З 23 па 25 мая 2019 года ва ўслаўленым Нясвіжы пройдзе ХХIV Свята мастацтваў “Музы Нясвіжа – 2019”, арганізатарам якога з’яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскі абласны выканаўчы камітэт, Нясвіжскі раённы выканаўчы камітэт і Заслужаны калектыў “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі”.
На працягу 24-х гадоў мастацкія фэсты ў Нясвіжы застаюцца адной з самых адметных падзей у культурным жыцці Беларусі. Штогод гэтыя інавацыйныя праекты яднаюць айчынную музыку розных эпох і жанраў, мастацкія выставы і тэатральныя паказы, з моманту свайго заснавання і да сёнешняга дня яны сталіся сімвалам узнаўлення і адраджэння гісторыі беларускага мастацтва, перш за ўсё – музычнага.
Асноўныя мерапрыемствы свята 2019 года прысвечаны 200-годдзю выбітнага кампазітара Станіслава Манюшкі, таму своеасаблівым музычным прынашэннем юбіляру ад усіх аматараў і знаўцаў яго творчасці станецца вялікі канцэрт акадэмічнай музыкі “Нясвіж – крыніца натхнення Станіслава Манюшкі і яго аднадумцаў”, падрыхтаваны творчымі калектывамі Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, прафесара Міхаіла Фінберга. У рамках свята адбудзецца творчая сустрэча маэстра Фінберга і канцэрт “Год юбілею Станіслава Манюшкі”.
Творчыя калектывы Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі прадставяць свае новыя канцэртныя праграмы, у якіх прагучаць лепшыя ўзоры беларускай музыкі з ХІІ па ХХІ стагоддзе. Канцэрт “Рэлігійныя творы айчынных майстроў” адбудзецца ў Нясвіжскім Касцёле Божага Цела, канцэрт “Музыка беларускіх палацаў” – у Тэатральнай зале Палацавага ансамбля г. Нясвіжа.
У Нясвіжскім цэнтры культуры адкрыецца мастацкая выстава работ з фонду Міжнароднага конкурсу-пленэру юных мастакоў імя Міхаіла Сеўрука “Краявіды Нясвіжа вачыма дзяцей”.
Па традыцыі ў першы дзень нясвіжскай імпрэзы Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь тэатра імя Уршулі Радзівіл Нясвіжскага раённага цэнтра культуры пакажа камедыю па п’есе Ж.Б.Мальера “Ён мужык, а яна паненка” (рэжысёр Яўген Валабоеў).
Завершыцца музычная акцыя ў Нясвіжскім цэнтры культуры гала-канцэртам “Новае ў Нясвіжы” ў выкананні Заслужанага калектыву “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі” пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, лаўрэата прэміі Саюзнай дзяржавы, ганаровага грамадзяніна Мінскай вобласці і г. Нясвіжа, мастацкага кіраўніка ХХIV Свята мастацтваў “Музы Нясвіжа – 2019”, прафесара Міхаіла Фінберга.