Убрана – 602 га
Намалочана – 1294 тоны
Ураджайнасць – 21,5 ц/га
Ніна Васільеўна Шынкарэвіч у КСУП “Варані” са студэнцкіх гадоў. Яшчэ падчас навучання ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках праходзіла тут практыку.
І маці, і бацька дзяўчыны працавалі ў гаспадарцы, ведала, што хлеб дастаецца ім нялёгкай працай, але вырашыла пайсці па іх кроках. Першае працоўнае месца – аграном-насеннявод.
З 2005 года і па сёння займае пасаду галоўнага агранома. Кола абавязкаў шырокае: работа ў полі, тэхналогія ўсіх вытворчых працэсаў у раслінаводстве, распрацоўка сістэмы прымянення ўгнаенняў і аховы раслін…
– Настойлівая, адказная, самакрытычная, – такія характарыстыкі падначаленай дае яе кіраўнік – Генадзь Уладзіміравіч Наздрын. – Яна ў нас у раслінаводстве адна, работы заўжды хапае, з абавязкамі спраўляецца…
На землях з бальнасцю ніжэй за 20 галоўная задача агранома – узважанае складанне севазвароту. Ніна Шынкарэвіч шчыра ўдзячна дырэктару, які некалі сам працаваў аграномам, і за добрую параду, і за падтрымку.
Гарачая ўборачная пара, ненарміраваны рабочы графік… Крыху лягчэй мясцоваму аграному толькі ў асенне-зімовы перыяд, але і тады даводзіцца папрацаваць. Праўда, ужо на будучы ўраджай, рыхтуецца да новага сезона.
Разам з мужам Вадзімам Ніна Шынкарэвіч гадуе дачку Дашу, якой споўнілася 15 гадоў. Менавіта з ёй праводзіць свой вольны час Ніна Васільеўна, стараецца ўдзяліць увагу, пасакрэтнічаць, прыгатаваць штосьці смачненькае: рагалікі, дранікі ці піцу.
Тэкст і фота Ліліі ГУШЧА