Восьмага верасня гаспадаром абласнога свята хлебаробаў стаў горад Высокае Камянецкага раёна. У мінулым годзе менавіта са Століншчыны — з Давыд-Гарадка, пайшла традыцыя праводзіць Дажынкі ў малых гарадах. Гэта дае магчымасць надаць новае аблічча такім населеным пунктам, палепшыць якасць жыцця людзей.
Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Васільевіч Ліс, звяртаючыся са святочнай сцэны да ўдзельнікаў Дажынак сардэчна падзякаваў жыхароў Высокага за работу па навядзенні парадку.
- Дзякуй за ўкладзеную працу, сілы і душу ў тое, каб у горадзе было ўтульна і камфортна жыць, вучыцца і працаваць, — сказаў губернатар.
Вітаючы галоўных герояў свята – хлебаробаў, старшыня аблвыканкама адзначыў, што сёлятнее жніво стала сур’ёзным экзаменам для аграрыяў.
- Хлеб ніколі не бывае лёгкім. А ў гэтым годзе яшчэ і надворе’е дадало хваляванняў. Жніво патрабавала вялікіх фізічных і маральных намаганняў, — заўважыў кіраўнік вобласці. – У няпростых умовах шмат залежала ад надзейнасці тэхнікі, ступені гатоўнасці зернесушыльнай гаспадаркі, але галоўнае – ад людзей, іх адказнасці за лёс вырашчанага ўраджаю. Дзякуючы кіраўніцтву і зладжанай рабоце ўсіх працаўнікоў, жніво было праведзена арганізавана.
На жаль, па ўраджайнасці збожжавых на ўзровень мінулых гадоў, калі з кожнага гектара намалочвалі ў сярэднім па 36 цэнтнераў, выйці не ўдалося, але сёлетнія вынікі таксама добрыя. Пры ўраджайнасці 29 цэнтнераў з гектара, а гэта лепшы вынікі сярод абласцей краіны наогул, намалочана 930 тысяч тон збожжа.
Самы вагомы ўклад па агульным намалоце зерня ўнёс Баранавіцкі раён – 118 тысяч тон, Пінскі раён пКобрынскі.
Па ўраджайнасці ў перадавіках Баранавіцкі раён, дзе намалочана 33,8 цэнтнера з гектара, у Столінскім раёне – 32,7, Брэсцкім – 32,8. У Бярозаўскім, Драгічынскім, Жабінкоўскім раёнах сабралі 31 і больш цэнтнера збожжа з гектара.
Калі браць у разрэзе культур, то больш за 42 цэнтнера з гектара дала пшаніца на Століншчыне, у Жабінкоўскім і Брэсцкім раёнах – 39 і 38 адпаведна.
Сярод гаспадарак самая высокая ўраджайнасць збожжавых — 57 цэнтнераў з гектара, у ААТ “Асавецкі” Драгічынскага раёна. Па 53 цэнтнеры атрымалі ў гаспадарках “Вазнясенскае” Жабінкоўскага і “Агра-Кобрынскае” Кобрынскага раёна. Прыемна, што сярод лідараў – 49 цэтнераў, у ААТ “Новая Прыпяць” і 48 цэтнераў у “Палессі АВМ” Столінскага раёна.
Усяго на жніве 130 экіпажаў, што намалацілі больш за тысячу тон, ад паўтары да дзвюх тон – 11 экіпажаў і больш за дзве тысячы тон – тры экіпажы. Дарэчы, першымі тысячнікамі не толькі ў Брэсцкай вобласці, а і ў рэспубліцы наогул стаў сямейны экіпаж Валерыя і Таццяны Кухта з ААТ “Белавежскі” Камянецкага раёна.
