«Бярозы спілавалі незаконна?», «Праблемная» жыхарка інтэрната», «Аб’ект крадзяжу – рухавік лодкі»…
Злодзей выяўлены
13 жніўня па матэрыяле РАУС узбуджана крымінальная справа ў адносінах да 63-гадовага жыхара вёскі Ганцавічы.
3 жніўня мужчына ўкраў паваротны круг прычэпа. Тым самым злодзей нанёс матэрыяльны ўрон КФГ «Сам-Агра» на 318 рублёў.
Аб’ект крадзяжу – рухавік лодкі
13 жніўня па матэрыяле РАУС узбуджана крымінальная справа па заяве жыхара Ганцавіч 1967 года нараджэння. Неўстаноўленая асоба 11 жніўня, знаходзячыся на ўчастку вадасховішча «Лактышы», украла рухавік з лодкі, якая належыць заяўніку.
Кошт матэрыяльнага ўрону пацярпелага – 1200 рублёў.
Памерла двухмесячнае дзіця
13 жніўня ў рэанімацыйным аддзяленні Ганцавіцкай ЦРБ памерла дзіця ва ўзросце двух месяцаў. Праверку праводзіць РАСК.
«Праблемная» жыхарка інтэрната
14 жніўня ў міліцыю паступіла паведамленне каменданта інтэрната Ганцавіцкай РЖКГ.
Жанчына расказала, што адна з жыхарак інтэрната, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, курыць. Пры гэтым у яе на пліце згарэла ежа, з-за чаго спрацавала пажарная сігналізацыя. У адносінах да парушальніцы парадку складзены адміністрацыйны пратакол па ч. 1 арт. 17.3 КоАП Рэспублікі Беларусь.
Дзве смерці за паўгадзіны
15 жніўня ўзбуджана крымінальная справа ў адносінах да мужчыны, які падчас сваркі з былой жонкай нанёс апошняй не менш чым восем удараў нажом у розныя часткі цела. Ад атрыманых цялесных пашкоджанняў жанчына памерла на месцы здарэння. Амаль адразу пасля гэтага сам забойца пакончыў з жыццём у гаражы па вуліцы Заводскай.
Прапажа качанят
16 жніўня ў РАУС паступіла паведамленне жыхаркі райцэнтра П. Жанчына расказала, што ў яе прапалі 32 качаняты і 2 вялікія качкі. А недалёка яна бачыла лісу. Матэрыял накіраваны ў РАС РДГА БТПР.
Бярозы спілавалі незаконна?
17 жніўня ў міліцыю звярнуўся жыхар Хатыніч, які расказаў, што аднавяскоўка і яе знаёмы незаконна спілавалі дзве бярозы. Матэрыял праверкі накіраваны ў Ганцавіцкую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Зарэзаў жонку і ўцёк
19 жніўня на прасёлкавай дарозе ад вуліцы Савецкай да МТФ № 4 ААТ «Бярозавец» у Малькавічах знойдзены труп мясцовай жыхаркі 1977 года нараджэння.
Устаноўлена, што забойства жанчыны здзейсніў яе былы сужыцель. Пасля злачынства мужчына ўцёк з месца здарэння. Ганцавіцкім РАСК узбуджана крымінальная справа па ч. 1 арт. 139 КК РБ.
Сямейныя разборкі
19 жніўня ў РАУС звярнуўся жыхар Ганцавіч і расказаў, што, калі прыехаў да былой жонкі, каб наведаць дзіця, былая цешча яго не пусціла, а цацкі для дзіцяці выкінула ў агарод.
Зводкі чытала Вікторыя ПРЫКОТА.