Іўю праз усе дзесяцігоддзі шчасціла на людзей таленавітых, падвіжнікаў на ніве культуры, якія так праглі паказаць усім наўкол, наколькі мы, беларусы, багатыя культурнай спадчынай.
Апошнія дзесяцігоддзі праца культработнікаў атрымала новае гучанне. Як ніколі раней, прысвечана яна зберажэнню і ўзбагачэнню этнасу, фальклору.
Сёння ў раёне дзейнічаюць 9 калектываў, якія носяць пачэснае званне народных. Сёлета да іх далучыўся яшчэ адзін калектыў, дзіцячы. Званне “узорнага” атрымаў калектыў тэатральнага аддзялення Іўеўскай дзіцячай школы мастацтваў.
Культурную сферу ў раёне прадстаўляюць шэсць устаноў: Іўеўскі цэнтр культуры і вольнага часу, Іўеўская раённая бібліятэка, Іўеўскі музей нацыянальных культур, Іўеўская дзіцячая школа мастацтваў, Юрацішкаўская дзіцячая школа мастацтваў, Геранёнская дзіцячая школа мастацтваў.
Адзіны такі ў Беларусі, Іўеўскі музей нацыянальных культур, працягвае супрацоўніцтва з удзельнікамі беларуска-ізраільскага праекта «Корні», наладжвае сувязі з Падляскім музеем народной культуры ў Польшчы, працуе над адкрыццём трэцяга раздзелу («Беларускiя яўрэi”) пастаяннай экспазіцыі музея «Пад адзiным небам праз стагоддзi».
Жыхары Іўеўшчыны — гледачы спрактыкаваныя. Толькі творчыя знаходкі, толькі шчырасць і сапраўдная любоў да сваёй справы культработнікаў можа выклікаць у іх інтарэс і паклікаць прыйсці на сцэнічныя і канцэртныя пляцоўкі, якія працуюць выхаднымі днямі ў кожным аграгарадку, у раённым цэнтры. І былі створаны такія творчыя мерапрыемствы, якія сталі апошнімі гадамі сваімі, асабістымі, брэндавымі святамі, якія ўслаўляюць малую радзіму, якіх не пабачыш, не сустрэнеш у іншых месцах: праект “Дзед Зімнік і Баба Завіруха”, фестываль-конкурс калядных песень “Глорыя”, «Тэатральныя сустрэчы ў Трабах”, «Моц смаку”, «Ліпнішкаўскія сенакосы», «Бакштаўскі каларыт», «Шляхетны фэст», «Рэха забытага балю», “Морынская залатая рыбка”, Іўеўскі памідор” і іншыя. Такія святы — гэта тое, што вяртае нас да каранёў, што дазваляе захоўваць традыцыі, нацыянальны каларыт, гістарычныя падзеі і славутыя імёны, гэта тое, што напамінае яшчэ і яшчэ раз, якую багатую культуру мае беларускі народ.
Не забываючы пра творчыя перамогі (а іх вельмі шмат і на розных узроўнях), культура Іўеўшчыны актыўна рыхтавалася да абласнога фестывалю-кірмашу “Дажынкі”. Вельмі шмат зроблена. Праведзены бягучыя рамонты ўстаноў культуры ў аграгарадках Геранёны,
Ліпнішкі, Морына. Не пазнаць галоўнай культурнай установы раёна – Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу. Рамонт унутры памяшкання творча і непаўторна праводзіў іўеўскі мастак Іван Іванавіч Васюкевіч. І прыгажосць захапляе вас з самых першых крокаў у вестыбюлі. Адрамантаваны фасад будынка Іўеўскай раённай бібліятэкі.
Сёння ў дзень свята аграрыяў вобласці гасцям і ўдзельнікам фестывалю-кірмашу належыць ацаніць і насычаную культурную праграму падзеі.