Умясціць у некалькі гадзін сто гадоў – задача не з простых. Тым больш калі час гэты насычаны добрымі і слаўнымі падзеямі, якія заслугоўваюць увагі. Святочная праграма, прысвечаная 100-годдзю з дня заснавання БССР, прайшла ў Палацы культуры.
Урачыстая атмасфера вдчувалася яшчэ ў выставачнай зале – тут сіламі Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя А.В. Суворава была разгорнута вялікая тэматычная экспазіцыя, прысвечаная Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы. Архіўныя дакументы, ваенная форма і іншыя экспанаты з тых слаўных часоў сведчылі, які значны шлях прайшла ў сваім развіцці наша краіна. Многа эмоцый выстава выклікала ў ветэранаў, заслужаных працаўнікоў і ганаровых грамадзян – тых, хто на працягу многіх гадоў ствараў гэтую гісторыю. Умерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі заканадаўчай і выканаўчай улады, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, моладзь Кобрыншчыны.
— Гэтая знакавая дата ўвасабляе стагоддзе дасягненняў нашай Радзімы, — адзначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук. – У гэтую эпоху з’явілася дзяржаўная сімволіка, адкрываліся заводы, прадпрыемствы, навучальныя ўстановы, з новай сілай загучала беларуская мова. За гэты час вырасла некалькі пакаленняў беларусаў. Падчас існавання БССР быў закладзены моцны падмурак беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці, які прайшоў праверку часам.
Як падкрэсліў намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык, менавіта апошнія сто гадоў з’яўляюцца вельмі важнымі ў развіцці краіны. У Беларусі гучна і ўпэўнена заявілі пра сябе ўсяму свету, у тым ліку сваёй працавітасцю і адукаванасцю.
У гэты святочны дзень тых, хто прысвяціў сваё жыццё развіццю Кобрыншчыны і ўсёй краіны, знайшлі заслужаныя ўзнагароды, якія пад шчырыя апладысменты прысутных уручылі Іван Даўжук і Валянцін Трубчык. Ганаровыя граматы, пісьмы падзякі, ордэны Маці знайшлі сваіх уладальнікаў.
— Юбілей БССР увасабляе вялікія здзяйсненні і добрыя справы на карысць роднай зямлі, дазваляе ў поўнай меры адчуць гонар за вынікі працы многіх пакаленняў, — адзначыў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Васіль Дземідовіч. – Як і многія, хто знаходзіцца ў гэтай зале, я нарадзіўся, вырас і працаваў у БССР, і няхай сёння на карце свету краіны з такой назвай ўжо няма, ёсць усе мы – і кожны з нас на падставе выдатных традыцый уносіць свой дзейсны ўклад у развіццё Рэспублікі Беларусь.
Выдатным падарункам для ўсіх стала тэатралізаваная канцэртная праграма. Феерычная імпрэза дала магчымасць перажыць слаўныя імгненні гераічнага мінулага і зазірнуць у будучыню, якая абяцае быць не менш вялікай.
Дзмітрый БЯЛОЎ. ФОТА АЎТАРА.