8 лютага ў канцэртнай зале “Віцебск” адбыўся ўрачысты сход, прысвечаны стагоддзю ўтварэння Беларускай савецкай сацыялістычнай рэспублікі, у рамках якога ўшанавалі лаўрэатаў звання “Чалавек года Віцебшчыны”. На адзінаццатай па ліку цырымоніі аб’явілі тысячнага ўладальніка пачэснага тытула.
Настрой мерапрыемству задала легендарная музычная кампазіцыя Георгія Свірыдава “Время, вперёд” у выкананні зводнага сімфанічнага аркестра. Добра ўсім вядомая, яна трывала асацыіруецца з савецкім перыядам. Перш за ўсё з інфармацыйнай тэлепраграмай “Время”, да якой доўга служыла застаўкай. На вялікім сцэнічным экране адзін за адным змяняліся каштоўныя кадры мінулага. Гучная і дынамічная мелодыя быццам несла наперад да новых здзяйсненняў раней, пабуджае на энергічныя дзеянні і цяпер. Менавіта сілай руху будуецца наша заўтра.
Як адзначыў старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў, памкненні і намаганні жыхароў Прыдзвіння з нарастальнай сілай пацвярджаюць сваю вялікую стваральную ролю ў айчыннай гісторыі. На ключавых вехах засяродзіў увагу асобна. Гэта Грамадзянская вайна, калектывізацыя, індустрыялізацыя, гераізм землякоў у Вялікую Айчынную і цяжкі шлях да вызвалення. У пасляваенныя гады па крупінках узнаўлялі разбуранае. Каштоўны ўклад у адраджэнне роднай краіны адзначаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, які Віцебская вобласць атрымала пяцьдзясят два гады таму таксама восьмага лютага. Летапіс працоўнага краю поўняць прозвішчы і імёны знакамітых землякоў, удастоеных званняў Герояў Савецкага саюза, Герояў сацыялістычнай працы. Віцебшчына памятае ўсіх, хто стаяў ля яе вытокаў і ўпэўнена вядзе ў будучыню.
Са слоў старшыні аблвыканкама, з кожным годам узрастае інвестыцыйная прывабнасць Прыдзвінскага рэгіёну. Высокімі тэмпамі мадэрнізуюцца прадпрыемствы. Асвойваецца выпуск новай прадукцыі. Укараняюцца сучасныя тэхналогіі. У ліку рэалізаваных праектаў — рэканструкцыя ўстаноўкі гідраачысткі на “Нафтане”, мадэрнізацыя мехавога камбіната ў Віцебску, будаўніцтва цэха на Глыбоцкім малочна-кансервавым камбінаце і першай чаргі лагістычнага комплексу “Брэміна-Орша”. У Талачынскім раёне за кошт сродкаў замежных інвестараў уведзена ў эксплуатацыю прадпрыемства па вытворчасці дацкай беконнай свініны.
Сёлета на развіццё эканомікі вобласці плануецца накіраваць два мільярды дзвесце мільёнаў рублёў інвестыцый. Як заўважыў Мікалай Шарснёў, прыярытэтнымі стануць праекты па ўводзе ў эксплуатацыю новых тэхналагічных комплексаў на “Нафтане”, завода па выпуску белай бляхі ў Міёрах, другой чаргі завода па вытворчасці гандлёвага і халадзільнага абсталявання “Мадэрн Экспа” ў Віцебску, будаўніцтва трэцяй чаргі льнокамбіната, буйных жывёлагадоўчых комплексаў, прамысловых аб’ектаў.
У фокусе ўвагі і развіццё бізнесу. Сектар прадпрымальніцтва забяспечвае трэць інвестыцый і палову экспарту тавараў вобласці. Больш чым удвая павялічылася падтрымка прадстаўнікоў гэтага класа з абласнога бюджэту. З’явілася каля чатырохсот новых арганізацый па аказанні паслуг насельніцтву ў сферах рознічнага гандлю, грамадскага харчавання, транспарта, што дазволіла стварыць новыя рабочыя месцы.
