З АПЕРАТЫЎНЫХ ЗВОДАК ТЫДНЯ
За дзень – тры крымінальныя справы
28 жніўня па матэрыялах Ганцавіцкага РАУС узбуджана адразу тры крымінальныя справы. Першая – у адносінах да жыхара аграгарадка Люсіна В., які 28 чэрвеня ў стане алкагольнага ап’янення пасварыўся са сваёй 74-гадовай маці і нават пагражаў яе забіць. У другой крымінальнай справе абвінавачваецца жыхар в. Будча М. Ён у перыяд з 21 ліпеня па 8 жніўня, таксама знаходзячыся ў нецвярозым стане, выкарыстаўшы знойдзены ключ, забраўся ў дом аднавяскоўца і з кішэні плашча ўкраў 100 рублёў. І, нарэшце, яшчэ адна крымінальная справа распачата ў адносінах да жыхара райцэнтра В., які 8 жніўня скарыстаўся чужой банкаўскай карткай і незаконна зняў з яе грашовыя сродкі ў памеры 100 рублёў.
З сякерай на жонку
29 жніўня ў 18 гадзін 11 хвілін у райаддзел унутраных спраў паступіла паведамленне жыхаркі г. Ганцавічы С. аб тым, што муж пабіў у доме аконныя шыбы і ганяецца за ёй з сякерай. Складзены адміністрацыйны пратакол.
Па наркотык у вёску
30 жніўня днём у міліцыю патэлефанаваў жыхар г. Ганцавічы М., які паведаміў аб тым, што ў в. Гута стаіць аўтамабіль «Рэно-Сцэнік» без рэгістрацыйных нумароў і вадзіцель звяртаецца да вяскоўцаў з прапановай прадаць яму макавую саломку. Праверку праводзіць Ганцавіцкі РАУС.
Знікалі рэчы, грошы, дакументы…
31 жніўня жыхар райцэнтра М. заявіў у міліцыю, што з яго кватэры сталі знікаць рэчы, грошы і дакументы. Праверку праводзіць РАУС.
Скандал у чужым доме
1 верасня ў 20 гадзін 11 хвілін у райаддзел унутраных спраў паступіла паведамленне жыхаркі в. Кукава К. аб тым, што да яе дамоў прыйшоў п’яны аднавясковец Ж. і ўчыніў скандал. Складзены адміністрацыйны пратакол.
Каб ніхто не бачыў
2 верасня ў 11 гадзін 15 хвілін дырэктар ААТ «Адраджэнне» паведаміў у Ганцавіцкі РАУС, што ноччу два работнікі сельгаспрадпрыемства адключылі відэаназіранне ў машынна-трактарным парку, каб украсці дызельнае паліва. Супрацоўнікамі РАУС праводзіцца праверка.
Зводкі чытаў Вячаслаў БУРДЫКА.