Тэма тыдня: І Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны
29.10.2018
—
Разное
|
I Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны прайшоў 25-26 кастрычніка ў Гомелі. Праграма міжрэгіянальнага форуму ўключала ў сябе выстаўкі прадукцыі прадпрыемстваў дзвюх краін, пасяджэнне беларуска-ўкраінскага кансультатыўнага савета дзелавога супрацоўніцтва, правядзенне дзелавых перагавораў паміж прадстаўнікамі ўкраінскіх і беларускіх кампаній, галіновых секцый і пасяджэнняў экспертных рабочых груп, канцэрта Дружбы і іншых мерапрыемстваў. Прэзідэнты Беларусі і Украіны Аляксандр Лукашэнка і Пётр Парашэнка 26 кастрычніка прынялі ўдзел у форуме. Па выніках мерапрыемства падпісаны шэраг дакументаў і заключаны дамоўленасці, накіраваныя на пашырэнне супрацоўніцтва па ўсім спектры напрамкаў беларуска-ўкраінскага ўзаемадзеяння. Лукашэнка аб садзейнічанні міру ва Украіне: гэта павінны вырашаць тры славянскія народыБеларусь гатова дапамагчы ў вырашэнні канфлікту на ўсходзе Украіны там, дзе паміж канфліктуючымі бакамі няма даверу. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на пленарным пасяджэнні I Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны. Кіраўнік дзяржавы закрануў у сваім выступленні вострае для Украіны і яе суседзяў, у тым ліку для Беларусі, пытанне. «Яно вельмі важнае для мяне асабіста», адзначыў Прэзідэнт, растлумачыўшы, што яго карані ва Украіне, таму гэта краіна для яго не чужая. «Гэта пытанне вайны і міру. Я яго закранаю, таму што яно апошнім часам вельмі палітызаванае. Беларусь знаходзіцца не за тысячы кіламетраў ад канфлікту, ад гэтай вайны, дзе гінуць ні ў чым не вінаватыя людзі. Гэта зусім побач, ля нашага парога, у нашых братоў, – звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. – Мэта адна (я гэта ведаю па Прэзідэнце Украіны і, скажу шчыра, па многіх уцягнутых у гэты канфлікт) – спыніць гэту вайну, захаваць адзінай і непадзельнай Украіну». «І тут мала дамовіцца, будзем шчырымі, Расіі і Украіне. Можна дамовіцца, але гэтага мала. Будзем таксама шчырымі: страчаны давер адзін да аднаго. У сувязі з гэтым, каб быць абсалютна адназначным і пазіцыю Беларусі разумелі нашы браты-ўкраінцы і тыя, хто нас пачуе, каб не было рознай балбатні вакол гэтага, я хачу адкрыта заявіць: мы гатовы ўключыцца ў гэты канфлікт там, дзе складана і дзе няма таго даверу, які павінен быць. Мы гатовы зрабіць гэта, але толькі дзеля аднаго – дзеля міру. Гэту праблему – гэта мой пункт гледжання – павінны вырашыць мы, тры славянскія народы. Гэта наша бяда. Ні еўрапейцы, ні амерыканцы, ні нехта іншы – мы павінны вырашыць гэту праблему, каб яна не была замарожана па прыкладзе іншых некалі гарачых кропак на постсавецкай прасторы», – перакананы Аляксандр Лукашэнка. «Рэспубліка Беларусь гатова працаваць толькі ў рамках дамоўленасцей Украіны і Расіі, двух прэзідэнтаў. Запомніце: мы не напрошваемся на ролю міратворца або пасрэдніка. Я гэтага цярпець не магу. Калі былі ўведзены санкцыі Захаду супраць Беларусі, была вялікая колькасць прапаноў па пасрэдніцтве – усе былі гатовы быць пасрэднікам паміж Беларуссю і Захадам. Ад тых пасрэднікаў я адмовіўся, таму не прымаю ніякага пасрэдніцтва. Ніякай міратворчасці з боку Беларусі без жадання двух прэзідэнтаў быць не можа і не будзе», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз звярнуў увагу, што калі трэба ўключыць Беларусь ва ўрэгуляванне канфлікту, то яна будзе дзейнічаць, толькі зыходзячы з дамоўленасцей украінскага і расійскага бакоў. «Расіяне і ўкраінцы нам не чужыя. Гэта нашы родныя людзі», – сказаў Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы дадаў, што канфлікт ва Украіне ні ў якім разе не павінен быць пакінуты наступным пакаленням. «Гэта будзе злачынства нашага пакалення перад тымі, хто прыйдзе пасля нас», – падкрэсліў ён. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, на Форуме рэгіёнаў у Гомелі ўкраінскі бок прымаюць вельмі цёпла, і гэта не створыш штучна. «Гэта стаўленне і маё, і мясцовых улад, і, галоўнае, беларусаў, да вас. Мы за вас вельмі перажываем, – звярнуўся да ўкраінскіх гасцей Прэзідэнт. – Мы хочам, каб гэта цудоўная зямля, багацейшая па сваіх рэсурсах і з суперпрацавітымі людзьмі, была працвітаючай. Яна такой і будзе». Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што войны заўсёды заканчваюцца – аб гэтым сведчыць гісторыя. «Але чаму нам гэтыя канфлікты не скончыць хутчэй, як мага раней? – спытаў ён. – Я не мог не закрануць гэту тэму з прычыны таго, што Беларусь з усіх бакоў уцягнулі ў гэту праблему. І я хачу, каб вы ведалі нашу пазіцыю: мы калі і прыйдзем з поўначы да вас (я хачу, каб гэта некаторыя ваенныя ва Украіне пачулі), то на камбайнах, трактарах, тралейбусах і аўтобусах. Мы ніколі не прыйдзем да вас на танках». «Мы не просімся ні пасрэднікамі, ні міратворцамі. Мы проста за вас перажываем. І калі мы нешта зможам і можам для вас зрабіць, мы гатовы. Я наогул не прымаю, калі ўкраінскую зямлю некаторыя спрабуюць выкарыстоўваць як разменную манету. Украіна заўсёды будзе магутнай, працвітаючай і адзінай, але трэба ўмець дамаўляцца. Сёння трэба спыніць братазабойчую вайну – мы да вашых паслуг», – рэзюмаваў беларускі лідар. Парашэнка ўдзячны Беларусі за стварэнне ўмоў для мірных перагавораўПрэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка ўдзячны беларускаму боку за стварэнне ўмоў для работы мінскай перагаворнай пляцоўкі. Аб гэтым ён заявіў, выступаючы на I Форуме рэгіёнаў дзвюх краін. Кіраўнік украінскай дзяржавы расказаў, як беларускі лідар пайшоў яму насустрач у адказ на просьбу арганізаваць у Мінску перагаворы па спыненні ваеннага канфлікту. Затым – шматгадзінныя перагаворы. «У Мінску былі падпісаны дакументы, якія назаўсёды ўвойдуць у падручнікі дыпламатыі. Яны называюцца мінскімі пагадненнямі», – падкрэсліў Пётр Парашэнка. «Ці давяраю я Лукашэнку? На 100 працэнтаў. І мы пра гэта сёння гаварылі», – заявіў украінскі лідар. Паводле яго слоў, місія кіраўніка беларускай дзяржавы, як Беларусі ў цэлым, вельмі важная. «Трохбаковая кантактная група працуе ў Мінску. І Беларусь робіць усё, што можа, каб арганізаваць гэту работу, – сказаў Пётр Парашэнка. – Таму я хачу падзякаваць Аляксандру Рыгоравічу, беларускаму народу, Мінску». У Беларусі і Украіне ёсць каласальнае запатрабаванне грамадства на ўмацаванне дружбы і добрасуседства – ЛукашэнкаАб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на пленарным пасяджэнні I Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны. «Высокі ўзровень прадстаўніцтва рэгіёнаў абедзвюх дзяржаў сведчыць аб тым, што і ў Беларусі, і ва Украіне ёсць каласальнае запатрабаванне грамадства на далейшае развіццё адносін і ўмацаванне традыцый дружбы і добрасуседства. У іх аснове агульныя духоўныя і маральныя каштоўнасці, падабенства менталітэту нашых братэрскіх народаў», – сказаў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт падкрэсліў, што паміж краінамі не існуе невырашальных праблем – Мінск і Кіеў заўсёды знаходзілі ўзаемапрымальныя рашэнні. «Разам з маім украінскім калегам мы абмеркавалі ўсе актуальныя напрамкі супрацоўніцтва, якія патрабуюць нашай увагі. Не засталося ніводнага пытання, па якім мы не пагаварылі б. Думаю, што па выніках перагавораў будуць расстаўлены неабходныя акцэнты па ўсіх пытаннях, якія нас цікавяць. Падкрэслю, што беларуска-ўкраінскі дыялог на вышэйшым узроўні мае адкрыты і даверны характар. Мы можам у канструктыўнай атмасферы абмяркоўваць любыя, часам вельмі складаныя тэмы», – заявіў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўсе дасягнутыя з украінскім бокам дамоўленасці і рашэнні выконваюцца. Для гэтага задзейнічаны ўвесь інструментарый, уключаючы работу на ўзроўні віцэ-прэм’ераў – міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. «Разам з тым перакананы, што змястоўнасць беларуска-ўкраінскіх адносін шмат у чым залежыць непасрэдна ад вынікаў узаемадзеяння на міжрэгіянальным узроўні. Менавіта таму гэты форум стане зручнай пляцоўкай для эфектыўнага абмеркавання ўсіх без выключэння актуальных напрамкаў супрацоўніцтва», – дадаў Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што Беларусь развівае міжрэгіянальнае ўзаемадзеянне са многімі краінамі, у тым ліку Расіяй і Кітаем. «Ніколі не памрэ супрацоўніцтва паміж дзяржавамі і народамі, калі яно завязана непасрэдна на рэгіёны. Таму гэта вялікая справа, якую мы пачалі, – фундамент для таго, каб нашы адносіны існавалі вечна», – заявіў ён. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Украіна з’яўляецца для Беларусі не толькі добрым сябрам і краінай-суседкай, але таксама адным з важнейшых палітычных і гандлёва-эканамічных партнёраў. Апошнія гады адзначаецца дадатная дынаміка росту ўзаемнага тавараабароту. Па выніках 2017 года аб’ёмы двухбаковага гандлю павялічыліся ў параўнанні з 2016 годам больш як на 20 працэнтаў і склалі больш за $4,5 млрд. У бягучым годзе расце не толькі беларускі экспарт, але і імпарт прадукцыі з Украіны. «Аднак упэўнены, што мы здольны зрабіць значна больш. Патэнцыял Беларусі і Украіны дае магчымасць рэалізаваць складаныя і значныя па сваім маштабе праекты ў розных галінах эканомікі. Мы дамовіліся з Прэзідэнтам сур’ёзна папрацаваць, каб ужо цяпер, не марудзячы, кардынальна змяніць сітуацыю і выйсці на намечаны рубеж у памеры восем, а потым і на дзесяць мільярдаў долараў», – заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, найбольш перспектыўнымі напрамкамі міждзяржаўнага супрацоўніцтва Беларусі і Украіны з’яўляюцца сельская гаспадарка, нафтахімічны і машынабудаўнічы комплексы, гуманітарная і навукова-тэхнічная сферы. Беларусь імкнецца да шырокафарматнага супрацоўніцтва з Украінай ва ўсіх сферах – Лукашэнка«Беларусь настроена на прадметны і канструктыўны дыялог са сваімі