Узлёт і падзенне. Частка 1 . 21.by

Узлёт і падзенне. Частка 1

13.12.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Дзмітрый ПрышчэпаўІмя наркама земляробства БССР Дзмітрыя Прышчэпава добра вядома беларусам. Але і па сёння ў яго біяграфіі, напэўна, больш пытанняў, чым адказаў. Гісторыкі працягваюць вывучаць вірлівы лёс гэтай неардынарнай асобы і адкрываюць новыя факты. Нам таксама блізкая гэта тэма, бо Дзмітрый Філімонавіч Прышчэпаў – выхадзец з Крупшчыны. Шмат цікавых падрабязнасцяў пра нашага земляка, вядомага дзяржаўнага дзеяча, ведае кандыдат гістарычных навук Дзмітрый Хромчанка. Напярэдадні 100-годдзя БССР мы зноў разам з ім праводзім паралелі часу і перагортваем старонкі нашай краіны.

– У свой час, калі яшчэ былі жывыя відавочцы падзей амаль стогадовай даўнасці, адзін са старажылаў з вёскі Калодніца былога Сенненскага павета на маё пытанне пра Дзмітрыя Філімонавіча Прышчэпава расказаў наступнае: «Было гэта неўзабаве пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. Аднойчы ў вёску прыехалі на машыне некалькі ваенных са шматлікімі ўзнагародамі і грамадзянскіх, па ўсяму бачна, высокіх начальнікаў. Я быў тады яшчэ падлеткам, але памятаю, што яны папрасілі паказаць месца і дом, дзе жылі бацькі Дзмітрыя Філімонавіча. Якім жа было іх здзіўленне, калі гасцей падвялі да звычайнай, урослай у зямлю сялянскай хаты на ўскрайку. «Мы думалі, што ён з багатых, а аказваецца, быў звычайным бедняком!» – заўважыў адзін з іх.

Сапраўды, у наш час у газетах, кнігах, нават падручніках з’явілася хадзячая назва «прышчэпаўшчына» як сінонім насаджэння хутароў, палітыкі падтрымкі заможных сялян, так званых кулакоў. Адпаведна, што і ў тых гасцей склалася ўражанне, што Прышчэпаў – з багатых.

Дык кім жа сапраўды быў гэты чалавек?

У далёкія 20-я гады мінулага стагоддзя ён быў адным з кіраўнікоў Сенненскага павета, Віцебскага губернскага выканкама, чалавекам, чый подпіс стаіць пад дакументам аб узбуйненні Беларусі ў 1924 годзе, затым народным камісарам земляробства БССР, старшынёй сельскагаспадарчай секцыі Інстытута беларускай культуры, намеснікам старшыні Дзяржплана БССР і, урэшце, вязнем, скончыўшым сваё жыццё ў турэмнай бальніцы ў 1937 годзе.

За што ён быў рэпрэсіраваны? За хутарызацыю Беларусі, за ўдзел ва ўзброеным супраціўленні савецкай уладзе ў першыя гады яе станаўлення, за ўваходжанне ў «Саюз вызвалення Беларусі», які ў 1930-я гады быў вызначаны як кантррэвалюцыйная арганізацыя, меўшая на мэце адыход Беларусі ад СССР? Разбяромся па парадку.

