15 февраля – День памяти воинов-интернационалистов
13.02.2019
—
Разное
|
УРАЗ ПАСТАЛЕЎШЫЯ ХЛОПЦЫ На ўліку ў ваенкамаце Ушацкага раёна стаяла 96 воінаў-інтэрнацыялістаў, якія прымалі ўдзел у ваенных дзеяннях у Дэмакратычнай рэспубліцы Афганістан. Сярод іх палкоўнік, намеснік камандзіра мотастралковай дывізіі Яўген Качанаў і радавы, механік-вадзіцель Іван Пацэйка. Сяржант Уладзімір Якубовіч, які ваяваў у далёкай краіне ўвесь 1980-ы і яфрэйтар Васіль Гулевіч, што пакідаў яе з апошнімі фарміраваннямі 30 студзеня 1989 года. Ураджэнцы раёна, як браты Аляксандр і Анатоль Аўдошкі, ці Віктар Прахарэнка з Рагачова і Аляксандр Ядрэўскі з Ганцавіч. Гэта тыя былыя ваеннаслужачыя, якія вярнуліся і пачалі абустройваць на Ушаччыне свой мірны працяг. З надарванымі душамі, незагоенай памяццю, згубленым “імунітэтам”… Многіх з іх ужо няма (на уліку засталося 35), як механіка-вадзіцеля Ігара Скавародкі ці механіка Уладзіміра Клопава. Хоць пакаленню ваяваўшых сыноў неваяваўшых бацькоў зараз толькі каля пяцідзесяці. Уладальнік жа медаля “За адвагу” і ордэна Чырвонай зоркі” (такія ўзнагароды часта давалі пасмяротна) Мікалай Юркевіч пайшоў з жыцця ў мірны час у 29. Міхаіл Хрыпач пару дзён не дажыў да 28. Яго верталёт МІ-8, як і пяццю гадамі раней такі ж штурмана Аляксандр Клачка, быў збіты. Нямнога заставалася да дзембеля і дваццацігоддзя Мікалаю Ключонку, які пісаў маці такія шчымлівыя лісты. Афіцыйна трое ўшачан лічацца загінуўшымі пры выкананні інтэрнацыянальнага доўгу. Хаця ў Кубліцкай школе шанавалі памяць выпускніка Аляксандра Чаронкі. Ён жыў у вёсцы Завулак суседняга Глыбоцкага раёна, а памёр ад цяжкіх ран у баі за кішлак… Андрэю Смыку пашчасціла, яго, сапёра, з таго свету выцягнулі медыкі, толькі пратэзы не дазваляюць ні паўнацэнна жыць, ні забыцца пра тую вайну. Ён – з ліку тых ушачан, якія жывуць за межамі раёна. Усяго ж ў баявых дзеяннях у ДРА прымалі ўдзел больш сотні нашых землякоў.
ПА ТОЙ БОК ЭКРАНА Дзевяць доўгіх гадоў сярод гор і пяскоў выконвалі прысягу воіны-інтэрнацыяналісты. Тады зусім юныя, яны траплялі пад абстрэлы, бачылі смерць саслужыўцаў і гінулі самі, атрымлівалі раненні і кантузіі. Кожнага з тых, хто прайшоў праз Афганістан, нават калі і не маюць баявых ордэнаў і медалёў, можна назваць героем. Трапіў юнак у роту сувязі, а служба праходзіла ў Кабуле. У задачы ўваходзіла забеспячэнне сувяззю батальёна, рэгуліроўка радыёстанцый для калон. Са сваімі абавязкамі ён, будучы камандзірам аддзялення, спраўляўся добра. З абсталяваннем за плячамі байцы часта пераадольвалі нялёгкі шлях у горы. – Бывала, дзень ідзеш і ноч, не чуючы ног. Да месца нас заўсёды вёў праваднік. Калі яны былі цяжкадаступнымі, то дабіраліся на верталётах МІ-8. Ці страшна? Там на кожным кроку страшна! Упэўнены, што калі вы глядзелі вядомы фільм “9 рота”, то часам не стрымлівалі слёз. І гэта адна з самых праўдападобных стужак пра Афганістан. Толькі нам давялося быць па той бок экрана, – гаворыць А.Рагавешка. Яны былі ў Афганістане “Падчас гэтай трэніроўкі мы яскрава ўсвядомілі, якую значную перавагу маюць нашы будучыя ворагі, – прыгадвае А.