ўкраінскімі сябрамі на любым напрамку – няма забароненых тэм. Наша краіна імкнецца да шырокафарматнага супрацоўніцтва з Украінай ва ўсіх сферах у духу даверу і ўзаемнай падтрымкі», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт звярнуў увагу, што не толькі эканоміка, але і цесныя гуманітарныя сувязі аб’ядноўваюць дзве краіны і яе народы. Актыўна развіваецца двухбаковае ўзаемадзеянне ў сферах спорту, навукі і адукацыі. «У абедзвюх дзяржавах створаны ўсе неабходныя ўмовы для захавання ідэнтычнасці нацыянальных дыяспар. Дні культуры Украіны ў Беларусі, якія з поспехам прайшлі гэтым летам у Мінску і рэгіёнах, сталі незабыўнай падзеяй», – адзначыў кіраўнік дзяржавы. Ён нагадаў, што ў 2019 годзе ў Мінску адбудуцца ІІ Еўрапейскія гульні. У Беларусі, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, будуць рады бачыць на іх украінскіх спартсменаў і будуць балець за іх паспяховае выступленне гэтак жа, як і за беларускіх атлетаў. «Спорт і наогул мерапрыемствы такога ўзроўню з’яўляюцца магутным аб’яднальным фактарам», – упэўнены Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што пасля І Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны міжрэгіянальнае супрацоўніцтва дзвюх краін набудзе новае дыханне. «Ён стане важным імпульсам для выхаду на новыя сумесныя ініцыятывы ў галіне эканомікі, культуры, спорту, турызму, адукацыі і навукі», – заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ад паставак тэхнікі да выхаду на трэція рынкі – што Лукашэнка прапанаваў Украіне на Форуме рэгіёнаўПрэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на пленарным пасяджэнні I Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны назваў перспектыўныя сферы супрацоўніцтва паміж краінамі. Удзел у мадэрнізацыі інфраструктуры ўкраінскіх гарадоў «Беларусь гатова падзяліцца з Украінай сваім вопытам у інфраструктурнай мадэрнізацыі – ва ўдасканаленні камунальнай гаспадаркі, абнаўленні парку пасажырскай і спецыяльнай тэхнікі, дарожным будаўніцтве», – сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, у Гомелі ўкраінскія партнёры змогуць на канкрэтных прыкладах азнаёміцца з вынікамі работы беларускіх спецыялістаў і перспектывамі ўзаемнага супрацоўніцтва. Кааперацыя з украінскім горна-металургічным комплексам Прэзідэнт падкрэсліў, што беларускі бок, як і раней, гатовы да цеснай кааперацыі з украінскім горна-металургічным комплексам. «Не сакрэт, што яго тэхналагічны парк шмат у чым забяспечваецца надзейнай, праверанай гадамі кар’ернай тэхнікай БелАЗ. Нам неабходна прадаўжаць стратэгічнае ўзаемадзеянне ў гэтай сферы», – упэўнены кіраўнік дзяржавы. Транспарт і лагістыка Значны патэнцыял мае супрацоўніцтва ў транспартнай лагістыцы, лічыць Аляксандр Лукашэнка. «Больш эфектыўнае выкарыстанне нашымі краінамі геаграфічных пераваг будзе садзейнічаць паспяховай рэалізацыі розных праектаў у рамках мультымадальнага транспартнага калідора Балтыйскае мора – Чорнае мора», – звярнуў ён увагу. На думку Прэзідэнта, важна задзейнічаць чыгуначны складнік, рачное суднаходства і інтэграваць марскія парты Украіны ў лагістычныя ланцужкі. Стварэнне сумесных прадпрыемстваў і выхад на рынкі трэціх краін У гандлёва-эканамічныя сувязі паміж дзвюма краінамі ўключана вялікая колькасць суб’ектаў гаспадарання. У Беларусі налічваецца каля 300 сумесных кампаній з украінскім капіталам. Ва Украіне дзейнічае прыкладна 100 прадпрыемстваў з беларускім удзелам. «Агульны аб’ём інвестыцый, укладзеных у праекты, што рэалізуюцца нашай краінай на тэрыторыі Беларусі і Украіны, у 2017 годзе перасягнуў $1,2 млрд», – канстатаваў кіраўнік дзяржавы. Толькі за мінулы год ва Украіне на сумесных зборачных вытворчасцях выпушчана больш за 2 тыс. трактароў, 90 камбайнаў і 500 ліфтаў, дадаў ён. У сваю чаргу Беларусь традыцыйна закупляе ва Украіне метал і ў шырокім асартыменце камплектуючыя для машынабудаўнічага комплексу, а таксама сельскагаспадарчую сыравіну і прадукцыю для развіцця жывёлагадоўлі і іншых галін сельскай гаспадаркі і харчовай прамысловасці. «Без удзелу рэгіёнаў нашых краін праекты ў галіне кааперацыі былі б пазбаўлены практычнага сэнсу. Аднак мы можам працаваць не толькі на рынкі сваіх дзяржаў. Напэўна, такі падыход быў бы занадта простым для нашых эканомік, якія знаходзяцца ў самым сэрцы Еўропы, на скрыжаванні асноўных гандлёвых шляхоў і ўдзельнічаюць у буйных праектах рэгіянальнай інтэграцыі. Акцэнт трэба рабіць на стварэнні сумесных прадпрыемстваў, якія выпускаюць прадукцыю для рынкаў трэціх краін», – перакананы Аляксандр Лукашэнка. Прыход украінскага бізнесу ў ПВТ і «Вялікі камень» Украінскаму бізнесу, лічыць Прэзідэнт, будуць цікавы такія перспектыўныя пляцоўкі, як беларускі Парк высокіх тэхналогій і Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень». «Прэферэнцыі і спрыяльны інвестыцыйны клімат у рамках гэтых ініцыятыў даюць магчымасць рэалізаваць маштабныя задачы ў інавацыйнай сферы», – звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. «Акрамя таго, аграрыяў вашай краіны напэўна зацікавіць магчымасць глыбокай перапрацоўкі збожжа ў Беларусі для атрымання незаменных амінакіслот і выпуску высокатэхналагічных камбікармоў для жывёлагадоўлі. Гэты праект, у рамках якога будзе пабудавана 14 заводаў, рэалізуецца ў супрацоўніцтве з нашымі кітайскімі партнёрамі. Стварэнне вытворчасці разлічана на перыяд да 2030 года і прадугледжвае інвестыцыі ў памеры больш як $700 млн», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт падкрэсліў, што такіх праектаў можа быць шмат, і заклікаў украінскіх прадпрымальнікаў і прамыслоўцаў уважліва ацаніць патэнцыял супрацоўніцтва з Беларуссю і яе рэгіёнамі. Парашэнка бачыць падставы для павелічэння тавараабароту з Беларуссю да $10 млрдПрэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка бачыць усе падставы для павелічэння тавараабароту з Беларуссю да $10 млрд. Аб гэтым ён заявіў, выступаючы на I Форуме рэгіёнаў Беларусі і Украіны. Дасягненне такога тавараабароту ўкраінскі лідар назваў абсалютна рэальным, звярнуўшы ўвагу на значныя тэмпы росту гандлю паміж дзвюма краінамі. Пётр Парашэнка выказаў надзею, што ўжо ў наступным годзе тавараабарот паміж краінамі складзе не менш як $7 млрд. Прэзідэнт Украіны выказаў удзячнасць за тое, што дамоўленасці, дасягнутыя ў час яго папярэдняй сустрэчы з кіраўніком беларускай дзяржавы, скрупулёзна выконваюцца. Правядзенне Форуму рэгіёнаў ён назваў вельмі ўдалай ініцыятывай, якая сімвалізуе дружалюбныя і партнёрскія адносіны паміж дзвюма краінамі і рэгіёнамі, прадпрыемствамі, а галоўнае – народамі. Пётр Парашэнка выказаў упэўненасць, што граніца паміж Беларуссю і Украінай была, ёсць і дакладна будзе лініяй міру і дружбы, а добрыя адносіны паміж лідарамі краін, дзяржавамі і народамі будуць умацоўвацца і развівацца. Ён таксама адзначыў актыўную работу сумеснай беларуска-ўкраінскай дэмаркацыйнай камісіі. Прэзідэнт падкрэсліў, што Украіна разглядае Беларусь як стратэгічнага партнёра і прыярытэтам з’яўляецца гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. Кіраўнік украінскай дзяржавы назваў фантастычнай арганізаваную ў Гомелі выстаўку тэхнікі, якая вырабляецца ў Беларусі, і адзначыў, што бакі развіваюць сумесныя прадпрыемствы. Значны патэнцыял для актывізацыі супрацоўніцтва ёсць і ў аграрнай галіне. Паводле слоў украінскага лідара, бакі дамовіліся ў бліжэйшы час стварыць рабочую групу па ліквідацыі некаторых абмежаванняў і бар’ераў ва ўзаемным гандлі. Пётр Парашэнка расказаў аб рабоце, якая праводзіцца ва Украіне па стварэнні найбольш прывабных умоў для росту дзелавой актыўнасці, развіцця эканомікі краіны. Ён таксама падзякаваў за ўмовы, якія ствараюцца для ўкраінскіх прадпрыемстваў у Беларусі. Акрамя таго, Прэзідэнт Украіны звярнуў увагу, што падпісанне пагаднення аб рэадмісіі дасць магчымасць мінімізаваць негатыўныя моманты, змагацца з незаконнай міграцыяй. Лукашэнка: у Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны вялікая перспектываАб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з Прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што мерапрыемствы першага дня форуму напярэдадні прайшлі добра. «Людзі вельмі задаволены, шмат аб чым дамовіліся, многія заключылі кантракты. Таму ў гэтага мерапрыемства вялікая перспектыва, і мы заўсёды будзем рады бачыць вас у Беларусі», – сказаў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, наступны форум пройдзе на тэрыторыі Украіны. «І мы з задавальненнем вялікай дэлегацыяй прыедзем у той горад, які вы вызначыце», – сказаў беларускі лідар. Аляксандр Лукашэнка цёпла вітаў Пятра Парашэнку ў Гомелі. «Вы, напэўна, адчуваеце, што ён нічым не адрозніваецца ад цудоўных украінскіх гарадоў. Гэта зразумела, паколькі да граніцы тут літаральна рукой падаць. Тут вельмі шмат жыве ўкраінцаў, грамадзян Украіны (асабліва ў апошні час), якія ў сувязі з канфліктам перасяліліся сюды», – адзначыў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт прывёў даныя, што ўсяго з Украіны ў Беларусь у гэты перыяд прыехалі прыкладна 150 тыс. чалавек, некаторыя ўжо вяртаюцца назад. «Але галоўнае не ў гэтым. Галоўнае ў тым, што гэты цяжкі перыяд прайшоў. Таму што нам трэба было людзям дапамагчы, працаўладкаваць, і мы з імі абыходзіліся, як са сваімі людзьмі. Таму Гомель – гэта добры, цёплы горад для ўкраінцаў», – дадаў ён. Парашэнка: паміж Украінай і Беларуссю, лідарамі краін ёсць даверАб гэтым заявіў Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. «Паміж Украінай і Беларуссю ёсць давер, паміж Лукашэнкам і Парашэнкам ёсць давер. І я абсалютна ўпэўнены, што гэты давер выльецца ў бяспеку, надзейнасць, дружбу і супрацоўніцтва», – падкрэсліў украінскі лідар. Ён дадаў, што граніца паміж Беларуссю і Украінай павінна быць выключна граніцай міру, дружбы