З КАРАБЛЯ НА БАЛЬ – гэты вядомы афарызм да месца будзе прымяніць да дзясяцікласніка сярэдняй школы № 3 г. Стоўбцы Дзмітрыя Судніка, стыпендыята спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў, і адзінаццацікласніцы сярэдняй школы № 2 г. Стоўбцы Яны Гамза. Перад самым новым навучальным годам яны вярнуліся з паездкі з Расійскай Федарацыі, дзе ўдзельнічалі ў міжнародным культурна-адукацыйным праекце «Дзень добры, Расія!» прадстаўніцтва Россупрацоўніцтва – Федэральнага агенцтва па справах Супрацоўніцтва Незалежных Дзяржаў, суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой і па міжнародным гуманітарным супрацоўніцтве. Гонар паехаць у Маскву Дзмітрыю і ў Санкт-Пецярбург – Яне выпаў як пераможцам у конкурсах і алімпіядах. Экскурсія ў згаданыя гарады стала для іх спецыяльным прызам за інтэлект і глыбокія веды рускай мовы. Аб усім гэтым мы просім расказаць саміх герояў нашага артыкула. Дзмітрый СУДНІК:
– У мінулым навучальным годзе мне пашчасціла паўдзельнічаць у алімпіядах і конкурсах па рускай мове. Я стаў пераможцам алімпіяды па гэтым прадмеце ў раёне, затым – абсалютным пераможцам у абласной алімпіядзе. Атрымаў дыплом ІІІ ступені ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу «Жыву ў Беларусі – і тым ганаруся», на які прадставіў сачыненне аб сваім радаводзе. У рэспубліканскім конкурсе «Дыялог з паэтам» прадставіў сваю творчую работу пра Марыну Цвятаеву, атрымаў дыплом І ступені і спецыяльны прыз – паездку ў Маскву на летніх канікулах у рамках культурна-адукацыйнага праекта «Дзень добры, Расія!». У гэтай 10-дзённай паездцы прынялі ўдзел вучні з 38 краін свету, з Беларусі была група ў складзе каля 40 чалавек. Мы ўдзельнічалі ў інтэрактыўных адукацыйных мерапрыемствах з наведваннем Дзяржаўнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Маскоўскі Крэмль», Дзяржаўнай Аружэйнай палаты, Траццякоўскай галерэі, Замаскварэчча, парку «Зараддзе», Вараб’ёвых гор, Расійскага ўніверсітэта дружбы народаў, МДУ імя М. В. Ламаносава, падчас экускурсій па Маскве пазнаёміліся з іншымі знакамітымі месцамі, як Лунаючы мост. Для нас была арганізавана сустрэча з вядомым баскетбалістам Іванам Ядэшкам. Праграма была насычанай, цікавай, з моладдзю многіх краін мы размаўлялі на рускай мове. Яна ГАМЗА:
– У мінулым навучальным годзе я паўдзельнічала ў раённых алімпіядах і заняла першае месца па рускай мове і геаграфіі, другое месца – па біялогіі. Брала ўдзел і стала пераможцай у конкурсе чытачоў «Жывая класіка». У конкурсе, арганізаваным Таварыствам беларускай мовы, маё эсэ ацэнена дыпломам І ступені, я атрымала ў падарунак электронную кнігу. У абласной алімпіядзе па рускай мове адзначана дыпломам ІІ ступені. У рэспубліканскай алімпіядзе па гэтым прадмеце ўзнагароджана Пахвальным водгукам і спецыяльным прызам – паездкай у Санкт-Пецярбург у рамках міжнароднай культурна-адукацыйнай праграмы «Дзень добры, Расія!». У складзе ўдзельнікаў гэтай праграмы ў Санкт-Пецярбург прыехалі знаўцы рускай мовы з 24 краін свету. У нашай беларускай групе быў 31 чалавек – старшакласнікі, навучэнцы каледжаў, студэнты ВНУ. Нас сустракалі на высокім ўзроўні, мы жылі ў гасцініцы на Вялікай Охце на самым беразе Нявы, дзе з балкона маглі назіраць развадныя масты. У інтэрактыўнай адукацыйнай праграме было наведванне многіх знакамітых мясцін Санкт-Пецярбурга, які па праву называюць культурнай сталіцай Расіі. Мы пабылі ў Петрапаўлаўскай крэпасці, Эрмітажы, Пецяргофе, Гатчынскім палацы, Музеі Арктыкі і Антарктыкі. Наведалі помнік, прысвечаны абаронцам Ленінграда і музей Вялікай Айчыннай вайны. Падчас наведвання кінастудыі «Ленфільм» для нас была арганізавана цікавая сустрэча з расійскім рэжысёрам Уладзімірам Граматчыкавым, які расказаў нам аб новым і займальным у свеце Disney. Кожны дзень праграмы быў вельмі насычаным, мы вярталіся вечарам у гасцініцу з незабыўнымі ўражаннямі, якія папоўнілі наш інтэлект, досвед, далі магчымасць знаёмства з моладдзю розных краін. Усе яны размаўляюць на рускай мове. Удзельнікі праекта адзначалі, што Санкт-Пецярбург прыгожы горад, што ім тут вельмі падабаецца. Арганізатарам гэтага выдатнага праекта ўдалося паказаць, што Расія – вельмі прыгожая і гасцінная краіна, і заахвоціць інтэлектуальную эліту моладзі многіх краін працягваць вывучаць рускую мову на паглыбленым узроўні.
Пажадаем Дзмітрыю і Яне паспяховага новага навучальнага года і далейшых перамог у інтэлектуальных конкурсах. Святлана ЖЫБУЛЬ
Фота Васіля ЗЯНЬКО
З КАРАБЛЯ НА БАЛЬ – гэты вядомы афарызм да месца будзе прымяніць да дзясяцікласніка сярэдняй школы № 3 г. Стоўбцы Дзмітрыя Судніка, стыпендыята спецыяльнага фонду...