96 юных дубровенцаў ва ўрачыстай абстаноўцы былі прыняты ў рады піянерскай арганізацыіХто з нас не памятае, як хваляваўся, калі прымалі ў піянеры, і як горда ішоў па вуліцы з чырвоным гальштукам на грудзях… Самы шматлікі ва ўсе часы дзіцячы рух зарадзіўся ў 1922 годзе. У нашай краіне з 1990 года яго традыцыі працягвае Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя.
Многія правілы і прынцыпы засталіся ранейшымі: любі Радзіму, вучысь старанна, будзь працалюбівым, дапамагай блізкаму.
—Галоўная задача піянерскай арганізацыі — дапамагчы дзецям стаць грамадзянамі нашай краіны, — лічыць старшыня Дубровенскага раённага савета ГА “БРПА” Ірына Лабейка. — У Беларусі ў гэты рух уцягнуты больш за 668 тысяч дзяцей. Хлопчыкі і дзяўчынкі сустракаюцца з ветэранамі вайны і працы, аказваюць ім пасільную дапамогу, удзельнічаюць у дабрачынных акцыях, добраўпарадкоўваюць брацкія пахаванні і мемарыялы героям Вялікай Айчыннай вайны, удзельнічаюць у Вахтах памяці…
Учора напрыканцы Дня піянерскага сяброўства на ўрачыстай лінейцы 96 школьнікаў Дубровенскага раёна ўпершыню вымавілі словы клятвы. Піянерскія гальштукі ім завязалі ганаровыя госці мерапрыемства: намеснік старшыні Дубровенскага райвыканкама Святлана Рыжанская і адказны сакратар Дубровенскага раённага савета ветэранаў Аляксей Гаўруцікаў.
У прывітальнам слове Святлана Рыжанская адзначыла, што піянеры заўжды даражылі добрым імем арганізацыі, справамі і ўчынкамі ўмацоўвалі яе аўтарытэт. Яны прыходзілі на дапамогу краіне, сябрам, малодшым. Заўжды стаялі адзін за ўсіх і ўсе за аднаго, даражылі сяброўствам. Усе госці свята шчыра віншавалі юных піянераў і жадалі ім быць сумленнымі, працалюбівымі, рабіць добрыя справы.
Выконваючы заклік: “К справам на карысць Радзіме, к дабру і справядлівасці будзь гатоў!” — у якім закладзены прынцыпы: Справа, Дабро, Радзіма, Справядлівасць — юныя піянеры накіруюць сваю энергію на карысць любімай краіне і будуць актыўна крочыць у нагу з часам, а дарослыя ім у гэтым дапамогуць. Дарэчы, на ўрачыстым мерапрыемстве былі ўзнагароджаны за актыўную работу і значны ўклад у развіццё піянерскага руху лепшыя педагогі-арганізатары.
Святлана ШУРПАКОВА