Са станоўчай дынамікай у рабоце працуюць супрацоўнікі крымінальна-выканаўчай інспекцыі РАУС. У кастрычніку мінулага года яе ўзначаліў маёр міліцыі Сяргей Катаражук, які раней добрасумленна працаваў на пасадзе ўчастковага інспектара міліцыі грамадскай бяспекі. У пары з інспектарам старшым лейтэнантам Ігарам Скудным ім удалося за кароткі тэрмін актывізаваць работу па кантролю за выкананнем пакаранняў, не звязаных з пазбаўленнем волі адпаведных асоб. Усяго на ўліку такіх 243 чалавека — гэта адна з самых высокіх нагрузак у вобласці.
На працягу свайго існавання беларуская міліцыя пільна ахоўвае грамадскі парадак, надзейна абараняе інтарэсы дзяржавы, правы, гонар і годнасць грамадзян. Напярэдадні прафесійнага свята тых, хто стаіць на варце законнасці и правапарадку, пра будні супрацоўнікаў раённага аддзела ўнутраных спраў мы папрасілі расказаць яго начальніка Ігара Лелеша:
— Служба ў міліцыі — адна з самых складаных і ў той жа час ганаровых. Яна патрабуе асаблівай увагі, мужнасці, вытрымкі, сілы волі. Супрацоўнікам органаў унутраных спраў даводзіцца праяўляць гэтыя якасці, каб змагацца са злачыннасцю ва ўсіх яе праявах, абараняючы жыцці і здароўе людзей. Абавязкі, ускладзеныя на міліцыю, штодзённа патрабуюць высокай прафесійнай падрыхтоўкі, усебаковых ведаў, умення хутка арыентавацца ў розных абставінах, аператыўна прымаць патрэбнае рашэнне, браць на сябе нялёгкую адказнасць і, разам з тым, заставацца чалавечнымі і чулымі да чужога гора людзьмі.
Супрацоўнікамі РАУС праводзіцца пастаянная работа па розных накірунках дзейнасці. Гэта арганізацыя прафілактыкі правапарушэнняў з насельніцтвам, крымінальны вышук, барацьба з эканамічнай злачыннасцю, наркакантроль і супрацьдзеянне гандлю людзьмі, ахова правапарадку, бяспека на дарогах і іншыя. Па шэрагу напрамкаў у мінулым годзе нам удалося дабіцца станоўчых рэзультатаў.
Летась на тэрыторыі раёна ў параўнанні з папярэднім годам зменшылася колькасць злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку. Не дапушчана разбояў, крадзяжоў буйной рагатай жывёлы і коней, вымагальніцтваў. Амаль на 20% зменшыўся ўзровень злачыннасці. Асноўным паказчыкам работы аддзялення крымінальнага вышуку з’яўляецца раскрывальнасць злачынстваў. Дзякуючы кампетэнтнасці, прафесіяналізму супрацоўнікаў аддзялення, якое ўзначальвае маёр міліцыі Віталь Канавальчык, гэты паказчык удалося істотна палепшыць.
Групай наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі, якую ўзначальвае Андрэй Лугін, летась выяўлена 10 злачынстваў, 4 з якіх звязаны з незаконным абааротам наркотыкаў. Яшчэ 2 такіх злачынствы раскрыты сёлета.
Імідж райаддзела у многім ствараецца супрацоўнікамі аператыўна-дзяжурнай службы. Яны — першыя, да каго звяртаюцца грамадзяне з той ці іншай праблемай. У мінулым годзе ўсяго было зарэгістравана 2775 паведамленняў. Ад ветлівасці дзяжурных, іх увагі да людзей, аператыўнага рэагавання, валодання неабходнай інфармацыяй залежыць, наколькі хутка будзе арганізавана дапамога, а разам з гэтым і давер да работнікаў міліцыі. Працяглы час у дзяжурнай часці працуе старшына міліцыі Іван Гушчын, які зарэкамендаваў сябе з лепшага боку.
Калектыў РАУС паступова папаўняецца маладымі кадрамі. Безумоўна, ім ёсць чаму вучыцца ў старэйшых калег, што яны і імкнуцца рабіць.
У святочныя дні і ў працоўныя будні мы з цеплынёй гаворым пра нашых ветэранаў, з якімі заўсёды падтрымліваем цесную сувязь. Ветэранская арганізацыя супрацоўнікаў РАУС налічвае каля 70 чалавек. На працягу 28 гадоў савет ветэранаў узначальвае Валерый Шахуноў, якому дапамагае Міхаіл Лагойка. Нашы старэйшыя таварышы — заўсёды жаданыя госці ў райаддзеле, яны — надзейныя памочнікі і дарадчыкі для сённяшніх супрацоўнікаў. З ліку найбольш актыўных ветэранаў — Леанід Язерскі, Валерый і Жанна Кузубскія, Дзмітрый Карніцкі, Міхаіл Курыла і іншыя. Словы ўдзячнасці мы выказваем ветэрану Вялікай Айчыннай вайны і міліцэйскай службы Рыгору Дзянісавічу Бравусаву.
Райаддзел міліцыі працуе над тым, каб замацаваць станоўчыя тэндэнцыі ў рабоце, вырашаць задачы павышаэння эфектыўнасці службовай дзейнасці па прафілактыцы злачыннасці, сканцэнтраваўшы намаганні на ахове грамадскага парадку, выкараненні злачынстваў і наогул негатыўных момантаў у грамадстве, каб грамадзяне маглі спакойна жыць, працаваць і адпачываць.
Падрыхтаваў Аляксандр ХАХЛОЎ.