В школах Ушаччины прозвенел последний звонок
31.05.2019
—
Разное
|
Здавалася б, усё як заўсёды: пяшчотнае сонейка, шчырыя ўсмешкі, кветкі – карацей кажучы, святочны настрой. Толькі хваляванне нейкае асаблівае: крыху сумнае, трапяткое, але такое сапраўднае! Яго адчувалі ўсе прысутныя на свяце апошняга званка, якое адбылося ў чацвер, 30 мая, ва ўсіх школах Ушаччыны. Яшчэ адзін навучальны год завяршыўся для 1214 хлопчыкаў і дзяўчынак нашага раёна. 59 адзінаццацікласнікаў сёлета развітаюцца з любімымі настаўнікамі і шчаслівымі школьнымі гадамі. У самастойны шлях адправяцца і многія са 115 дзевяцікласнікаў. Кожны з юнакоў і дзяўчат, безумоўна, захавае ў памяці гэты святочны момант, бо школьны час пакідае самыя светлыя і шчымлівыя ўспаміны. Менавіта пра гэта ў сваім прывітальным слове, адрасаваным вучням, педагогам і бацькам, гаварыў у Ільюшыне старшыня раённага выканаўчага камітэта У.Г.Аўдошка. Сёлета ва ўстанове няма адзінаццацікласнікаў і толькі шасцёра дзевяцікласнікаў. Але ж мерапрыемства аказалася ў многім развітальным – праз некалькі дзён дырэктар А.М.Азевіч пакідае ўзгаданую пасаду ў сувязі з выхадам на заслужаны адпачынак. – Шчыра кажучы, чакаў гэтага дня з неспакойным сэрцам, – прызнаўся пазней Аляксандр Мікалаевіч. – Развітвацца з калегамі, вучнямі, ды і сценамі школы, якой аддаў больш за 15 год, балюча. Напэўна, сярод прысутных не было ніводнага, хто не пусціў слязу, падносячы кветкі любімаму дырэктару. За шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме адукацыі і непасрэдна ў Ільюшынскай школе А.М.Азевічу ўручана Ганаровая грамата галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама. Такую ж узнагароду атрымала таксама настаўнік беларускай мовы і літаратуры Іна Аляксееўна Алексяёнак. Пад гукі фанфар і апладысменты прысутных пачалася ўрачыстасць на цэнтральнай плошчы гарпасёлка, дзе сабраліся вучні і настаўнікі Ушацкай школы, а самае пачэснае месца занялі 73 вучні двух адзінаццатых класаў разам са сваімі класнымі кіраўнікамі Ірынай Уладзіміраўнай Леснічэнка і Марынай Уладзіміраўнай Міхайлавай. Выхаванкі першай, дарэчы, праявілі крэатыў і прыйшлі на свята выключна ў бардовых сукенках. Не адсталі ад іх і прадстаўнікі моцнай паловы – падабралі такога ж колеру кашулі ці бабачкі. Да выпускнікоў, настаўнікаў і бацькоў з прывітальным словам звярнуўся дырэктар навучальнай установы Віталь Іосіфавіч Клімашэўскі. За высокія дасягненні ў вучобе, перамогі ў розных конкурсах шэрагу вучняў ён уручыў граматы і лісты падзякі. Не абышлося ў гэты дзень без пажаданняў педагогаў і бацькоў, слоў удзячнасці ад выпускнікоў, пранікнёных вершаваных віншаванняў ад першакласнікаў, а таксама вальсу ў выкананні адзінаццацікласнікаў. Па заканчэнні ўрачыстасці яны разам з першакласнікамі па традыцыі ўсклалі кветкі да брацкай магілы воінаў і партызан. Не было адзінаццацікласнікаў сёлета і ў Глыбачанскай школе. Між тым, гэта акалічнасць не зрабіла свята апошняга званка сумным – яго героямі сталі 14 дзевяцікласнікаў, многія з якіх збіраюцца пакінуць сцены школы і адправіцца ў самастойнае жыццё. Але радуе, што колькасць вучняў ва ўстанове адукацыі дакладна не зменшыцца і нават узрасце – па словах дырэктара Зоі Іванаўны Жогаль, у першы клас восенню прыйдзе 14 маленькіх школьнікаў. Многія з іх прынялі ўдзел у праграме свята. Няма адзінаццацікласнікаў? Не бяда – вальс у выкананні будучых першаклашак прывёў у захапленне ўсіх гасцей свята! Кранальныя вершы і песні ўласнага сачынення, мора ўсмешак, слёзы вучняў і расчуленых педагогаў, узнагароды лепшых навучэнцаў і іх бацькоў, узаемныя словы ўдзячнасці – мерапрыемства прайшло ў сапраўды сямейнай атмасферы. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Здавалася б, усё як заўсёды: пяшчотнае сонейка, шчырыя ўсмешкі, кветкі – карацей кажучы, святочны настрой. Толькі хваляванне нейкае асаблівае: крыху сумнае,... |
|