Чэмпіянат па фотабёрдынгу ў Брэсце – 7 кастрычніка
22.09.2018 10:46
—
Разное
|
Грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” правядзе 7 кастрычніка ў Брэсце незвычайныя спаборніцтвы па фатаграфаванні птушак. Гэта VIII чэмпіянат у Беларусі. Да ўдзелу запрашаюцца аматары фота і дзікай прыроды! Што трэба рабіць? Фатаграфаваць дзікіх птушак у прыродзе! А каб перамагчы ў чэмпіянаце, трэба за 5 гадзін – з 9.00 да 14.00 - наздымаць як мага больш розных відаў птушак. Як запісацца на Чэмпіянат?Спампаваць форму простай заяўкі, запоўніць яе і даслаць на адрас Заяўкі прымаюцца да 17.00 пятніцы 5 кастрычніка. Можна ўдзельнічаць індывідуальна або ў камандзе з двух чалавек. Удзел у чэмпіянаце бясплатны. Па выніках будуць вызначаныя пераможцы і прызёры, таксама асобна будзе абраны найлепшы здымак. Як і на папярэдніх спаборніцтвах, журы можа ўвесці дадатковыя намінацыі і адзначыць яшчэ некалькі цікавых фота або ўдзельнікаў. Пераможцы атрымаюць прызы. — Чэмпіянат па фотабёрдынгу вяртаецца ў Брэст.У 2016 годзе мы ўжо прымалі фотаанімалістаў з усёй краіны ў Брэсцкай крэпасці. Тады спаборніцтвы былі ўвесну, і ўдзельнікі паставілі рэкорды па колькасці сфатаграфаваных птушак – усяго сфатаграфавалі 81 від, а пераможца Валер Кавалёнак набраў 59 відаў. Гэтыя рэкорды пакуль не пабітыя. Упэўнены, што і гэты, ужо восьмы, чэмпіянат прынясе свае сюрпрызы і цікавыя кадры ў капілкі ўдзельнікаў. Бо Брэст адзін з самых прывабных для птушак гарадоў Беларусі, - адзначае супрацоўнік АПБ па прыродаахоўных пытаннях, каардынатар чэмпіянату Сямён Левы. — У спаборніцтвах можна ўдзельнічаць нават з камерай мабільнага тэлефона! Галоўнае – сфатаграфаваць птушку не блізка і прыгожа, а так, каб была бачная хаця б адна характэрная прыкмета віду. І мы абяцаем цікавы маршрут у новым месцы! Які дакладна – абвесцім 1 кастрычніка на сайце ptushki.org. Далучайцеся да прыгожага і цікавага занятку, знаёмцеся з птушкамі праз аб’ектыў фотаапарата! Чэмпіянат па фотабёрдынгу пройдзе ў межах Восеньскіх дзён назірання за птушкамі EuroBirdwatch-2018. Даведка: Чэмпіянаты па фотабёрдынгу праходзілі ў Мінску чатыры разы, а таксама двойчы ў Гомелі і адзін раз у Брэсце. VIІI Чэмпіянат па фотабёрдынгу – адно з мерапрыемстваў ініцыятывы “Будзь здаровы з птушкамі!”, якая рэалізуецца ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь” (“БЕЛМЕД”), які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ і ЮНФПА у парнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Кантактная асоба — Сямён Левы, 8 (029) 101-68-87, Грамадская арганізацыя "Ахова птушак Бацькаўшчыны" (АПБ) — найбуйнейшая прыродаахоўная грамадская арганізацыя Беларусі і з 2005 года — нацыянальны партнёр глабальнай прыродаахоўнай асацыяцыі "BirdLife International", у якую ўваходзяць арганізацыі са 121 краіны. АПБ — гэта больш за 2500 сябраў і валанцёраў і больш за 30000 прыхільнікаў, 100 школьных клубаў і 14 мясцовых аддзяленняў па ўсёй краіне. Арганізацыя працуе дзеля захавання біяразнастайнасці і далучэння насельніцтва да актыўнай аховы прыроды. Толькі разам мы зможам захаваць дзікую прыроду нашай краіны — далучайся і ты!
Главная
| Новости
| Газеты
| Бизнес Инфо
| Справки
| Знакомства
| Знакомства2
| Гороскоп
| Анекдоты
|
© 2004-2020 21.by
|