Дзмітрый Філімонавіч Прышчэпаў з’яўляецца выхадцам з простай сялянскай сям’і з вёскі Калодніца, якая тады належала да Сенненскага павета. Дакладней, сама бацькоўская хата знаходзілася прыкладна ў кіламетры ад вёскі, у месцы, якое з пэўнай доляй умоўнасці можна назваць хутарам. Там Філімон Прышчэпаў меў невялікі надзел зямлі. Тут 9 лістапада 1896 года і нарадзіўся Дзмітрый. Бацька на той час быў батраком у мясцовага памешчыка. Хлопчык рана пачаў працаваць, быў пастухом, батрачыў. Калі падрос, узімку вучыўся ў вясковай царкоўна-прыходскай школе, а затым у двухкласным народным вучылішчы. Паспяхова здаўшы экзамены на званне народнага настаўніка, Дзмітрый год працаваў на ніве асветы, як раз да прызыву ў 1915 годзе ў армію. Асабістая адвага ў сукупнасці з адукаванасцю вылучалі яго з шэрай салдацкай масы, да таго ж дэфіцыт афіцэрскіх кадраў. Усё гэта спрыяла таму, што хутка Прышчэпава накіравалі на курсы спецыяльнай падрыхтоўкі ў Віленскае ваеннае вучылішча, пасля якіх атрымаў званне паручыка. Неўзабаве пасля вучобы малады афіцэр трапіў камандзірам роты на Заходні фронт. Тады яму было 20 гадоў. Там Прышчэпаў зблізіўся з рэвалюцыйна настроенымі салдатамі. У аўтабіяграфіі ўжо ў савецкія часы ён пісаў, што стаў членам партыі бальшавікоў яшчэ ў маі 1917 года. Праўда, у характарыстыцы, падпісанай першым сакратаром ЦК КП(б) Беларусі ў 1928 годзе, адзначана, што Дзмітрый Філімонавіч уступіў у партыю ў 1918 годзе. У іншых дакументах значыцца, што ў 1917-1918 гадах быў членам партыі эсэраў (сацыял-рэвалюцыянераў – Д.Х.). Хутчэй за ўсё, апошняе больш праўдападобна.

Дзмітрый ПрышчэпаўКалі грымнула лютаўская рэвалюцыя і, здавалася б, трывалы царскі трон пахіснуўся, Прышчэпаў у ліку нямногіх афіцэраў з энтузіязмам успрыняў сацыяльныя перамены. Сам з вёскі і змалку спазнаўшы цяжкую сялянскую працу, Дзмітрый Філімонавіч востра адчуваў сацыяльную несправядлівасць, звязаную з панаваннем памешчыцкай уласнасці на зямлю і цяжкім жыццём сялян. Але зарыентавацца ў тую бурлівую рэвалюцыйную гадзіну было цяжка. Бальшавісцкія лозунгі былі зразумелымі і блізкімі сялянам. Але былі і іншыя партыі, якія называлі сябе і сацыялістычнымі, і рэвалюцыйнымі. Прычым, партыя эсэраў прадстаўлялася менавіта як сялянская, абаронца інтарэсаў гэтай часткі насельніцтва. І Прышчэпаў далучыўся да эсэраў. Па сваіх пазіцыях яны былі блізкія да бальшавікоў, разам вялі барацьбу супраць польскіх войскаў, па першасці дзялілі з бальшавікамі ўладу. Таму да эсэраў з боку савецкай улады першапачаткова, да пераходу іх у апазіцыю, былі адносіны досыць лаяльныя. Цікавы, на мой погляд, такі штрых: на пачатку 1920 года беларускія эсэры, што дзейнічалі ў заходняй, акупіраванай палякамі Беларусі (дарэчы, вялі партызанскую барацьбу супраць акупантаў у саюзе з бальшавікамі), на сваім з’ездзе прынялі праграму, сутнасць якой зводзілася да формулы: «Узяць усё лепшае ад капіталізму і сацыялізму». Кажучы па-сучаснаму, мелі на мэце стварэнне сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі.

Але вернемся да Прышчэпава. Як бы то ні было, але можна сцвярджаць, што ён станоўча ўспрыняў Кастрычніцкую рэвалюцыю, быў абраны салдатамі камандзірам палка і старшынёй палкавога ваенна-рэвалюцыйнага камітэта. Пазней Прышчэпаў добраахвотна ўступіў у Чырвоную Армію, паказаў сябе ўмелым камандзірам і таленавітым арганізатарам. Таму не выпадкова, што калі ён у снежні 1917 года вярнуўся на сваю малую радзіму, то Сенненскім павятовым Саветам адразу ж быў прызначаны камандзірам атрада Чырвонай гвардыі, удзельнічаў у ваенных дзеяннях супраць немцаў, якія ў 1918 годзе акупіравалі большую частку Беларусі. У той час заходняя частка Сенненскага павета знаходзілася ў нямецкай акупацыйнай зоне, усходняя частка была прыфрантавой. Аднак згодна з дадатковымі дамоўленасцямі паміж нямецкім камандаваннем і прадстаўнікамі савецкай улады, немцы ў жніўні 1918 года пачалі адводзіць войскі з Усходняй Беларусі, а пасля лістападаўскай рэвалюцыі ў Германіі, калі быў ануліраваны Брэсцкі мірны дагавор, увогуле вывелі свае ўзброеныя сілы з тэрыторыі Беларусі.

