Таццяна Мікалаеўна Марчык з цеплынёй успамінае гады настаўніцтва
07.10.2018
—
Разное
|
>
Гэта была яшчэ раніца, калі толькі пачынае брацца дзень, калі сонца недзе далёка за палямі, але там, дзе яно будзе ўзыходзіць, ужо ружавее небакрай. Гэта была яе раніца – яшчэ зусім маладзенькай настаўніцы пачатковых класаў Таццяны Мікалаеўны Марчык.
Калі зазвінеў званок на ўрок, маладая настаўніца сцішылася, прыслухалася да гэтага звону і раптам ўлавіла ў ім такія гукі, што аж плакаць захацелася: мелодыя на дзіва журботная, як і ранішні паўзмрок за акном… Калі яна зайшла ў клас, то адчула, як халодныя дрыжыкі прабеглі па спіне, шчыльней прыціснула да грудзей класны журнал і жадала толькі аднаго: каб не паказаць дзецям свайго страху… – Добрай раніцы, дзеці! Мяне завуць Таццяна Мікалаеўна. Ну што, пачнем мой з вамі першы ў жыцці ўрок?.. Паступова настаўніцу ўсё мацней і мацней ахапіла ўладарная ўпэўненасць. І цяпер яна ўжо нічога не баялася, а толькі адчувала сябе сапраўды шчаслівай, бо разумела, што гэта тое, чым яна хоча займацца ўсё сваё жыццё. Школьнікі паступова супакоіліся, бо ў гэтай маладзенькай настаўніцы яны разгледзелі не толькі сур’ёзнага педагога, але і добрую і ласкавую жанчыну. У Востраўскай васьмігодцы Таццяна Мікалаеўна працавала ўсяго толькі некалькі месяцаў (да дэкрэтнага водпуску). Гэты невялічкі кавалак часу застаўся ў памяці настаўніцы на ўсё жыццё. Калі сыночку Аляксандру споўніўся год, Таццяна Мікалаеўна выйшла на працу ў Пінкавіцкую сярэднюю школу імя Я. Коласа. Першы час не хапала вучэбных часоў, таму Таццяна Мікалаеўна вяла ўрокі не толькі ў пачатковых класах, але і працавала лабарантам, вяла ў старэйшых класах урокі гісторыі і фізкультуры. 38 год плённай працы Таццяна Мікалаеўна прысвяціла гэтай школе, прычым апошнія 15 з іх была намеснікам дырэктара па вучэбнай частцы. За час працы ў школе Таццяна Мікалаеўна Марчык праявіла сябе як выдатны спецыяліст, энергічны і кампетэнтны арганізатар навучальнага працэсу, педагог з высокай адказнасцю за лёс дзяцей. Павага да дзіцячай асобы і яго годнасці, шчыры дыялог, веданне справы і культуры ўзаемаадносін – крэда настаўніцы Таццяны Марчык. Яе ўрокі заўсёды былі цікавымі і змястоўнымі, а кабінет, дзе навучаліся дзеткі, адрозніваўся яркімі ілюстрацыямі, мноствам дзіцячай, навуковай і мастацкай літаратуры. За сваю працу ў 2000 годзе Таццяна Мікалаеўна была ўзнагароджана нагрудным знакам «Выдатнік народнай адукацыі», праз 10 год – Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама Ганаровымі граматамі Брэсцкага аблвыканкама і іншымі. Зараз Таццяна Мікалаеўна знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Яна з задавальненнем дапамагае ў вучобе сваім ўнучкам-двайнятам – Ганне і Анастасіі, якія, дарэчы кажучы, як і любімая бабуля, звязалі сваё жыццё з педагогікай. Дзяўчынкі з’яўляюцца студэнткамі другога курса Пінскага педагагічнага каледжа імя А.С. Пушкіна. Акрамя таго, Таццяна Мікалаеўна цяпер больш часу праводзіць са сваёй матуляй, якой нядаўна споўнілася 83 гады. – Пакуль жыве мама, я адчуваю сябе дачкой, – з цеплынёй расказвае Таццяна Мікалаеўна. – Разам з матуляй на хатнім участку ў Пінкавічах мы вырошчваем кветкі, асабліва я люблю ружы. Гляджу на Таццяну Мікалаеўну і думаю пра сябе: не, яна не такая, як усе… Дастаткова прыгледзецца да яе глыбокіх вачэй, каб зразумець гэта. А яшчэ ўсмешка… Колькі цяпла і дабрыні хаваецца ў куточках яе вуснаў, калі яна ласкава расказвае пра аднаго з былых сваіх вучняў. – Але ж такі малайчынка!.. Яшчэ з першага класа было відаць, што ён шмат чаго даб’ецца ў сваім жыцці. Такі ён сур’ёзны і разумны, – успамінае настаўніца. Так, шматлікія вучні Таццяны Марчык занялі дастойнае месца ў жыцці і занятыя ў розных сферах. Таццяна Палхоўская. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
> Гэта была яшчэ раніца, калі толькі пачынае брацца дзень, калі сонца недзе далёка за палямі, але там, дзе яно будзе ўзыходзіць, ужо ружавее небакрай. Гэта была яе... |
|