Справа не толькі ў бульбе. 21.by

Справа не толькі ў бульбе

02.10.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

article4211.jpg

Вось за што люблю бываць у ААТ “Святая Воля”, дык гэта за ўражанне, якое штораз пакідае наведванне гэтай гаспадаркі раёна. Яно заўсёды пазітыўнае і сутнасць яго - у гаспадарскім падыходзе. Не толькі ў малочнай вытворчасці, ці раслінаводстве, у любой дробязі тут бачна гаспадарская рука. Што б тут ні рабілі, усё робіцца дасканала, як кажуць, пад шнурок. 

 

І на гэты раз пад’язджаем: каля адміністрацыйнага будынка – кветкі і чысціня, а па дарозе на бульбяное поле, куды мы адправіліся з галоўным аграномам гаспадаркі Дзянісам Вішнеўскім, нельга было не адзначыць вокам, што палі ўсе вырабленыя, роўненькія – пакаці яйка, а ўсходы на іх, няхай гэта трава ці алейная рэдзька, – шчоткаю, сакавітай зеленню, выгляд якой міжволі дадае настрою, што гаспадараць тут дбайныя рупліўцы. Толькі каналы, якія “разразаюць” палі, псавалі агульную карціну, як псуе выгляд чалавека даўно няголены твар. І вось мы ва ўрочышчы “За літарай Г” плошчай у  32 гектары. Тут шчыруе на бульбаўборачным камбайне Уладзімір Буйкевіч з памочнікам – сынам Андрэем, які сёлета скончыў ДУ “Івацэвіцкі прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці”. На адвозцы бульбы былі заняты чатыры механізатары: Аляксандр Мігно,  Уладзімір Жакалін, Аляксандр Ільючык і Іван Русакевіч. Яны адвозяць бульбу на трактарах, бо пайшлі дажджы і МАЗы грузнуць. За дзень на гэтым бульбаўборачным камбайне бульба выкопваецца ў сярэднім на плошчы 5 гектараў. Як казаў галоўны аграном, плануюць закончыць уборку другога хлеба за 10-14 дзён.  
 
– З вясны што рабілі, каб атрымаць добры ўраджай бульбы? – цікаўлюся.
 
– Кожны год робім адно і тое ж. Тэхналогія на першым месцы, яе захоўваем строга, але здараецца, што ўсё прадбачыць нельга.
 
– Вы не задаволены ўраджаем бульбы?
 
– Сезон атрымаўся дрэнны, бульба слабейшая, чым летась. Ураджайнасць пакуль 400 цэнтнераў з гектара. Паўплывала надвор’е, адназначна, але трэба садзіцца і дэталёва аналізаваць, у чым яшчэ прычына недабору. 
 
– У параўнанні з іншымі гаспадаркамі раёна ўсе роўна ж ёсць рэзультат…
 
– У нашым раёне нам няма з кім канкурыраваць па бульбе. Мы параўноўваем свой рэзультат з ААТ “Моталь-агра”. Калі летась мы апярэдзілі мотальцаў на 20 тон па ўраджайнасці, то пакуль гэтая гаспадарка нашу на дзве тоны апярэджвае. Не ведаю, што да канца сезона выйдзе, можа, і выраўняемся. Але ў іх не было замаразкаў, а ў нас 7 чэрвеня замаразак моцна бульбу падмарозіў, а потым засуха… Магчыма, адно на адно налажылася і паўплывала на чакаемы добры вынік.
 
– На сённяшні дзень колькі гектараў убралі?
 
– 82 гектары. Планавалі да канца будучага тыдня закончыць, але ўчора забуксавалі – лава нізкая, сёння сховішча падводзіць – электрычнасці не было паўдня, бо ў Аброве лінія пашкоджана была. Але спадзяёмся, што нагонім упушчаны час.
 
– Працуюць у выхадныя?
 
– Вядома. З васьмі і пакуль не сцямнее. Гэта таксама ўборачная, як і на збожжавых. Толькі другога хлеба. Людзі суткамі працуюць. 
 
– Кормяць механізатараў у полі?
 
– Канешне. Кормяць добра і выходзіць танна. Паўтара рубля за абед.
 
– А цана на бульбу якая? Летась усё на Расію фуры адгружалі…
 
– Цаны няма сёлета. У Расіі добры ўраджай бульбы, таму на нашу бульбу цана слабаватая. Калі летась з поля мы прадавалі па 27 капеек за кілаграм, то цяпер па 22 капейкі даюць за кілаграм. Таму бульбу не прадаём, а закладваем у гароднінасховішча. Напачатку сезона рэалізавалі 300 тон бульбы на ўнутраным рынку па добрай цане. Астатнюю пачакаем прадаваць, будзем закладваць на захоўванне.
 