Ужо ва ўмовах мірнага жыцця Дзмітрый Філімонавіч пэўны час працаваў намесннікам старшыні Сенненскага павятовага выканкама і рэўкама, што пацвярджае шэраг дакументаў, апублікаваных за яго подпісам як старшыні выканкама ў газеце «Факел». Затым быў старшынёй Веліжскага павятовага рэўкама, адначасова старшынёй камісіі па барацьбе са злачыннасцю, старшынёй Аршанскага павятовага выканкама, з пачатку 1924 года – намеснікам старшыні Віцебскага губернскага выканкама, які на той час знаходзіўся ў складзе РСФСР.  Прышчэпаў у сакавіку 1924 года разам з іншымі кіраўнікамі дзяржаўнага ўзроўню падчас першага ўзбуйнення паставіў свой подпіс у акце аб далучэнні Віцебскай губерні да БССР. Ён жа стаяў ля вытокаў і наступнай адміністрацыйнай рэформы дзялення рэспублікі на акругі і раёны, а, значыць, і ўтварэння Сенненскага раёна.

З 1924 па 1929 гады Прышчэпаў працаваў у апараце народнага камісарыята земляробства, спачатку намеснікам, затым народным камісарам земляробства БССР, быў намеснікам старшыні Дзяржплана БССР, членам ЦК КБ(б)Б, ЦВК БССР і яго прэзідыума, членам ЦВК СССР. Дзмітрый Філімонавіч узначальваў сельскагаспадарчую секцыю навуковай установы «Інстытут беларускай культуры», папярэдніка Акадэміі навук БССР.

У 1924-1927 гадах ён быў таксама сапраўдным членам (г.зн. акадэмікам) Інбелкульта. Менавіта ў гэтыя гады і фарміравалася аграрная палітыка, якая пазней атрымала хадзячую назву «прышчэпаўшчына». Перад Дзмітрыем Філімонавічам адкрыліся шырокія перспектывы і ў галіне адукацыйнай і навуковай дзейнасці. Гэта пацвярджае характарыстыка на яго ад 8 мая 1929 года, падпісаная сакратаром ЦК КП Беларусі для паступлення ў інстытут чырвонай прафесуры. У ёй, у прыватнасці, значылася: «Мае вялікі практычны вопыт у савецкай рабоце і асабліва па лініі зямельнай. Добры арганізатар і ў рабоце праяўляе вялікую ініцыятыву. Палітычна развіты і ўстойлівы».

Такая рэкамендацыя за подпісам кіраўніка рэспублікі дазваляла без праблем паступіць і скончыць навучальную ўстанову з такой гучнай назвай – інстытут прафесуры.

Апошняя фраза характарыстыкі азначала, што ўлады давяралі Дзмітрыю Філімонавічу і лічылі, што ён цвёрда стаіць на баку савецкай улады. Аднак літаральна праз некалькі месяцаў, 11 верасня 1929 года, ён быў вызвалены ад пасады намесніка Дзяржплана БССР, а 19 верасня прэзідыум і партыйная калегія цэнтральнай кантрольнай камісіі ЦК КП(б)Б, разгледзеўшы пытанне «Аб Прышчэпаве Д.Ф., які абвінавачваецца ў апартуністычнай дзейнасці ў кіраўніцтве наркамзема», прынялі рашэнне аб выключэнні Дзмітрыя Філімонавіча з партыі. На кароткі час пасля звальнення Прышчэпаў уладкаваўся ў сяле Скрыгалаў (цяпер у Мазырскім раёне) загадваць вопытнай станцыяй, а пазней быў арыштаваны.

У чым канкрэтна абвінавачваўся Дзмітрый Філімонавіч? Пра гэта даведаемся ў наступным выпуску праекта.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Імя наркама земляробства БССР Дзмітрыя Прышчэпава добра вядома беларусам. Але і па сёння ў яго біяграфіі, напэўна, больш пытанняў, чым адказаў. Гісторыкі...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика