За опытом – в Ушачи. На базе Ушачского райпо прошёл республиканский семинар-совещание «Белкоопсоюза»
25.04.2019
—
Разное
|
Напэўна, няма такога чалавека ва Ушачах, які б не заўважыў апошніх змяненняў у гандлёвых аб’ектах райспажыўтаварыства. Усё гэта вынік падрыхтоўкі мясцовых кааператараў да рэспубліканскага семінару-нарады “Белкаапсаюза”, на якім абмяркоўваліся сучасныя метады арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання. Але справядліва адзначыць, што ўшацкае райспажыўтаварыства пастаянна трымае руку на пульсе, укараняе новыя тэхналогіі і мадэрнізуе свае кропкі – без гэтага немагчыма заваяваць прыхільнасць пакупнікоў ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі. Як у гэтым накірунку працуюць ушачане – і прыехалі паглядзець прадстаўнікі “Белкаапсаюза”, аблспажыўсаюзаў, некаторых унітарных прадпрыемстваў, кіраўнікі больш за паўсотні райспажыўтаварыстваў з розных куткоў краіны. Кулінарыям быць Ушачан ужо не здзівіш разнастайнасцю салатаў, мясных страў, выпечкі, кандытаркі, наяўнасцю клёцак, хачапуры і ролаў у “Кулінарыі”. І той, хто не паспявае паабедаць дома ці хоча перакусіць, абавязкова накіроўваецца менавіта сюды. А вось госці раёна былі ўражаны вельмі шырокім асартыментам прадукцыі ўласнай вытворчасці і цэнамі на яе. Многія райспажыўтаварыствы адмовіліся ад “Кулінарый”, аддаючы перавагу кафэ. Старшыня праўлення “Белкаапсаюза” Валерый Мікалаевіч Іваноў высока ацаніў узровень работы кропкі грамадскага харчавання і адзначыў, што такія павінны быць у кожным раёне. Бяром пра запас! “Цэнтральны” проста не пазнаць!” Такую рэпліку работнікі гандлёвай кропкі за апошні тыдзень ужо пачулі не адну сотню разоў. Толькі цяпер гэта ўжо не “Цэнтральны”, а “ProЗапас” – больш зручная выкладка, шырокі асартымент харчовых і нехарчовых тавараў, сучасны выгляд. Галоўная ж асаблівасць магазіна самаабслугоўвання – пакупнік атрымлівае скідку ад 5 да 15 працэнтаў, калі адначасова купляе тры аднолькавыя тавары. Атрымліваецца, што калі бярэш у запас, эканоміш грошы. Акрамя гэтага, тут прадугледжана сістэма лаяльнасці: дысконтныя карткі, якія дзейнічаюць па накапляльнай сістэме. Бліжэй да пакупніка Як адзначыла старшыня праўлення Ушацкага райспажыўтаарыства Л.А.Долгая, максімальна задаволіць патрэбы ўшачан райспажыўтаварыства імкнецца падчас правядзення кожнага раённага кірмашу. На высокім узроўні арганізуецца вулічны гандаль падчас знакавых святаў з вялікай колькасцю гасцей. Нашых кааператараў добра ведаюць і за межамі раёна, паколькі выязны гандаль практыкуецца ўжо не першы год. Удзел у “Славянскім базары ў Віцебску”, кірмашах, выезд у розныя гарады прыносіць дадатковыя грашовыя сродкі. Як арганізуецца вынасны гандаль – было прадэманстравана ў летнім кафэ, кропках продажу садавіны і агародніны і сезонных тавараў якраз да вясенне-пасадачных работ. З тым, што такі метад абслугоўвання запатрабаваны, пагадзіцца кожны: зручна, праходзячы міма, купіць штосьці патрэбнае і пры гэтым зэканоміць час. Без выручкі гэтыя кропкі ў сераду не засталіся, попытам карысталася насенне, садовы інвентар, а каса папаўнялася выручкай. А значыць ёсць рэзон быць бліжэй да пакупніка. Прыйшоў, убачыў, заказаў Адным з напрамкаў развіцця гандлёвай дзейнасці спажыўкааперацыі ў апошні час стала арганізацыя інтэрнэт-вітрын па рэалізацыі нехарчовых тавараў. У маштабах сістэмы іх ужо з два дзясяткі. Ідэя адкрыцця першай належала Магілёўскаму аблспажыўсаюзу, а нядаўна такая вітрына з’явілася і на базе ўшацкіх “Будматэрыялаў” і “Утульнага дома” – менавіта так цяпер называецца абноўлены мэблевы магазін. І трэба сказаць, што назва зараз кропцы вельмі пасуе. Зроблена заніраванне ў выглядзе пакояў, так пакупніку не толькі лягчэй зарыентавацца, дзе шукаць патрэбны тавар, а і можна ўявіць, як прадмет будзе выглядаць у яго жыллі. Акрамя мэблі тут мноства дробных спадарожных тавараў, а менавіта яны даюць ледзь не палову выручкі. Далёка не ва ўсіх райспажыўтаварыствах ёсць мэблевыя магазіны, прычына простая: цяжэй становіцца канкурыраваць з прыватнікамі і фірменнымі магазінамі кшталту “Пінскдрэва” ці больш таннай прадукцыяй “Амі Мэблі”. Ва Ушачах жа пакуль вытрымліваюць канкурэнцыю і імкнуцца зацікавіць пакупніка. Як і суседнія “Будматэрыялы”, дзе плошчы дазваляюць прадставіць немалы выбар тавару, да таго ж без затрат тут абыгралі яго размяшчэнне. Тое ж, чаго няма, можна заказаць: заяўкі задавальняюцца на працягу двух тыдняў, а такія фірмы, як “Керамін” ці “Ома”, наогул выконваюць іх за пару дзён. Ну а цяпер заказаць тавар можна і праз інтэрнэт-вітрыну. Абслугоўванне ў такім віртуальным магазіне практычна нічым не адрозніваецца ад звычайнага. Хіба тым, што таварная прапанова “запакавана” ў манітор каля касы Менавіта такімі павінны быць гандлёвыя цэнтры “Родны кут”, якія маюцца і ў іншых рэгіёнах. “Чалавек павінен прыйсці сюды і знайсці ўсё патрэбнае, ад прадуктаў да адзення! Такія кропкі раней будаваліся па тыпавых праектах, а сёння наша задача іх удасканальваць. Узровень вашай работы будзе ацэньвацца па такіх аб’ектах”, – абазначыў кааператарам задачу В.М. Іваноў. Удзельнікі семінару азнаёміліся з работай усіх трох паверхаў. Прыемна, што менавіта ўшацкі “Родны кут” кіраўнік сістэмы паставіў у прыклад многім: “Усе дзіцячыя аддзелы павінны быць такімі, калі зробіце лепш – калі ласка!” Сапраўды, з другога паверха ўнівермага складана выйсці без пакупкі. Палетная выкладка – не затратная, вельмі зручная і даступная нават для самых маленькіх пакупнікоў. Для іх тут, зрэшты, прадугледжаны і спецыяльны дзіцячы куток. “Творчая работа ў афармленні павінна прысутнічаць. Не кладзіце цацкі на паліцу аж пад столь, яны там і 10 год праляжаць могуць! Тавараабарот не толькі ад насычанасці, а і ад выкладкі залежыць”, – адзначыў В.М.Іваноў. Трэці паверх універмага набыў другое жыццё ў мінулым годзе і за гэты час выручка прыкметна павялічылася. Фірменныя секцыі, акцыйныя зоны, папярэджанні пра навінкі – гэта і іншае ў спалучэнні з больш прывабным выглядам сыграла сваю ролю. Пра цеснае супрацоўніцтва з ушацкімі кааператарамі расказалі і самі вытворцы тавараў – прадпрыемствы “Парэчча” і “Слодыч”, якія прадставілі свае выставы і дэгустацыі. “Вечалле” – у кожны магазін! Канечне, не абышлося ў гэты дзень і без дэгустацыі ўшацкай мінералкі. У праграме семінару было наведанне цэха па розліве безалкагольных напіткаў КПУП “Віцебская ўніверсальная база”, які ўваходзіць у сістэму “Белкаапсаюза”. У ёй усяго 10 прадпрыемстваў, якія выпускаюць безалкагольныя напіткі, і з іх мінералку – толькі 5. Ушацкае ж можна лічыць унікальным не толькі з-за лекавых уласцівасцяў “Вечалля”, а і таму, што не трэба траціцца на рэсурсы, бо маюцца ўласныя свідравіны. Госці раёна азнаёміліся з работай высокапрадукцыйнай лініі, з канвеера якраз сыходзіла чарговая партыя мінеральнай вады. Канечне, ішла гаворка пра збыт прадукцыі. Як правіла, пакупнік кладзе ў свой кошык у магазіне раскручаны брэнд, нават калі побач стаіць не менш карысная, а часам нават і лепшая мінералка. І ў гэтым плане кааператарам, безумоўна, трэба “падцягнуць” лагістыку. Намеснік старшыні праўлення “Белкаапсаюза” І.Караткевіч выказала меркаванне, што не трэба буйным вытворцам даваць шмат прэферэнцый, а варта рабіць стаўку на сваю прадукцыю. І рэкламаваць павінны не толькі прадпрыемствы, а і прадаўцы гандлёвых кропак. Прапрацоўваецца пытанне з “Еўрагандлем”, каб забяспечыць асартымент “Белкаапсаюза” на паліцах гэтай буйной сеткі. *** Вольга КАМАРКОВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
За опытом – в Ушачи. На базе Ушачского райпо прошёл республиканский семинар-совещание «Белкоопсоюза» Напэўна, няма такога чалавека ва Ушачах, які б не заўважыў апошніх змяненняў у гандлёвых аб’ектах райспажыўтаварыства. Усё гэта вынік падрыхтоўкі мясцовых... |
|