Год малой радзімы: Ранняя восень
20.10.2018
—
Разное
|
Раннюю восень люблю не толькі за тое, што сам нарадзіўся ў верасні, а найперш за тое, што светлыя сны на бацькоўскім ложку роднага гаранскага котлішча вабяць водарам летняй мяты, і лёгкі ранішні туман спявае песні каханачцы-рэчцы Малы Перакоп. Люблю за тое, што месяца свет чароўны ўначы спакоем льецца ў маё акенца, а яшчэ за тое, што ў гэтую пару пачынаецца сапраўднае “ціхае паляванне”. А месцы ў нас грыбныя.
Паволі крочыш па рознакаляровай лістоце, мяккім моху, сухім, але ўжо не крохкім шыгаллі. І няхай нячутна ўжо звонкага птушынага шматгалосся, усё роўна на душы спакой і лагода. Вось калі насамрэч кожнай клетачкай сваёй істоты адчуваеш сапраўдную радасць, выбраўшыся з мітуслівага гарадскога жыцця ў лес, у родныя ваколіцы маёй Смаргоншчыны. На поўныя грудзі дыхаеш чысцюткім паветрам і паволі, нікуды не спяшаючыся, збіраеш, выцікоўваеш грыбы, атрымліваючы ад гэтага адно задавальненне, а калі яшчэ і не адзін кош назбіраеш, няхай сабе адных толькі лісічак, - двайная радасць. Збіралі з жонкай часам кашамі і баравікоў, і падасінавікаў, і зялёнак-падзялёнак, і казякоў (маслят). Як удасца альбо, кажуць, у кожнага грыба свой час. Восень… Гавораць – сумная пара, Пара турбот і расставання, Нічога светлага няма – Усё імкнецца да згасання. Як не любіць раннюю восень! Ужо запоўнены збажыной дзяржаўныя засекі, і працаўнікі вёскі адсвяткавалі “Дажынкі”. Руплівы гаспадар і пра ўласную гаспадарку паклапаціўся. Сабраны апошнія дары - журавіны. Перапрацавана на варэнне і сок садавіна. Прыбраныя і пераараныя на зіму агароды. Вяскоўцу быццам бы і палёгка, але рана яшчэ. Трэба нарыхтаваць дроў і яшчэ многае чаго, каб узімку не чухаць патыліцу… Здаецца нядаўна назіраў, як развітваліся перад дальняй дарогай ластаўкі, напрыканцы жніўня – буслы, кружачы над вёскамі, а сёння задумваюся над чалавечым існаваннем, праводзячы жураўліны клін за былы хутар дзеда Адася. Тут у лагодным сонечным свеце гараць адвечным полымем ліпы і бярозы на ўзлессі. Тым часам на твар, адзенне чапляецца павуціна “бабінага лета”. Здымаю адну за другой, а на твары з’яўляецца лагодная ўсмешка, якая пераходзіць у лёгкі смутак развітання з цяплом і вясёлкавай прыгажосцю наваколля. Аркадзь ЖУРАЎЛЁЎ, пісьменнік, в. Гарані. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Раннюю восень люблю не толькі за тое, што сам нарадзіўся ў верасні, а найперш за тое, што светлыя сны на бацькоўскім ложку роднага гаранскага котлішча вабяць...
|
|