На «Хутарок» і ў «Бацькоўскі дом»
27.08.2018
—
Разное
|
У нашым раёне зарэгістраваны 27 аграэкасядзіб, якія ўваходзяць у беларускі турыстычны рынак, адметны такім нацыянальным прадуктам, як адпачынак у вёсцы. Звярнула ўвагу тое, што з 27 сядзіб шэсць размешчаны на тэрыторыі Шашкоўскага сельсавета. А з гэтых шасці дзве – у вёсцы Тулёнка. Іх мы і наведалі. Сяргей Канашэнка толькі што падаіў казу, сустракае нас з вядром, гасцінна запрашае ў пакоі, аздобленыя на самы сучасны лад з адмысловым дызайнам інтэр’ера і ўсімі неабходнымі санітарна-бытавымі ўмовамі для пражывання. Мы не адмаўляемся пачаставацца сырадоем. Даведаўшыся, што ён палкоўнік запасу, паджартоўваем наконт яго клопатаў з казой. Ён жа лічыць для сябе такія навыкі здабыткам, і мы – таксама. Хіба не ўзвышае чалавека тое, што ён сумеў трымаць маленькую птушкаферму з цацаркамі, індыкамі і іншай экзатычнай і звычайнай дамашняй птушкай, і выдатна з гэтым спраўляецца. Сяргей Канашэнка – адзін з многіх у сферы агратурызму, хто вярнуўся на сваю малую радзіму і заняўся такім бізнесам. Робіць ён гэта з вялікім густам, са сталічным уяўленнем аб камфорце, дызайне, запытах турыстаў. Служыў у Маскве, дзе доўгі час і жыў. Стаўбчанін родам, ён адкрыў аграсядзібу ў Тулёнцы, тут радавыя карані яго маці. Пабудаваў (і яшчэ будуе) дыхтоўны дом для пражывання, адмысловую лазню, абсталяваў куточкі з навесамі для адпачынку. Турысты могуць правесці час як у доме, так і на ўлонні прыроды, пасмажыць шашлыкі. Безумоўна, ніхто не адмаўляецца ад лазні. Можна ўзяць веласіпеды напракат, здзейсніць падарожжа па вясковых і лясных дарогах. Сяргей Георгіевіч расказвае, што паслугамі аграсядзібы карыстаюцца гарадскія сем’і, карпаратыўныя кампаніі, моладзь, студэнты, якія хочуць адпачыць ці адсвяткаваць дзень нараджэння або якую падзею, правесці час разам ля мангала, «пакарміць» камароў, паспяваць пад гітару. У Сяргея Георгіевіча нямала планаў па развіцці месца адпачынку, ён знаёміць нас з будоўляй, якая вядзецца. «Канёк» аграсядзібы «Хутарок» і ў тым, што гаспадар можа па ўсіх правілах папарыць у лазні, прапанаваць эксклюзіўныя рэцэпты гарбаты, мясных страў, дапамагчы прыгатаваць іх, і турысты такую смакату могуць паспрабаваць толькі тут, таму што рэцэпты гэтыя – аўтарскія. Ды і зносіны з камунікабельным Сяргеем Канашэнкам даставяць пастаяльцам сядзібы прыемныя мінуты, і захочацца яшчэ раз сюды прыехаць адпачыць. Аграсядзіба «Бацькоўскі дом» з’явілася ў Тулёнцы дзякуючы старанням сям’і Віктара і Алы Гайдукевічаў. Гэта бацькоўскі дом Алы Андрэеўны, таму назва сядзібы надзвычай удалая. Гаспадары сумелі захаваць усе каштоўныя рэчы побыту, ікона на покуце – таксама матчына. Гэты аб’ект агратурызму ў раёне шырока вядомы тым, што тут арганізуюцца вясельныя, юбілейныя, афіцыйныя застоллі з колькасцю гасцей 60 чалавек. Нас уражвае, што пачынаючы з лета і да самай позняй восені зроблены заказы на ўсе выхадныя дні. Зала, дзе накрываюцца святочныя сталы, з вялікім густам аформлена. Пунсовы колер макаў кантрастуе з цнатлівасцю вясельнага – белага. Ала Андрэеўна гаворыць, што вялікую дапамогу ёй у такім сучасным афармленні на самым высокім узроўні, у прыгатаванні страў і ўпрыгажэнні сталоў аказвае яе сястра Тамара, у мінулым – загадчыца вытворчасці сталовых Міністэрства ўнутраных спраў з вялікім вопытам работы. Ала Андрэеўна і Тамара Андрэеўна – дзве сястры з шасцярых дзяцей у шматдзетнай сям’і іх бацькоў. Калі нам паведамляюць, што ўсе застоллі рыхтуюцца толькі сіламі сваёй сям’і, мы ўяўляем, якая нагрузка ляжыць на гаспадарах сядзібы. У такія дні на дапамогу прыязджае сын Віталій з Фаніпаля. Тут прымаюць і турыстаў на працягу ўсяго года. Таксама з усімі запатрабаванымі атрыбутамі адпачынку на прыродзе – лазняй, шашлыкамі пад разгалістымі кронамі дрэў. Экзотыкай сядзібы з’яўляецца жывы куток, дзе ходзяць фазаны, паўліны, пара незвычайных галубоў і іншыя прыгожыя экзатычныя насельнікі. Сям’я Віктара і Алы Гайдукевічаў пераехала на бацькоўскую сядзібу з Фаніпаля, дзе ў іх таксама быў бізнес, а значыць – і каштоўны вопыт дзейнасці ў гэтым напрамку. Настолькі багаты, што Ала Андрэеўна адкрыла ў вёсцы прыватны магазін у былым будынку крамы райспажыўтаварыства. У маладосці яна пачынала ў гэтым магазіне сваю працоўную дзейнасць. Яе прыватны магазін – узор сучаснага дызайну, культуры абслугоўвання. У адзіным у Тулёнцы стацыянарным магазіне пакупнікі могуць набыць усе неабходныя прадукты харчавання ў належным асартыменце. Віктар Гайдукевіч узяў на сябе ўсе арганізацыйныя клопаты, узначаліў кааператыў па пракладцы газу ў вёсцы Тулёнка, і год назад блакітнае паліва паступіла ў вясковыя дамы. Сям’я Гайдукевічаў выклікае вялікую павагу ў землякоў і ва ўсіх, хто з імі хоць раз сутыкнуўся. Аграсядзібы ў Тулёнцы – яскравы прыклад, што вясковы турызм паспяхова развіваецца ў нашым раёне. Стаўбцоўшчына з яе надзвычай маляўнічымі мясцінамі становіцца вядомай за межамі краіны, так як паслугамі аграсядзіб карыстаюцца расіяне і нават турысты з дальняга замежжа. Святлана ЖЫБУЛЬ На здымках: Сяргей Канашэнка ў прыемных клопатах; Віктар Гайдукевіч на сваіх угоддзях; сёстры Тамара Волк і Ала Гайдукевіч; сядзібы «Хутарок» і «Бацькоўскі дом». Фота Васіля ЗЯНЬКО Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У нашым раёне зарэгістраваны 27 аграэкасядзіб, якія ўваходзяць у беларускі турыстычны рынак, адметны такім нацыянальным прадуктам, як адпачынак у вёсцы. Звярнула...
|
|