Аркестр «Віціны» – з прэзідэнцкім грантам. 21.by

Аркестр «Віціны» – з прэзідэнцкім грантам

28.09.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

DSC_6923

Лета для заслужанага аматарскага калектыву духавы аркестр «Віціны» г. Стоўбцы стала багатым на выступленні і падзеі. Найперш – гэта атрыманне і асваенне гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у суме 41 тысяча рублёў. Падрабязней аб усім расказвае ў інтэрв’ю нашай газеце мастацкі кіраўнік і дырыжор аркестра «Віціны», загадчык аддзялення духавой музыкі Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў Аляксандр Нічыпаровіч.
– Аляксандр Анатольевіч, прысваенне гранта Прэзідэнта – гэта падзея не толькі для аркестра, але і для ўсёй Стаўбцоўшчыны. Як аркестр распарадзіўся атрыманай сумай?
– Дзякуючы такой фінансавай падтрымцы з Фонду Прэзідэнта краіны мы набылі апаратуру – два прыгожыя вялікія сузафоны, якія вельмі ўпрыгожваюць аркестр. Пашыты новы камплект касцюмаў. На такія вялікія набыткі мы затрацілі крыху больш, чым сума гранта. Падтрымала аркестр Стаўбцоўская ПМК, выдзеліўшы дзве тысячы рублёў, за што мы выказваем вялікую ўдзячнасць дырэктару Аляксандру Пашкевічу і ўсяму калектыву гэтай арганізацыі. Пару лір для аркестра мы атрымалі ў падарунак, будучы на фестывалі ў Германіі.
– А што датычыць актыўнай канцэртнай і гастрольнай дзейнасці ў летнія месяцы?
– У чэрвені аркестр прыняў удзел у ІІ Міжнародным фестывалі духавых аркестраў у горадзе Шчэціне ў Польшчы. На фестывалі было шырокае прадстаўніцтва аркестраў іншых краін, і асабліва польскіх. Свята было прыўрочана да Дня горада. Прыемна выступаць перад такой шматлюднай аўдыторыяй, калектывы духавой музыкі вельмі прыязна і цёпла прымалі. Наш аркестр удзельнічаў у марш-парадзе, плац-канцэрце і выступаў з конкурснай праграмай на сцэне. Мы прадстаўлялі нацыянальную музыку, творы беларускіх аўтараў. Аркестр «Віціны» ўзнагароджаны лаўрэацкім дыпломам І ступені. Выдатна ўпісалася у конкурсную праграму аркестра яркае выступленне ўзорнага ансамбля мажарэтак пад кіраўніцтвам Кацярыны Жук. Ансамбль мажарэтак таксама адзначаны лаўрэацкім дыпломам – ІІ ступені.
Напрыканцы чэрвеня – у пачатку ліпеня маладзёжны састаў аркестра «Віціны» прыняў удзел у форуме-фестывалі духавых аркестраў у Германіі. Гэта сумесны праект для творчай моладзі Польшчы, Германіі і Беларусі ва ўзросце ад 12 да 27 гадоў, які будзе развівацца, умацоўвацца. Фестываль прайшоў у курортным горадзе Вік, які знаходзіцца на востраве. Вельмі прыгожая мясцовасць. Горад з невялікай колькасцю жыхароў – тры тысячы – увесь выйшаў на фестываль духавых аркестраў. Гэты міжнародны праект дае выдатную магчымасць маладым людзям розных краін для пераймання вопыту. Вельмі арыгінальна праходзіла выступленне аркестраў – на сцэне адзін змяняў другі. Выканальніцкае майстэрства нашага аркестра высока ацэнена, яго выдатна ўспрынялі гледачы і журы, асабліва калі ў рэпертуары гучала нямецкая нацыянальная музыка. Каб творы аркестр мог за кароткі тэрмін асвоіць, прыклаў свае творчыя сілы канцэртмайстар Уладзімір Сошка, які правёў вялікую работу па аранжыроўцы, аркестроўцы мелодый. Выступленне маладзёжнага саставу аркестра «Віціны» на фестывалі ацэнена лаўрэацкім дыпломам І ступені. Працяг гэтага музычнага міжнароднага праекта будзе ажыццяўляцца і ў далейшым. Арганізатары фестывалю за мяжою бяруць на сябе ўсе расходы, і для нашых дзяцей гэтая паездка бясплатная. Удзел у фестывалі дазволіў нам пашырыць партнёрскія сувязі. Мы пастараемся, каб усе творчыя дзеці нашага аддзялення змаглі паўдзельнічаць у такіх фестывалях за мяжою.
– Аляксандр Анатольевіч, пачынаецца новы навучальны год. Як падрыхтавана да работы ваша аддзяленне?
– Да 7 верасня будзе ажыццяўляцца набор хлопчыкаў і дзяўчынак на аддзяленне духавой музыкі ў першы клас. У дзяцей ёсць магчымасць выбраць любы духавы інструмент, які толькі ёсць у партытуры духавога аркестра, гэта вялікі выбар. Наогул, на нашым аддзяленні займаюцца 120 чалавек. У вучняў ёсць магчымасць не толькі спасцігаць азы музычнай падрыхтоўкі на выбраным інструменце, але і актыўна ўдзельнічаць у конкурсах, атрымліваць узнагароды. Надзвычай паспяховым быў для нашага аддзялення мінулы навучальны год. У міжнародных, рэспубліканскіх, абласных конкурсах паўдзельнічалі 29 вучняў і заваявалі 48 лаўрэацкіх дыпломаў і 56 дыпломаў лаўрэатаў. Актыўна папрацавалі з вучнямі для падрыхтоўкі да конкурснай дзейнасці выкладчыкі Раман Бець, Уладзімір Татарыцкі, Дзмітрый Вяршэня, Юлія Князюк. Навучанне на аддзяленні вядуць 9 прафесіянальных выкладчыкаў. У гэтым годзе мы прынялі маладога спецыяліста, і цяпер на ўдарных інструментах у нас два выкладчыкі. Нам прыемна, што навучанне на аддзяленні духавых інструментаў для некаторых вучняў вызначае выбар прафесіі. У гэтым годзе студэнтам Баранавіцкага музычнага каледжа стаў Дзмітрый Сянкевіч (выкладчык Дзмітрый Вяршэня), Маладзечанскага музычнага вучылішча – Кірыл Шчацінін (выкладчык Уладзімір Татарыцкі). Выпускнікі аддзялення з’яўляюцца студэнтамі Акадэміі музыкі і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. З радасцю прымем у нашы рады новых малых дзяцей і дапаможам ім авалодаць музычнымі інструментамі, развіць свае здольнасці і акунуцца ў прыгожы свет музыкі.
Святлана ЖЫБУЛЬ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Лета для заслужанага аматарскага калектыву духавы аркестр «Віціны» г. Стоўбцы стала багатым на выступленні і падзеі. Найперш – гэта атрыманне і асваенне гранта...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика