Якім цудоўным быў сёлета Дзень маці ў Астроўскім сельскім доме культуры! Для мам арганізавалі “салодкі” стол. Спонсарам гэтага мерапрыемства выступіла ААТ “Нясвіж-скія Астроўкі”. А яго дырэктар Васіль Халопіца таксама прысутнічаў у зале. Трэба сказаць, што Васіль Мікалаевіч вельмі цэніць мясцовых артыстаў. Ён быў разам з усімі на канцэрце і ў Дзень пажылых людзей. А наша вакальная група “Спатканне” выступала ў новых сцэнічных касцюмах, набытых сёлета за сродкі сельгаспрадпрыемства.
Бог не абдзяліў талентамі нашых землякоў. Хораша спяваюць Святлана Майсейчык, Алена Ройка, Святлана Цімафейчык, Зінаіда Валочнік, Вера Андрэева, Аляксандр Сукала, Алеся і Аляксандр Баранавы. Актыўныя ўдзельнікі канцэртаў — настаўніцы Астроўскай СШ Іна Акулава, Марына Кунік і Галіна Кішко. Дачка Галіны Кішко, 11-класніца Ірына, таксама прыгожа спявае, і сын, трэцякласнік Пашка, з чатырох гадоў на сцэне. Ідэйным натхняльнікам творчых людзей з’яўляецца мастацкі кіраўнік СДК Таццяна Гунько. І не толькі песні можна пачуць са сцэны, а і пабачыць розныя тэатралізаваныя пастаноўкі.
Дарослыя абавязкова ўключаюць у канцэрты выступленне дзяцей. Тыя са сцэны віншавалі матуль са святам, прыпаднеслі ім падарункі.
Пяшчотныя, кранальныя песні, іх высокапрафесійнае выкананне нікога не па-кінулі раўнадушным. На вачах многіх гледачоў былі бачны слёзы. Такія мерапрыемствы напаўняюць душу лёгкай радасцю, святлом, спакоем, яны аб’ядноўваюць людзей у адзіную сям’ю.
Галіна ХВАЛЬ,
в. Прасці.