Пазітыўныя перамены адбываюцца і ў сацыяльнай сферы. Мінулы год адзначаны ўводам у эксплуатацыю дваццаці аб’ектаў аховы здароўя. Завершаны будаўніцтва Міёрскай ЦРБ, рэканструкцыя тэрапеўтычнага корпуса гарадской бальніцы імя Сямашкі ў Оршы, дзе ў дапамогу медыкам найсучаснае абсталяванне. У бліжэйшы час сваіх пацыентаў прыме новая паліклініка ў мікрараёне “Поўдзень-сем” у Віцебску. Паспрыяюць здароўю і новыя фізкультурныя комплексы, якія з’явіліся на картах Верхнядзвінска, Лёзна. У Віцебску завяршылі будаўніцтва цэнтра па скачках на батуце.
Ганарыцца Віцебшчына сваімі атлетамі. У першую чаргу ўраджэнкай Сянно Ірынай Крыўко, якая ў складзе жаночай эстафетнай каманды па біятлоне заваявала залаты медаль на зімовых Алімпійскіх гульнях 2018 года ў Паўночнай Карэі. А навапалачанка Святлана Саханенка стала трохразовай чэмпіёнкай зімовых Паралімпійскіх гульняў па лыжных гонках.
У Год малой радзімы паступова фарміруецца новы комплекс сельскай мясцовасці. Пераўтварэнні, падобныя да аграгарадка Копысь, закранулі пасёлкі Балбасава Аршанскага раёна, Езярышча — Гарадоцкага, дзе работы працягнуцца і сёлета. У цэнтры ўвагі будуць Бягомль Докшыцкага, Багушэўск Сенненскага раёнаў. Парадак і прыгажосць на прыдамавых участках і цэнтральных вуліцах, ля арганізацый і ўстаноў павінны запанаваць і намаганнямі мясцовых жыхароў. Неабходна прывучаць да гэтага дзяцей, каб усведамлялі адказнасць за малую радзіму. У год святкавання 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў аб’ектамі асаблівага клопату будуць мемарыялы. Шмат зроблена ў Лёзненскім, Гарадоцкім раёнах, пасёлку Сураж Віцебскага, над чым пачалі ўзмоцнена працаваць яшчэ летась. Пасля рэканструкцыі адкрылі мемарыяльны комплекс у Расонах.
Мікалай Мікалаевіч звярнуў увагу, што ўмацоўваючы гістарычныя, культурныя і духоўныя традыцыі, мы вызначаем контуры будучыні і цвёрды шлях рэгіянальнага развіцця. За дзесяць гадоў з першай цырымоніі ўшанавання лаўрэатаў пачэснага звання “Чалавек года Віцебшчыны” яго ўдастоена тысяча землякоў. Гэта вышэйшая ацэнка заслуг адданых справе людзей. І сёлета дыпломы, нагрудныя знакі і прэміі атрымалі прадстаўнікі розных сфер дзейнасці, прафесій і рангаў — тыя, хто працоўнымі дасягненнямі, асабістымі якасцямі развівае і ўзбагачае Прыдзвінскі край.
У пачэсным спісе ўзнагароджаных Ганна Норкус. Пад яе ўмелым кіраўніцтвам стабільна і эфектыўна развіваецца Віцебская бройлерная птушкафабрыка. Калектыў робіць стаўку на сучасныя, унікальныя тэхналогіі, выпуск шырокага асартыменту прадукцыі. Летась яе колькасць значна павялічылі, больш адгрузілі на экспарт, атрымалі дзесяць мільёнаў рублёў чыстага прыбытку. Задавольвае прадпрыемства і самыя вытанчаныя густы спажыўцоў. Дзякуючы гэтаму ў мінулым годзе гандлёвая марка птушкафабрыкі “Ганна” стала пачэснай уладальніцай прэміі “Народная марка”.
У СВК “Племянны завод па развядзенні буйной рагатай жывёлы чорна-пярэстай пароды “Дзецкасельскі” Гарадоцкага раёна надой ад каровы складае 22 літры ў суткі, што ў два разы вышэй за сярэднеабласны паказчык. Тэмп росту валавай прадукцыі перавышае 112 працэнтаў. І ўсё гэта пад умелым кіраўніцтвам Юрыя Брагінца.
На Лепельшчыне ганарацца механізатарам Леанідам Аляксеенкам з сельгасвытворчага філіяла “Заазер’е”. Падчас уборачнай кампаніі ён стаў першым у вобласці тысячнікам. І зерня намалаціў больш за ўсіх — 6 тысяч 346 тон. У Паставах Андрэй Лічэўскі забяспечвае стабільную работу прадпрыемства “Завод Проміс”, што дазволіла стварыць звыш сямідзесяці новых рабочых месц і па выніках работы за год атрымаць каля двух мільёнаў рублёў чыстага прыбытку. А на наваполацкім “Нафтане” працуе лепшы ў краіне электрагазазваршчык ручной зваркі. Дзмітрый Дашчонак пацвердзіў гэта ў рэспубліканскім спаборніцтве прафесійнага майстэрства, дзе абышоў звыш двухсот удзельнікаў. Некалькі дзён таму стала мамай спартсмен-інструктар рэспубліканскага Цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па паралімпійскіх відах спорту, майстар спорту міжнароднага класа Рэспублікі Беларусь па лыжных гонках і біятлоне Лідзія Лобан. Летась яна двойчы бронзавы прызёр на дванаццатых зімніх паралімпійскіх гульнях у Пхёнчхане.
Генеральны дырэктар “Віцебскаблгаз” Пётр Шэршань лічыць культуру адным з галоўных фактараў пераемнасці пакаленняў, асновай самарэалізацыі асобы і развіцця прадпрыемства на бліжэйшыя гады. У мінулым годзе творчыя калектывы газавікоў вобласці, у складзе якіх каля шасцісот чалавек, паўдзельнічалі ў звыш сотні міжнародных праектаў і мерапрыемстваў.
Цікавае і насычанае жыццё ў Міёрскай раённай арганізацыі ветэранаў пад кіраўніцтвам Часлава Кашкура. Са сваёй камандай аднадумцаў ён прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці і патрыятычным выхаванні моладзі. А тысячным лаўрэатам прэміі “Чалавек года Віцебшчыны” названы начальнік Віцебскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС Беларусі Мікалай Тылец. Яму — дадатковы сувенір і юбілейны дыплом.
Пажаданні Мікалая Шарснёва — каб колькасць лепшых падвойвалася, вынікі станавіліся больш важкімі, а павага да жыхароў Віцебшчыны прырастала. Задача бліжэйшых гадоў — падымаць прэстыж прафесій, на якіх трымаецца наш рэгіён і краіна ў цэлым. Ад таго яшчэ важней дзейнасць кожнага на сваім працоўным месцы.
Пасля ўрачыстай цырымоніі адбыўся вялікі святочны канцэрт. Як і ў мінулыя гады, яго рэжысура заслугоўвае найвышэйшай адзнакі. Тут і вытрыманая ў тэме ўрачыстасці драматургія, складанае спалучэнне музыкі, святла, фонавых заставак на глыбінным экране, умелае асваенне дэкарацыямі сцэнічнай прасторы, на якой адначасова дзейнічала вялікая колькасць салістаў і танцораў. Наўрад ці каго пакінула раўнадушным яркае, у той жа час да слёз кранальнае дзейства з удзелам лепшых артыстаў і калектываў Віцебска і вобласці, а таксама расійскага спевака з беларускімі каранямі Дзяніса Майданава.
Больш фота ў альбоме "Урачыстасць "Чалавек года Віцебшчыны 2018" і 100 год БССР" 8 лютага ў канцэртнай зале “Віцебск” адбыўся ўрачысты сход, прысвечаны стагоддзю...