Сустрэча для агульнага развіцця. 21.by

Сустрэча для агульнага развіцця

18.09.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сустрэча для агульнага развіцця
На гэтым тыдні Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь сумесна з прадстаўніцтвам Праграмы развіцця ААН у Беларусі і пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў арганізавалі візіт кіраўнікоў і прадстаўнікоў дыпламатычных місій і міжнародных арганізацый, акрэдытаваных у Рэспублікі Беларусь, у наш раён і Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік.

Галоўныя мэты мерапрыемства – прыцягненне міжнароднага садзейнічання і інвестыцый для ўстойлівага развіцця пацярпелых рэгіёнаў Беларусі, азнаямленне з дзейнасцю дзяржавы і рэалізацыя міжнародных праграм па пераадоленні наступстваў чарнобыльскай катастрофы, а таксама эканамічным патэнцыяле пацярпелых ад чарнобыльскай аварыі тэрыторый.

Сустрэча для агульнага развіцця
У чацвер на мяжы Хойніцкага і Калінкавіцкага раёнаў адбылася сустрэча прадстаўнікоў дыпламатычнага корпусу, супрацоўнікаў замежных пасольстваў і кіраўнікоў дыпламатычных місій. Па традыцыі віталі шаноўных гасцей хлебам-соллю, беларускімі песнямі і шчыра запрасілі на Хойнікшчыну.
Першым аб’ектам наведвання стаў помнік Смутку – сімвал цяжкасцяў і болю, якія накрылі раён у выніку катастрофы на Чарнобылькай АЭС. Там госці разам з прадстаўнікамі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, дэлегацыю якіх тут узначальваў намеснік міністра Г.Ф. Ласута, усклалі кветкі да пастамента з назвамі адселеных вёсак. Сваю малую радзіму, хаця і па прафесійных пытаннях, наведаў начальнік Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС А.І. Ціток.

Сустрэча для агульнага развіцця
Дэлегацыя рушыла далей – на адно з прыбытковых прадпрыемстваў раёна – Палескі вытворчы ўчастак ААТ «Мілкавіта». Тут пабывалі на вытворчасці – у цаху сушкі сыроваткі, а таксама пацікавіліся выкананнем норм па ўтрыманні ў малочных прадуктах радыеактыўнага стронцыю і цэзію. На заводзе пільна сочаць за нарматывамі і з гонарам сцвярджаюць – за апошні час перавышэнняў норм (а ў нашай краіне яны досыць строгія) не фіксавалі. Бяспеку прадуктаў ацанілі па прадстаўленых табліцах, а вось сыры з задавальненнем паспыталі на смак. Наведвальнікі засталіся задаволенымі хойніцкай прадукцыяй.
У нашым раёне школьнікі прафесійна вымяраюць узровень радыяцыі ў прадуктах. Гэтыя словы даказалі ў Стралічаўскай школе, дзе з такой мэтай карыстаюцца спецыяльнымі швейцарскімі прыборамі. Дзеці, якія займаюцца ў аб’яднанні па інтарэсах «Эдэльвейс», на вачах у здзіўленых дыпламатаў і аташэ за 5 хвілін праверылі на ўтрыманне цэзію-137 капусту. У пробе гэтага радыеактыўнага элемента аказалася ў некалькі разоў менш за дазволены ўзровень.
На памяць пра сустрэчу ад школы прэзентавалі гасцям сувеніры ў форме далікатных архідэй як сімвала ломкасці чалавечага жыцця. Прадстаўнікі дэлегацыі таксама не з пустымі рукамі завіталі ў школу – перадалі для дзетак наборы развіваючых гульняў і спартыўны інвентар. Асобным яркім успамінам для аматараў футбола сярод дыпламатаў стала знаёмства з першым спартыўным настаўнікам сёняшняга трэнера расійскай каманды ЦСКА В.М. Ганчарэнкі – Аляксандрам Леанідавічам Вяргейчыкам, які паспяхова кіруе Стралічаўскай школай. Як слушна рэзюмаваў адзін з прысутных: «З такім настаўнікам і знакамітым касманаўтам можна стаць».

Сустрэча для агульнага развіцця
Шмат эксклюзіўнай інфармацыі госці атрымалі ў час наведвання запаведніка. Дарэчы, менавіта там адбылася сустрэча і першыя перагаворы дэлегацыі з міністрам па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь У.А. Вашчанкам. Уладзімір Аляксандравіч адразу адзначыў, што ў нашай краіне выпрацаваны вялікі і ўнікальны вопыт па прадухіленні наступстваў аварыі на атамнай станцыі. Гэтымі ведамі беларусы гатовы дзяліцца і заўсёды адкрыты для міжнароднага супрацоўніцтва.
Словы гэтыя пацвердзіліся ў час экскурсіі па навуковай частцы запаведніка, дзе журналісты рэспубліканскіх выданняў не менш за паўгадзіны атакавалі пытаннямі супрацоўнікаў.
Уражаныя пабачаным у запаведніку, нашы калегі журналісты цікавіліся ледзьве не ва ўсіх работнікаў, калі ж гэтыя мясціны стануць даступнымі для турыстаў!? Сапраўды, цяжка не здзівіцца, пабачыўшы вялізных і магутных племянных коней ці багатую пасеку. Некалькі хвілін стрыкаталі фотаапараты насупраць выселеных і спусцелых дамоў у Бабчыне.
Ключавым мерапрыемствам другога дня візіту стаў круглы стол «Устойлівае развіццё пацярпелых у выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС рэгіёнаў», які прайшоў на Брагіншчыне. Яго ўдзельнікі прадставілі вынікі дзейнасці мясцовых органаў улады, а таксама агенцтваў сістэмы ААН і іншых міжнародных арганізацый, падтрыманых донарскай супольнасцю, уключаючы Еўрапейскі саюз і Глабальны экалагічны фонд, па аднаўленні і ўстойліваму развіццю рэгіёнаў, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Важным аспектам дыскусіі за круглым сталом сталі пытанні развіцця чалавечага, эканамічнага і экалагічнага патэнцыялу рэгіёнаў, а таксама асноўныя прыярытэты ўстойлівага развіцця гэтых раёнаў з улікам патрэб найбольш неабароненых катэгорый насельніцтва.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На гэтым тыдні Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь сумесна з прадстаўніцтвам Праграмы развіцця ААН у Беларусі і пры падтрымцы...
 
 
 


Архив (Разное)