Рудкоўскі. – Нават не ведаючы мясцовых гор, мы лёгка вадзілі за нос апанентаў, палівалі іх кулямі, калі ж у прыцемках яны паспрабавалі нас акружыць, выйшлі з кола і напалі на пост, а для большага эфекту нават выкралі ў задрамаўшага салдата аўтамат. Потым, праўда, атрымалі за гэты экспромт прачуханку ад камандзіраў, ды ўсё ж больш перапала “савецкаму боку”. А неўзабаве гульні скончыліся: салдат пастроілі і афіцыйна запыталіся: “Ёсць тыя, хто не хоча служыць у Афганістане?” Са строю выйшла некалькі чалавек. Астатніх на самалётах пераправілі ў Кабул, дзе маладое папаўненне разабралі “купцы” – героі нашага аповеду трапілі ў гарадок Газні, што на сярэдзіне шляху ад сталіцы да Кандагара. Побач з ім размяшчаўся асобны батальён аховы. Часць уяўляла сабой своеасаблівы ўмацаваны “пятачок” памерам 300 на 500 метраў, на якім знаходзіўся аэрадром для верталётаў, танкавы ўзвод, мінамётная батарэя і каля 300 байцоў, задачай якіх было не дапусціць абстрэлу “вяртушак” і пранікнення ворагаў на агароджаную тэрыторыю фарпоста. Іх часта абстрэльвалі з боку горада, бо ведалі, што ў савецкіх салдат ёсць сакрэтны загад не страляць у адказ па населеных пунктах. Каб кантраляваць ускраіны Газні, на бліжэйшым да яго пагорку было вырашана зрабіць нешта накшталт буфернай заставы, размясціўшы там узвод байцоў, сярод якіх аказаўся і Саша Пугач. Служыць там было вельмі небяспечна, пастаянна даводзілася хадзіць у засады, ні на хвіліну не губляць пільнасці. Каб не дапусціць нападзення душманаў, подступы да пагорка мініраваліся. Тут Аляксандр упершыню страціў баявога таварыша – той спусціўся за вадой у кярыз (так называліся глыбокія каналы з крыніцамі) і, крыху саступіўшы са сцяжыны, падарваўся на міне. А быў і такі выпадак: некалькі байцоў пайшлі ў бок горада ў разведку і сустрэлі на шляху мясцовых хлопчыкаў. Дзеці аб нечым папрасілі, і калі наш салдат схіліўся да аднаго з малых, другі ўхапіў яго зброю і выпусціў чэргу па байцах. І гэта толькі выпадкі недарэчнай смерці, а колькі хлопцаў загінула падчас баявых аперацый… Неаднойчы даводзілася ўдзельнічаць у іх і Анатолю Рудкоўскаму. Асабліва ж памятным стаў паход у складзе калоны, што пераязджала з Кабула ў Газні. Да тэхнікі, якая везла паліва і боепрыпасы, далучыліся БРДМ і бензавоз з іх часці. Яшчэ на выездзе са сталіцы хлопцы заўважылі афганскіх дзяцей: тыя паказвалі на дарогу і праводзілі рабром далоні па горле. Злавесным паказаўся і пусты, быццам вымершы кішлак… Душманы атакавалі калону дзесьці ў сярэдзіне шляху, адзін за адным пачалі ўспыхваць бензавозы. Анатоль з групай спачатку адстрэльваліся, потым сталі адганяць тэхніку ўбок. “Стралялі з гранатамётаў з “зялёнкі”, з некалькіх кропак. За рулём нашага БРДМа быў хлопец, якога ў часці звалі Федзя-татарчонак. Па машыне вялі прыцэльны агонь. “Толькі не стой, рухайся!” – крычу яму. І той адчайна накручвае петлі, увільваючы ад разрываў… Частка калоны рушыла назад на Кабул, але там чакала яшчэ адна засада, зноў запалалі бензавозы. Выратавалі нас прыцемкі: падаспеўшым на дапамогу верталётам стала бачна, адкуль душманы вядуць агонь, і яны знішчылі кропкі… А потым мы выносілі забітых. Цягнеш цела і шэпчаш: “Даруй, братка” – а слёзы цякуць…” – Анатоль Валянцінавіч і зараз прыкметна хвалюецца, прыгадваючы той бой, у якім усім пяцярым байцам іх часці нейкім дзівам удалася выжыць. Дадае, што выпілі тады ад стрэсу каністру спірту, а начальству пазней сказалі, што вадкасць пайшла на анестэзію для параненых – ды хто ж бы за такое пакараў… Калі хлопцы вярнуліся ў часць, на іх ужо збіраліся складаць “пахаванкі”. За той бой Федзя-татарчонак быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, а на гімнасцёрцы Анатоля з’явіўся медаль “За адвагу” – акурат такі, як у таго хлопца на свяце… А потым быў дэмбель. І апошняя смерць – напэўна, самая балючая. Калі ў Кабуле Анатоль чакаў афармлення дакументаў, зайшоў у курылку і пачуў урывак размовы незнаёмых байцоў. Яны расказвалі пра загінуўшага механіка-вадзіцеля, які ў апошнім перад дэмбелем выхадзе суправаджаў афганскую калону. Калі маджахеды падпалілі дзве першыя машыны, баец на сваім БМП ссунуў іх у цясніну, каб расчысціць шлях калоне, аднак у яго заклініла гусеніцу і, папраўляючы трак, хлопец атрымаў дзве кулі. “Прабачце, сябры, вы не пра Лёшу Бабкова гаворыце?” – халадзеючы, запытаў Анатоль. І даведаўся, што страціў аднаго з лепшых сяброў-беларусаў, з якім пазнаёміўся ў шпіталі. Прыляцеўшы ў Мінск, ён збіраўся зайсці да Лёшынай мамы, каб расказаць ёй пра подзвіг сына. Але не змог. Адклаў на потым. Ды так і не знайшоў маральных сіл. А праз некалькі год, калі ў Дзень памяці прыехаў у сталіцу на афганскі мемарыял, сярод надпісаў на могілках знайшоў знаёмае прозвішча. Доўга сядзеў ля пліты, сабраўся з духам – ды толькі з мамай так і не ўбачыўся: падышоўшыя людзі сказалі, што яе ўжо няма… А вось іх афганскае сяброўства з Аляксандрам Пугачом працягнулася праз усё жыццё і нават перайначыла лёс Анатоля Рудкоўскага, прывёўшы яго на Ушаччыну. У 91-м Сашу адправілі на зборы ў Бабруйск – ну як было не заехаць у суседні Рагачоў! Сябар паведаміў яму, што завёў сям’ю, выхоўвае сына, ды толькі хлопчык пастаянна хварэе: урачы раяць змяніць гарадскі клімат. “Дык у чым справа? У Вялікіх Дольцах вам саўгасны дом дадуць!” – узрадаваўся Аляксандр. Сям’я Рудкоўскіх пераехала на Ушаччыну. Анатоль Валянцінавіч хутка заваяваў аўтарытэт у мясцовых воінаў-інтэрнацыяналістаў і вось ужо 17 год узначальвае раённую арганізацыю “Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане”. Былыя баявыя таварышы знайшлі сябе ў мірным жыцці, выхавалі цудоўных дзяцей. А.Рудкоўскі выкладае працу ў школе, А.Пугач доўгі час шчыраваў у сельскай гаспадарцы, зараз жа працуе ў мясцовай бальніцы. 15 лютага яны заўсёды збіраюцца на сваю ўрачыстасць, едуць на магілы сяброў. А баявы медаль на пінжаку ў Анатоля Валянцінавіча не засмуціць сучасных юнакоў – вайна ў Афганістане даўно стала гераічнай часткай нашай гісторыі, а яе ветэраны – паважанымі людзьмі ў грамадстве. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
УРАЗ ПАСТАЛЕЎШЫЯ ХЛОПЦЫ На ўліку ў ваенкамаце Ушацкага раёна стаяла 96 воінаў-інтэрнацыялістаў, якія прымалі ўдзел у ваенных дзеяннях у Дэмакратычнай рэспубліцы... |
|