Першы Нацыянальны форум па ўстойлівым развіцці прайшоў у Мінску пры ўдзеле дзяржсектара і партнёраў, а таксама міжнародных прадстаўнікоў.
Больш за 400 чалавек абмяняліся меркаваннямі і агучылі прапановы па далейшай рабоце ў галіне Мэт устойлівага развіцця (МУР) і неабходных мерах для яе ўдасканалення, намецілі арыенціры на каротка-, сярэдне- і доўгатэрміновую перспектывы. На форуме прадстаўлены нацыянальны вопыт Беларусі па дасягненні МУР, разгледжаны рэалізацыя Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на перыяд да 2030 года і падрыхтоўка Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця да 2035 года. Дадзена ацэнка гатоўнасці Беларусі да маніторынгу дасягнення МУР, арганізацыі работы ў рэгіёнах. Асобная ўвага нададзена імплементацыі Беларуссю рэкамендацый экспертаў ААН (місія MAPS) па паскарэнні дасягнення ўстойлівага развіцця і ўзаемадзеянні з міжнароднымі партнёрамі.
У 2015-ым дзяржавы-члены ААН прынялі Парадак дня, у спісе якога 17 Мэт устойлівага развіцця да 2030 года. Яны накіраваны на ліквідацыю беднасці і голаду, барацьбу з няроўнасцю і несправядлівасцю, вырашэнне праблем, звязаных з кліматычнымі змяненнямі. Гэта комплексная стратэгія павышэння якасці жыцця людзей, развіцця і спажывання без шкоды для будучых пакаленняў. Усе 17 мэт адаптуюцца і для Беларусі. Над гэтым працуюць нацыянальны каардынатар па дасягненні МУР, Савет па ўстойлівым развіцці (куды ўваходзяць прадстаўнікі ўсіх дзяржорганаў), партнёрская і іншыя групы, грамадзянская супольнасць і міжнародныя арганізацыі. Усе прапановы будуць адлюстраваны ў Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця на перыяд да 2035 года.
“Задачы развіцця, абазначаныя ў Парадку дня-2030, былі пастаўлены ў Беларусі на дзяржаўным узроўні задоўга да яго прыняцця. У гэтым напрамку мы дабіліся высокіх вынікаў", — падкрэсліў у сваім прывітанні ўдзельнікам форуму Прэзідэнт.
Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, усе дасягненні ў галіне аховы здароўя, адукацыі, харчовай бяспекі, гендарнай роўнасці, беражлівага стаўлення да навакольнага асяроддзя, падтрымкі маламаёмных шырока прызнаны і з'яўляюцца састаўной часткай глабальных мэт, па якіх ацэньваецца прагрэс нашай дзяржавы.
Беларусь шмат працуе над фарміраваннем станоўчага іміджу на сусветнай арэне. Розныя паказчыкі развіцця краіны і работы ўгэтым накірунку дазваляюць займаць высокія пазіцыі ў глабальных рэйтынгах. Нацыянальны каардынатар Мар'яна Шчоткіна звярнула ўвагу на такі важны рэйтынг, як індэкс дасягнення глабальных Мэт устойлівага развіцця за 2018 год. "Ён разлічваецца для 156 краін свету на аснове 100 паказчыкаў, звязаных з выкананнем МУР. Беларусь заняла ў ім 23-е месца (76 балаў са 100) і ў цэлым атрымала ацэнку, вышэйшую за сярэднюю па рэгіёне Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі".
Парадкам дня-2030 дзяржавам рэкамендавана праводзіць трохузроўневы аналіз прагрэсу дасягнення МУР: глабальны, рэгіянальны, нацыянальны. І Беларусь прытрымліваецца гэтага падыходу. У 2017 годзе на міжнародным узроўні краіна прадставіла свой добраахвотны даклад аб ходзе выканання Парадку дня-2030. Удзельнічала таксама ў прадстаўленні даклада ЕАЭС па ўстойлівым развіцці ў штаб-кватэры ААН, а год таму сама арганізавала рэгіянальны форум нацыянальных каардынатараў, прысвечаны пабудове партнёрства краін і арганізацый, уключаных у непасрэдную работу па дасягненні МУР.
Нацыянальная стратэгія ўстойлівага развіцця краіны да 2035 года стане сувязным звяном паміж прыярытэтамі ўстойлівага развіцця на нацыянальным узроўні і глабальнымі мэтамі ў гэтай галіне. Распрацоўваецца шэраг стратэгічных дакументаў, іх рэалізацыя дапаможа ва ўстойлівым развіцці лясной гаспадаркі, турызму, забяспечыць гарманізацыю нацыянальных стандартаў з міжнароднымі.