Статус — аднакласнікі!. 21.by

Статус — аднакласнікі!

06.02.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Гэты дзень афіцыйна не пазначаны ў календары, але яго чакаюць з хваляваннем многія. Вечар сустрэчы школьных сяброў, які ўжо даўно стаў добрай традыцыяй, робіць першыя лютаўскія выхадныя багатымі на эмоцыі, цёплыя ўспаміны і светлую тугу па далёкім дзяцінстве. Урачыстыя тэматычныя мерапрыемствы былі наладжаны і ва ўстановых адукацыі Асіповіччыны.

Кожны год сустрэча былых вучняў мае свае адметнасці. Напрыклад, як расказаў дырэктар Лапіцкай СШ Мікалай Пісьмянкоў, сёлета яна атрымалася асабліва душэўнай. Гучала шмат слоў  удзячнасці, у шчырасць якіх не было прычын не верыць. Ну а каб умацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу, 20-гадовы выпуск падарыў роднай школе відэакамеру, а 15-гадовы — сертыфікат на 500 рублёў.

Кожны з выпускнікоў СШ № 2, якіх на сустрэчу прыйшло нямала, атрымаў скрутак-пажаданне ад сённяшніх вучняў, юбілейныя выпускі пазначаліся спецыяльнымі медальёнамі-званочкамі. Праяўленнем увагі стала арганізацыя фотасесіі і інтэрв’ю. Праграма ўключала шмат цікавых момантаў, сярод якіх і папяровыя “самалёцікі мары”, якія неслі са сцэны ў глядзельную залу толькі самыя лепшыя пажаданні.

У Ялізаўскай СШ найбольш актыўнымі былі выпускі, якія развіталіся са школай 10, 15 і 20 гадоў назад. Прыйшлі яны не толькі на наладжаны сённяшнімі вучнямі канцэрт, але і падрыхтавалі свае нумары і падарункі. Працягнута гутарка з настаўнікамі была за салодкім сталом.

У самай буйной школе раёна — СШ № 1 — пабывалі і карэспандэнты “раёнкі”. Сёлета тут таксама было асабліва шматлюдна. У кнізе рэгістрацыі адзнакі аб прыбыцці ў родную альма-матар пакідалі выпускнікі-юбіляры, сярод якіх нямала тых, хто скончыў школу 40 і нават 50 гадоў назад. З “залатымі” юбілярамі з задавальненнем і пагутарылі.


— Нашу першую настаўніцу звалі Марыя Сцяпанаўна Міхальчук, — успамінае Таісія Іванаўна Байко. — Мы, дарэчы, таксама ў яе былі першымі. А завяршалі вучобу ўжо з класным кіраўніком Віктарам Адамавічам Аўгусцінусам, які выкладаў матэматыку. Увогуле, клас быў вельмі дружным і актыўным. З тымі, хто жыве ў Асіповічах, час ад часу перасякаемся, але вось так, на спецыяльным мерапрыемстве, — упершыню. І тут вялікі дзякуй ад усіх нас школе, якая ініцыявала сустрэчу.



Прыемна адзначыць, што кожны з нашага класа рэалізаваўся ў жыцці, стаў сапраўдным прафесіяналам у сваёй справе. Анатоль Кузьмін, напрыклад, працаваў у дыстанцыі сігналізацыі і сувязі, мае ордэн Працоўнай Славы ІІІ ступені. Не сядзіць без справы яшчэ і зараз: займаецца міжнароднымі перавозкамі. Ларыса Жук скончыла педагагічны інстытут, выкладала матэматыку, у тым ліку і ў нашым раёне, ужо даўно асталявалася ў сталіцы. Анатоль Чаропка вучыўся ў БТІ, потым служыў, выйшаў на пенсію падпалкоўнікам, пасля яшчэ паўтара дзясятка гадоў працаваў на МАЗе ў службе галоўнага інжынера. Валянціна Карчэўская роднаму гораду ніколі не здраджвала, працавала ў сістэме гандлю, бліжэй да пенсіі занялася прад-прымальніцтвам. Дарэчы, даволі паспяхова. Міхаіл Налівайка пасля арміі скончыў інстытут замежных моў. У свой час быў педагогам, зараз жыве ў Бараўлянах. На працягу 45 гадоў рабіў слесарам-зборшчыкам на “Белшыне” ў Бабруйску Сяргей Гурскі. У гэтым жа горадзе працавала і Таццяна Шкрадзюк, чыё прызванне — лагапедыя. Валянціна Ляўкоўская два дзясяткі гадоў аддала мясцоваму цэнтру банкаўскіх паслуг ААТ “Беларусбанк”, на пенсіі ўладкавалася памочнікам выхавацеля ў спецшколу.



Датычна самой Таісіі Іванаўны, то яна некалі скончыла факультэт аграхіміі і глебазнаўства сельскагаспадарчай акадэміі, працавала ў розных рэгіёнах. У родным райцэнтры была аграномам па насенняводстве шматгадовых траў ад абласнога ўпраўлення сваёй структуры, загадвала лабараторыяй пры інспекцыі прыродных рэсурсаў і ахове навакольнага асяроддзя.

Па агульным меркаванні гэтых паважаных людзей, галоўны падарунак сустрэчы — адчуванне маладосці і таго, што як быццам і не прайшло цэлых паўсотні гадоў з тае пары, калі яны былі вучнямі.

Усё ж цудоўная завядзёнка — вечар школьных сяброў!

















Валянціна КОРБАЛЬ. Фота Ніны Царык.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гэты дзень афіцыйна не пазначаны ў календары, але яго чакаюць з хваляваннем многія. Вечар сустрэчы школьных сяброў, які ўжо даўно стаў добрай традыцыяй, робіць...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика