты, журналісты, мастакі, прадстаўнікі паліграфічнага камбіната імя Якуба Коласа, Нацыянальнага банка – і іншыя прыезджыя не скрывалі свайго захаплення, адразу адчулі кантраст гэтага зацішнага ўтульнага куточка з гаманлівай шумнай атмасферай сталіцы. Дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Зінаіда Камароўская на ўрачыстым адкрыцці адзначыла, што свята ў Альбуці «Мядовы Спас» прыўрочана да 95-годдзя паэмы «Новая Зямля» – неперасягнутага вершаванага шэдэўра народнага побыту. Гумар і сакавітасць слова з раздзела «Падгляд пчол» паэмы Коласа па-майстэрску сумеў перадаць Міхась Міткевіч. У летні поўдзень – была спёка – Выходзіць рой, снуе высока І на вярбе ўгары садзіцца – Ніяк туды не даступіцца. Антось бярэ куродым, сіта, Глядзіць на гэты рой сярдзіта: Вось не было яшчэ бяды! Загнаў жа чорт яго туды!… А патрывожаныя пчолы Спяваюць хорам, як анёлы, Але кусаюць па-чартоўску… Коласавы радкі прымушаюць кожнага ўсміхнуцца, мысленна ўявіць гэтыя малюнкі, атрымаць асалоду ад такой багатай паэзіі. Мёд, толькі што адкачаны, духмяны, даставіла на свята сям’я стаўбчан Халявінскіх. Па хрысціянскай традыцыі на свята быў запрошаны благачынны прыходаў стаўбцоўскай акругі протаіерэй Аляксандр Марцінчык, які здзейсніў чын асвячэння мёду новага ўраджаю. Духмяны гаючы прадукт можна было паспрабаваць з агурком, са свежым хлебам, з гарбатай з траў. Выдатны падарунак мемарыяльнай сядзібе ў Альбуці зрабіла памочнік міністра сувязі Наталля Аляшкевіч. Яна пакінула ў дар музею паштовую марку «Пчалярства ў Беларусі» ў прыгожай рамцы, якая на міжнароднай выставе ў Польшчы, куды прадставілі свае экспанаты 70 краін свету, была названа ў ліку лепшых. Выказваючы ўдзячнасць за такі падарунак, Зінаіда Камароўская адзначыла і тое, што дзякуючы Міністэрству сувязі напрыканцы жніўня будзе здзейснена адкрыццё мемарыяльнай дошкі з нагоды 100-годдзя пражывання Якуба Коласа на Куршчыне. У праграме свята з цікавасцю быў успрыняты своеасаблівы майстар-клас галоўнага пчаляра Стаўбцоўскага лясгаса Міхаіла Каўгарэні па доглядзе пчол, вядзенні пчалапасекі. Урач-касметолаг цэнтральнай раённай бальніцы Наталля Бандаровіч правяла карысную размову аб выкарыстанні мёду ў касметычных мэтах. Райбальніцай былі падрыхтаваны інфармацыйныя буклеты «Мёд – здароўе, а здароўе – гэта прыгажосць». З апетытнымі блінамі, шашлыкамі завіталі на свята працаўнікі райспажыўтаварыства, што было дарэчы перад загавеннем на Успенскі пост, які пачынаецца ў дзень мядовага Спасу 14 жніўня і доўжыцца да вялікага хрысціянскага свята – Успення Прасвятой Багародзіцы. Тэатралізаваная ўрачыстасць на маляўнічым улонні прыроды дапамагла гараджанам добра адпачыць, жадаючыя маглі набыць мёд дамоў, пачаставацца ім падчас урачыстасці. Дырэктар Стаўбцоўскага цэнтра народнай творчасці Марына Халецкая запрасіла ўсіх на майстар-клас па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Было праведзена шмат гульняў, віктарын, што таксама спрыяла добраму святочнаму настрою. Можна было набыць падарункавае выданне «Новая зямля» і сувеніры з коласаўскай тэматыкай. Святлана ЖЫБУЛЬ Фота Аляксандра ПЯТРОВА Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У суботу, напярэдадні мядовага Спаса па царкоўным календары, у Альбуці прайшло яркае тэматычнае свята. Арганізатарамі яго выступілі Міністэрства культуры...
|
|