- Жніво паказала нашы сілы і магчымасці, дало пэўныя ўрокі, — заўважыў Анатоль Васільевіч Ліс. – Дасягнутае павінна стаць падмуркам для выканання новых задач. А да завяршэння года ў аграрыяў яшчэ шмат работ. Трэба забяспечыць жывёлу кармамі на зімова-стойлавы перыяд. Работа па нарыхтоўцы кармоў арганізавана так, каб адначасова ўбіраць кукурузу і папаўняць запасы сенажу. За кошт кукурузы неабходна нарыхтаваць не толькі чатыры мільёны тон сіласу, але і часткова аднавіць недахоп зерня ў аб’ёме каля 200 тысяч тон.
Вельмі прыемна, што на святочную сцэну для атрымання заслужаных узнагарод за правядзенне жніва падымаліся і прадстаўнікі Століншчыны.
Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Васільевіч Ліс уручыў Дыпломы за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур у 2018 годзе: першае месца – Лунінецкі раён (старшыня райвыканкама А. М. Пачко), другое месца – Маларыцкі раён (старшыня райвыканкама М. М. Шум) і трэцяе месца – Столінскі раён (старшыня райвыканкама Р. В. Пратасавіцкі).
Сярод сельскагаспадарчых арганізацый, што перамаглі ў спаборніцтве ў вытворчасці збожжа з плошчай сельгасугоддзяў да пяці тысяч гектараў другое месца заняло КУВП “Манькавічы” (дырэктар А. В. Мікуліч).
Сярод маладых вадзіцеляў транспартных сродкаў на давозцы збожжа першае месца атрымаў вадзіцель КУВП “Манькавічы” Генадзь Васільевіч Яхнавец. Лепшым стаў і старшы аператар збожжасушыльнага комплексу КСУП “Рубельскі” Аляксандр Іосіфавіч Пашкевіч. Дарэчы, лепшым ён быў і ў мінулым годзе. І гэта нягледзячы на свае 65 гадоў!
Галоўны аграном КУВП “Манькавічы” Віктар Мікалаевіч Грэчка узнагароджаны за другое месца сярод сельскагаспадарчых арганізацый, што атрымалі найбольшы выхад зерня на бала-гектар пашавых угоддзяў.
У намінацыі сярод старшых камбайнераў і камбайнераў трэцяе месца занялі Ігар Валянцінавіч Некрашэвіч і Міхаіл Паўлавіч Вабішчэвіч з КСУП “Прыпяць-2009”.
Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання ўзнагароджаны дырэктар ААТ “Новая Прыпяць” Іван Мікалаевіч Антановіч. Каштоўны падарунак ад Праўлення Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыст за актыўнае супрацоўніцтва з арганізацыямі спажыўкааперацыі па пастаўцы сельгаспрадукцыі атрымаў кіраўнік фермерскай гаспадаркі “Альшаны” Іван Васільевіч Грыб.
Відзіборскі сельвыканкам (старшыня Васіль Іванавіч Некрашэвіч) атрымаў узнагароду — трактар, як пераможца агляду-конкурсу “Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкавання машынных двароў, жывёлагадоўчых ферм і комплексаў”.
Ганаровай граматай Рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу ўзнагароджаны старшыня Столінскага раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Ільіч Лузай.
Па выніках працоўнага спаборніцтва механізатараў пагрузчыкаў універсальных каштоўным падарункам ад гандлёва-сэрвіснага цэнтра “Амкадор-Брэст” узнагароджаны трактарыст-машыніст СВК “Фядорскі” Сяргей Адамавіч Мельніковіч.
Па традыцыі ў ходзе абласных Дажынак праходзяць і спаборніцтвы сем’яў “Уладар сяла”. Ад Століншчыны ўдзел прымала сям’я Сняжаны і Вячаслава Колбікаў з Мачуля. З дванаццаці канкурсантаў яны занялі трэцяе ганаровае месца.
З творчай братыі сваімі музычнымі падарункамі радаваў усіх заслужаны аматарскі калектыў “Выцінанка” пад кіраўніцтвам Пятра Астапчука.
Тэкст і фота Алены КЛІМУШКА