і надзейнасці. «І вы, і я прыкладаем для гэтага максімальныя намаганні», – адзначыў Пётр Парашэнка. Прэзідэнт Украіны падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за ідэю правядзення Форуму рэгіёнаў. «Сёння мы пераканаліся, што наша рашэнне аб правядзенні форуму было правільным. Падпісана ўжо шэсць дагавораў. Будзе падпісаны яшчэ шэраг пагадненняў паміж нашымі рэгіёнамі. І ад гэтых дагавораў будуць лепш жыць і людзі ва Украіне, і ў Беларусі», – сказаў ён. Пётр Парашэнка таксама звярнуў увагу на тое, як сустракаюць украінскую дэлегацыю, на добраўпарадкаванне Гомеля, увагу і цёплы прыём ад мясцовых жыхароў. «Гэта лепш, чым словы якой бы там ні было прапаганды аб напружанні паміж нашымі народамі. Адносіны паміж нашымі народамі сёння характарызуюцца дружбай і супрацоўніцтвам гэтак жа, як і адносіны паміж прэзідэнтамі», – падкрэсліў украінскі лідар. «Мы абсалютна ўпэўнены, што адносіны выйшлі на сур’ёзны рост», – заявіў Пётр Парашэнка. Ён, у прыватнасці, адзначыў сур’ёзны рост тавараабароту паміж краінамі, назваўшы гэты факт сведчаннем таго, што бакі не выбудоўваць ахоўныя бар’еры, а, наадварот, расчышчаюць іх. «І прадукцыя беларускага машынабудавання, харчовай прамысловасці, будаўнічыя, дарожна-будаўнічыя кампаніі з Беларусі адчуваюць сябе вельмі камфортна ва Украіне. І рост паставак украінскай прадукцыі ў Беларусь рухаецца апераджальнымі тэмпамі. Для нас вельмі важна зберагчы гэтыя тэндэнцыі», – сказаў кіраўнік украінскай дзяржавы. Вельмі важным Пётр Парашэнка назваў супрацоўніцтва паміж людзьмі. У якасці прыкладу ён прывёў правядзенне Дзён культуры Украіны ў Беларусі. «І гэту практыку мы з вамі павінны курыраваць і прадаўжаць. Таму што адносіны паміж людзьмі – гэта залог добрых адносін паміж краінамі», – упэўнены Прэзідэнт. Пётр Парашэнка адзначыў важнасць каардынацыі дзеянняў Украіны і Беларусі ў тым ліку на знешняй арэне, у пытаннях бяспекі. Дамоўленасць аб правядзенні ў 2018 годзе ў Гомелі I Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны была дасягнута ў ходзе афіцыйнага візіту ва Украіну Прэзідэнта Беларусі 20-21 ліпеня 2017 года. Праграма міжрэгіянальнага форуму разлічана на два дні і ўключае ў сябе выстаўкі прадукцыі прадпрыемстваў дзвюх краін, пасяджэнне беларуска-ўкраінскага кансультатыўнага савета дзелавога супрацоўніцтва, правядзенне дзелавых перагавораў паміж прадстаўнікамі ўкраінскіх і беларускіх кампаній, галіновых секцый і пасяджэнняў экспертных рабочых груп, канцэрта Дружбы і іншых мерапрыемстваў. Па выніках студзеня-жніўня 2018 года тавараабарот паміж Беларуссю і Украінай склаў $3,66 млрд і ў параўнанні з аналагічным перыядам 2017-га павялічыўся на 23,7 працэнта, экспарт – $2,71 млрд (рост на 23,5 працэнта). У Беларусі дзейнічаюць 295 прадпрыемстваў з украінскім капіталам, у тым ліку 122 сумесныя. Ва Украіне створана 8 сумесных зборачных вытворчасцей рознай беларускай тэхнікі. У цэлым ва Украіне функцыянуе больш за 100 арганізацый тавараправоднай сеткі беларускай прадукцыі.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
I Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны прайшоў 25-26 кастрычніка ў Гомелі. Праграма міжрэгіянальнага форуму ўключала ў сябе выстаўкі прадукцыі прадпрыемстваў дзвюх...
|
|