– Гатунак  той жа – “Гала”?
 
– У асноўным “Гала”, але сёлета пасадзілі 10 гектараў гатунку “Вега”. Мне ён не падабаецца, бо растуць вялікія занадта клубні, а гэта ўплывае на рэалізацыю – нетаварны выгляд.
 
– Калісь мы радаваліся, калі бульбіны пападалі вялікія… Дранікі хутка церці…
 
–  Сёння буйныя клубні нікому не патрэбныя. Усе хочуць, каб бульба была адзін у адзін, мерная і роўная. У гарадах, пэўна, сёння ўручную ніхто не абірае бульбу, а машынамі, кухоннымі камбайнамі, а яны зроблены пад пэўны памер клубняў. І рэалізуючы ў Расію, бульба наша ў розніцу, відаць, не паступае, а ў рэстараны, кафэ і іншыя кропкі. Вось і атрымліваецца, што дробная бульба і завялікая – гэта дрэнна.
 
– Выходзіць буйныя клубні бульбы – гэта брак?
 
– Выходзіць так. Дробнай бульбы мы накапалі, можа, 10 працэнтаў, а з усяго ўраджаю трэба адкідваць яшчэ працэнтаў 10-20 з-за буйных клубняў.
 
– Бульба чыстая?
 
– Не ўся, месцамі бульбу провалачнік пабіў. Яму трэба вільгаць. Ён шукаў яе і пабіў клубні. Апрацоўвалі гербіцыдамі, але яны спрацавалі, калі ўжо бульба атрымала пашкоджанні, а выгляд такой бульбы нетаварны. Таму праблемы ёсць.
 
– А памочнік аграном Яўген Зышчык бульбай не займаецца?
 
– Займаецца. Проста сяўба зараз ідзе. Хто свабодны, той і займаецца. Восень – самая работа: і сабраць, і пасеяць, і ўзараць, і падрыхтаваць на зіму. А вясной  толькі сеюць, улетку – толькі ўбіраюць… Восень – самая напружаная пара, работ – толькі паспявай.
 
Дарэчы, аграном Яўген Зышчык, як малады спецыяліст, адпрацаваў два гады і застаўся ў гаспадарцы. І сёння ён ужо адпрацаваў тры гады. Маладой сям’і спецыялістаў далі дом. І ў галоўнага агранома Дзяніса Вішнеўскага, які сёлета на абласных дажынках выйшаў пераможцам як лепшы аграном вобласці, жонка на сесіі, атрымлівае другую вышэйшую адукацыю, вучыцца на бухгалтара. Таму Дзянісу Анатольевічу  “ўлятае” і дома, бо трэба глядзець гаспадарку і дачку, і на рабоце – толькі закончылі мы размову, як у імгненне вока яго “Ніва” знікла на даляглядзе. 
 
А на бульбасховішчы нас сустрэла таксама гаспадыня з гаспадынь Ала Бязверхая. У яе таксама самая напружаная пара. Бульбы ідзе самы вал, і трэба паспець усё роўненька ў засеках залажыць, “прадзьмуць”, каб не было адходаў. У памочніках яе слесар Сяргей Еўдакімаў, які па лесвіцы паднімаўся ў закрытую засеку, каб пракантраляваць вышыню загрузкі наступнай засекі. “На падхопе” ў яго памочнік слесара Сяргей Гатоўчыц і Аляксандр Бруско. А на канвееры каманда пенсіянераў і рабочых: Зоя Балакір, Ульяна Мельнік, Ганна Люшкевіч, Валянціна Хілюціч, Марыя Ражанская. Сёлета да іх далучыліся Галіна Ціханчук, Людміла Куратнік, Зоя Карчомная.
 
Жанчыны таксама працуюць ад цямна да цямна і па выхадных – сезон. 
 
Мы ўжо збіраліся ад’язджаць, як у дзвярах з процілеглага боку кінуліся ў вока сянажныя ямы, закладзеныя і шчыльна закрытыя і прыгружаныя саламянымі круглякамі. Прыгожая карціна адкрылася ад выгляду складзеных роўненькім шнурком скірд саломы і сена. Во, дзе гаспадарская рука. І словы тут лішнія.
 
Валянціна БОБРЫК. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.
 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вось за што люблю бываць у ААТ “Святая Воля”, дык гэта за ўражанне, якое штораз пакідае наведванне гэтай гаспадаркі раёна. Яно...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика