“Аб Радзіме вялікай і малой” — пад такой назвай
прайшоў раённы конкурс мастацкага чытання сярод школьнікаў, прысвечаны Году малой радзімы.
Ён праходзіў па трох узроставых катэгорыях:
6 — 9, 10 — 13 і 14 — 17 гадоў. Юныя аматары прыгожага слова спаборнічалі ў дзвюх намінацыях:
“Мастацкае чытанне”, у якой дзеці чыталі
вершы розных аўтараў — ад вядомых паэтаў
да сваіх землякоў-аматараў, і “Аўтарскае чытанне”,
дзе трэба было прадставіць свой уласны твор.
Канкурэнцыя была дастаткова высокай — журы праслухала больш за 40 чалавек, большая частка з якіх пасля адборачнага тура перайшла ў асноўны. Выступленні юных чытальнікаў ацэньваліся па такіх крытэрыях, як адпаведнасць тэме конкурсу і ўзросту выканаўцы, складанасць твора, майстэрства валодання мовай, яе выразнасць і дакладнасць, паўната раскрыцця тэмы, акцёрскае майстэрства, арыгінальнасць выканання, эмацыйна-экспрэсіўная афарбоўка, уменне ўздзейнічаць на слухача, сцэнічная культура.
Прыемна адзначыць, што ўдзельнікі конкурсу вельмі сур’ёзна паставіліся да выбару твораў для чытання — глядзельную залу РЦК напоўнілі пранікнёныя вобразы з твораў як мэтраў беларускай літаратуры, такіх як Канстанцыя Буйло, Пятрусь Броўка, Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін і іншыя, так і з вершаў нашых землякоў, у тым ліку і саміх школьнікаў. Многія выступленні дапаўнялі цікавыя відэарады, нямала юных чытальнікаў выкарысталі ў сваіх сцэнічных вобразах беларускія народныя касцюмы або іх элементы, а Яраслаў Кійко і Алена Сасніцкая з Гарадзейскай СШ №2 у суправаджэнні цымбал нават стварылі арыгінальную інсцэніроўку “Балады пра нараджэнне Беларусі” Людмілы Паўлікавай. Усё гэта зрабіла конкурс яскравым і відовішчным, і кожны яго ўдзельнік, незалежна ад атрыманага выніку, ужо можа лічыць сябе сапраўдным пераможцам, таму што ўменне перадаваць свае пачуцці слухачам і гледачам — гэта ўжо вельмі многа і гэта назаўсёды застанецца ў памяці як цікавы і павучальны жыццёвы вопыт.
Перад журы стаяла нялёгкая задача, аднак пасля няпростага абмеркавання ў рэшце рэшт месцы размеркаваліся наступным чынам. Адзіны ўдзельнік у намінацыі “Аўтарскае чытанне” ва ўзроставай катэгорыі 6 — 9 гадоў Уладзіслаў Катовіч з СШ №2 г.п. Гарадзея атрымаў Дыплом ІІ ступені. У намінацыі “Мастацкае чытанне” ў гэтай жа катэгорыі лепшай была прызнана вучаніца СШ № 1г. Нясвіжа Дзіяна Селіванава, якая прадста-віла верш І. Рудэнкі “Ганаруся табой, Беларусь”. На другім месцы — вучаніца СШ №4 г. Нясвіжа Паліна Юпатава з вершам настаўніцы гэтай жа школы Чаславы Нячай “Нясвіж — мая радзіма”, на трэцім — выхаванка гуртка “ТДТ (тэатр, дзеці, творчасць)” пры РЦК Улада Клімко з празаічнай замалёўкай “Мой горад” Таццяны Лук’янчык.
Удзельнікі конкурсу ад 10 да 13 гадоў выступалі толькі ў намінацыі “Мастацкае чытанне”. Тут першае месца было прысуджана прадстаўніцы СШ №1 г. Нясвіжа Карыне Антановіч, якая прадставіла верш сваёй зямлячкі, несвіжанкі Алесі Сугак “Мой маленький город”, другое — вучаніцы гэтай жа школы Паліне Бубен з вершам Яніны Жабко “Да апошняй бярозы”, трэцяе — Лізавеце Ярмак з СШ №3 г. Нясвіжа, якая прадставіла верш Алены Бубен “Беларусь”.
Ва ўзроставай катэгорыі ад 14 да 17 гадоў першае месца атрымала Аляксандра Мажылоўская (Ліпскі НПК д/с-СШ). У яе выкананні прагучаў класічны твор Канстанцыі Буйло “Люблю мой край”. Другой стала прадстаўніца Сноўскай СШ Яраслава Ліпніцкая з вершам сваёй зямлячкі Віталіны Віннік “Малая радзіма мая”. Трэцяе месца па-дзялілі Аляксандр Цыбулька з Лысіцкага НПК д/с-СШ з вершам “Беларусі” Пімена Панчанкі і вучаніца Гарадзейскай СШ №2 Алена Сасніцкая з уласнай празаічнай замалёўкай “Мой родны край” і вершам Улада Няпальскага.
У гэтай жа ўзроставай катэгорыі ў намінацыі “Аўтарскае чытанне” лепшай была прызнана прадстаўніца Пагарэльцаўскай СШ Лізавета Мацюшава, другой стала Лізавета Гаспадарык з Затур’янскага НПК д/с-СШ, трэцяй — вучаніца Аношкаўскага НПК д/с-СШ Лізавета Шынкевіч.
Самым жа галоўным вынікам конкурсу можна лічыць тое, што ён яшчэ раз пацвердзіў, якая багатая на таленты наша нясвіжская зямля, і што ў вядомых мясцовых артыстаў падрастае здольная, цікавая маладая змена, якая яшчэ праславіць сваю малую радзіму далёка за яе межамі.
Спонсарскую дапамогу ў правядзенні конкурсу аказаў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.
Фота Наталлі ЕРМАШЭНКА і аўтара.