Агульнавядома, што ў рускамоўным асяроддзі прыняты зварот з імем па бацьку: Дзмітрый Сцяпанавіч, Наталля Мікалаеўна. А ці ведаеце вы, што ў беларусаў ветлівыя звароты зусім іншыя - «спадар» і «спадарыня» (уваходзяць ва ўжытак «пан» і «пані»)? І ніякага імя па бацьку!
А пайшло гэта з далекай мінуўшчыны – «Вялікімі гаспадарамі» называліся літоўскія князі. Пазней з’явіліся ў мове высакародныя «спадар» і «спадарыня». У звароце да чалавека гэтая форма ўжываецца з імем: спадар Віктар, спадарыня Святлана. Калі вы некаму распавядаеце пра чалавека, то форма «спадар» далучаецца да прозвішча: спадар Іваноў, спадарыня Дароніна. Аднак без імя ці прозвішча зварот «спадар» ужываць не пажадана. Выраз: «Гэй, спадару!» нават набывае адценне вульгарнасці.
Слова «Прывітанне», нягледзячы на даволі шырокую распаўсюджанасць, лепей не ўжываць у беларускай мове, бо гэта калька з рускага слова «Привет». Беларуская мова мае свае, нічым не горшыя адпаведнікі: «Здароў!» ці «Здарова!»
Але ж чаму Макс, з якім мы шчыра павіталіся напачатку артыкула, павінен пакрыўдзіцца? Бо мы абразілі яго мужчынскую годнасць! «Здарова!» можна казаць толькі прадстаўніцам жаночага полу, у дачыненні ж да мужчын неабходна ўжываць толькі слова «Здароў!»
Такім чынам, уявіце сабе: раніца, офіс і... «Здароў, Макс!», «Мае вітанні спадарыне Галіне!» ці проста «Дабранак усім!»
Складана? Нічога! Не за дзень Вільня станавілася!
Прабачэнне па-беларуску
Здаецца, на першы погляд тут няма ніякай праблемы. Аднак не ўсё так проста.
Выраз «Прабачайце!» ўжываецца ў мове толькі ў той сітуацыі, калі неабходна звярнуць на сябе ўвагу: «Прабачайце! Падкажыце, калі ласка, як праехаць да вакзала?»
А вось калі вы выпадкова наступілі камусьці на нагу, спазніліся ці зазірнулі не ў тыя дзверы, можаце вымавіць: «Выбачайце, калі ласка!»
Калі ж вы адчуваеце, што ваша віна перад чалавекам больш сур'ёзная – вы выпадкова аблілі кагосьці гарбатай у кавярні ці… самі дадумайце сітуацыі, іх бясконцасць, - з вялікай спагадай ў голасе папрасіце: «Даруйце, калі ласка!»
Калі ж вам неабходна перапыніць чыйсьці маналог, бо вы збіраецеся ўдзельнічаць у дыялогу, «свае тры грошыкі прыткнуць», - упэўнена, але пры гэтым і далікатна кажыце: «Перапрашаю!» і ўступайце ў дыялог.
Ну а калі чалавек не рэагуе на вашыя словы ветлівасці ці, акрамя таго, кідае пагрозлівы позірк, не ўступайце у спрэчку - усміхніцеся пра сябе і падумайце (толькі не ўголас): «Грозен рак, ды ззаду вочы!» (Не очень-то и испугались, не очень-то и страшно!)
«Дзякуй» — не «спасибо»
«Дзякуй» — вось насамрэч некалькаванае рускае слова, этымалагічна зусім аддаленае ад «спасибо». Толькі ніколі не кажыце «вялікае дзякуй!», бо гэта ўсе ж калька з рускага «большое спасибо».
Беларусы ўжываюць як форму «Дзякуй!», так і выразы «Прымі, калі ласка, падзяку за…», «Шчыры дзякуй!», «Дазволь выказаць маю ўдзячнасць!»
Нават калі ў вас з'явілася жаданне выказацца іранічна (па-руску гэта б гучала так: «Благодарю покорно!»), кажыце «Дзякуй табе за ласку!»
Ну а калі ўдзячнасць ваша бязмежная, смела кажыце: «Шчыры тлусты дзякуй!» (руск. «Большущее спасибо») - калі да такога спалучэння вы яшчэ не выспелі, скажыце проста: «Вялікі дзякуй!»
Калі ж ваша ўдзячнасць яшчэ і шчырая, то ад усяго сэрца кажыце: «Шчыра ўдзячны/ўдзячная!»
Але ж пры чым тут «дзякуй» - не «спасибо»? А пры тым, што рускае «спасибо» ўтварылася ад «спаси Бог», а беларускае «дзякуй» прыйшло да нас з нямецкай мовы праз польскую (danken - dzięki). Такім чынам, «дзякуй», «danken» і «dzięki» маюць аднолькавую індаеўрапейскую аснову, бо паходзяць з індаеўрапейскай моўнай сям’і.
Так, мне здаецца, што вы ўжо здольныя на:
– Прывітанне, Яна!
– Прывітанне, Ясь!
– Як маешся?
– Дзякуй! Вельмі добра! А як ты дуж-здароў?
– Дзякуй, някепска.
Чаго зычаць беларусы
Думаю, неабходна растлумачыць, аб чым жа пойдзе гаворка і што значыць слова «зычыць». Лексічнае значэнне гэтага слова – жадаць, выказваць камусьці пажаданні. Чым жа тут адметныя беларусы?
Перш за ўсе тым, што зычэнні на Беларусі былі штодзенным правілам: калі б у старадаўнія часы хтосьці моўчкі абмінуў чалавека, які працуе, то яго б палічылі асобай нявыхаванай і хамаватай. Чаму? Бо беларусы добразычлівы народ, і ў нас ёсць шэраг прыватных зычэнняў, адрасаваных прадстаўнікам розных відаў дзейнасці.
Напрыклад, ваш муж-рыбак збіраецца на рыбалку, а вы, як выхаваная жонка, павінны сказаць яму: «Рыбно табе!» Збіраецца ён у грыбы - а вы яму ласкава: «Грыбно табе!» Сачыце, каб на ўсе пажаданні ён ветліва адказваў вам: «Дзякуй!»
Дарэчы, выказванне «Рыбно вам!» можна ўжываць не толькі ў прамым сэнсе, а і ў пераносным як беларускі адпаведнік вядомага рускага: «Ни пуха, ни пера!» – «К черту!» Гучаць гэта будзе так: «Рыбно вам!» – «Хоць не рыбна, ды юшна!»
Добразычлівасць беларусаў, шчырае жаданне дагадзіць, пачаставаць часам можа насіць і прымусовы характар. Але, здаецца, кожнаму даспадобы прыйдзецца беларускае: «Не п’еш – хлебам макай!»
Падрыхтавалi Надзея Старавойтава i Вольга ГУБСКАЯ