В Ушачах чествовали победителей районного конкурса по благоустройству
15.11.2018
—
Разное
|
“Даўно такога не бачыў, у нас у Расіі падобных мерапрыемстваў не праводзяць. Не проста спадабалася – я ўражаны”, – ледзь не са слязамі на вачах гаварыў у канцы свята Валерый Іванавіч Сінько. Пыталася аб уражаннях менавіта ў гэтай сям’і з Санкт-Пецярбурга, якая не адзін год пастаянна жыве ў Вялікіх Дольцах, бо ведала, што яны ўпершыню трапілі ў намінацыю “Лепшы ветэранскі падворак”, як і ўвогуле ўпершыню на раённае свята. А вось Ганна Віктараўна Качан, як і многія іншыя жыхары гарпасёлка, прыходзіць пастаянна. Каб пабачыць знаёмых, парадавацца за годных гаспадароў, паглядзець канцэрт. Мерапрыемствы ўшанавання пераможцаў агляду-конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне і санітарны стан населеных пунктаў, утрыманне аб’ектаў вытворчага і сацыяльна-культурнага прызначэння па-сапраўднаму сталі народнымі. “Я супраць мудрагелістасці, у нас ля дома па Сонечнай у Вяркудах усё стрымана. Сорак туй сёлета пасадзілі – жывая агароджа з цягам часу будзе, дарожку праклалі”, – дзяліліся планамі Анатоль Васільевіч і Алена Міхайлаўна Лунёнкі з Вяркуд. Дом некалі вадзіцелю і настаўніцы выдзеліў калгас “Савецкая Беларусь”. І да таго, як прыватызавалі, парадак падтрымлівалі, гаспадарчыя пабудовы ўзводзілі. А вось плантацыю хвойнікаў наўрад ці б набылі самі, вельмі дорага. Ды пашчасціла, брат Алены Міхайлаўны захапляецца развядзеннем, у яго атрымліваецца, так што нават з суседзямі падзяліліся саджанцамі”. І калі гэта сям’я толькі марыць пра металічную агароджу, то пераможца рэдакцыйнага конкурсу “Адрасы прыгажосці на карце Ушаччыны” Сяргей Сямёнавіч Міхейка з Наваселля за некалькі месяцаў пасля нашага візіту паспеў яе ўстанавіць. Сродкі адкладваў з зімы: што з пенсіі, што з продажу мядку, паколькі даглядае ажно 20 сямей пчол. Аднак напэўна, яшчэ б збіраў сродкі, каб не залатыя рукі сына, які і “эйфелевую вежу” ўстанавіў, і штыкетнік сам зрабіў, куплялі толькі метал. А вось здзівіў мяне Міхейка-старэйшы тым, што менавіта ён даглядае за ружамі: “На Валянціне Васільеўне ўсе іншыя кветкі, ну а пляцістыя і паўпляцістыя ружы, з якіх зроблена арка, – на мне. Абразаю, звязваю, падкладаю лапкі, укрываю руберойдам”. “А калі гэта вы паспелі наш дом сфатаграфаваць, чаму не зайшліся”, – пыталіся Мікалай Пятровіч і Ганна Сяргееўна Храмёнкі з Ціханят, якія ўбачылі сваю сядзібу на старонках газеты. Тлумачым, што вылучэннем намінантаў па сельскай мясцовасці займаліся старшыні сельвыканкамаў, прычым амаль у кожнай намінацыі падавалі па некалькі прэтэндэнтаў. А потым члены камісіі адкрытым галасаваннем вызначалі пераможцу. Часта толькі з перавагай у адзін голас праходзіць намінант, а нярэдка і ўвогуле меркаванне членаў журы падзяляецца пароўну. Тады ўлічваецца найбольшы сёлетні ўклад у добраўпарадкаванне і многія іншыя акалічнасці. Пераканалася ў гэтым, дарэчы, і рэдакцыя. Летам мы пісалі пра сям’ю Баграцоў з Селішча, а праз непрацяглы час убачылі такія ж расфарбаваныя камяні на тэрыторыі Глыбачанскага лясніцтва. Ідэю пераняла майстар Наталля Шарамет, а ўстанова была прызнана лепшым аб’ектам аграгарадка. Дарэчы, на сцэну ў гэты дзень падымаўся не толькі ляснічы Артур Пятровіч Арцюх, а і яго калега Андрэй Сяргеевіч Падвойскі з Ушацкага лясніцтва, якое прызнана лепшым прадпрыемствам лясной гаспадаркі і дрэваапрацоўкі, а таксама дырэктар лясгаса Уладзіслаў Уладзіміравіч Цвірко, які як і начальнікі аддзела па адукацыі Наталля Васільеўна Стрыжонак і раёна газазабеспячэння Яўген Мікалаевіч Шчасны атрымалі Падзякі старшыні райвыканкама за значны ўклад у навядзенне парадку на зямлі і выкананне мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні тэрыторый населеных пунктаў. Не будзем зноў пералічаць усіх пераможцаў – з іх імёнамі вы азнаёміліся напярэдадні свята. Ну а вось яшчэ некалькі прыкладаў прывядзём. Лепшым населеным пунктам прызнана Крывушчана Дубраўскага сельсавета. Упершыню, хоць вёска вылучалася на працягу апошніх некалькіх гадоў. Але ў гэтай намінацыі, як і сярод прыватных сядзіб – вельмі моцная канкурэнцыя. Складана было падняцца на сцэну Клаўдзіі Сцяпанаўне Жаваранак з Лажаняў: у сталых гадах былая даярка, аднак да гэтага часу вельмі любіць кветкі. Некалі дом патанаў у яе любімых вяргінях, і зараз якіх толькі няма. Дачка Тамара працуе кветкаводам у Санкт-Пецярбургу, шмат чаго прывозіць. Дапамагаюць наводзіць прыгажосць і ўсе астатнія дзеці, асабліва сын і нявестка Таццяна. Вельмі прыемна, што заахвочана сёлета менавіта гэта сям’я, якая падтрымлівае парадак не толькі вакол сваёй сядзібы, але і на брацкім пахаванні безыменных партызан. Няма на магіле абеліска, а вось кветкі ляжаць заўсёды. Дзякуючы Клаўдзіі Сцяпанаўне і правільнаму выхаванню яе дзяцей. Вольга Караленка. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
“Даўно такога не бачыў, у нас у Расіі падобных мерапрыемстваў не праводзяць. Не проста спадабалася – я ўражаны”, – ледзь не са слязамі на вачах гаварыў у канцы... |
|