Працэс нарыхтоўкі кармоў пастаянна асвятляецца на старонках газеты. На гэты раз у полі зроку “раёнкі” — філіял СВК «Бераснёўскі» ААТ “Упраўляючая кампанія холдынга “Бабруйскаграмаш”.
Для таго, каб зімова-стойлавы перыяд прайшоў без збояў, бераснёўцам неабходна нарыхтаваць 650 т сена, закласці 2500 т сенажу. З пачатку працэсу корманарыхтоўкі на прадстаячую зімоўку грамадскага статка працаўнікамі філіяла СВК «Бераснёўскі» ўжо закладзена 750 т сенажу, нарыхтавана больш за 200 т сена.
На падборы і змяльчэнні зялёнай масы заняты Ігар Малееў, на адвозцы — Міхаіл Быстроў, абодва — вопытныя механізатары, працуюць добрасумленна
Як адзначыў галоўны аграном гаспадаркі Леанід Панчэня, ёсць усе падставы для таго, каб на прадстаячы зімова-стойлавы перыяд забяспечыць трывалую кармавую базу. Для выканання гэтай задачы ўсе занятыя на «зялёным жніве» плённа працуюць.
Работы каля фермы ў в.Ахоцічы разгарнуліся шырокім фронтам. Спрыяе таму і своечасова падрыхтаваная сельгастэхніка, і наяўнасць вопытных кадраў.
Па словах галоўнага агранома, корм складаецца з бабовых і зернебабовых траў. У гэтым годзе ўпершыню пасеялі суданскую траву. Гэты від кармавых аднагадовых траў не толькі дае высокі ўраджай, але і ўтрымлівае ў сабе вялікую колькасць пратэіна, вітамінаў і незаменных амінакіслот, ён таксама не патрабавальны да глебы. Тым не менш, пры пасеве, доглядзе і ўборцы таксама павінны выконвацца і захоўвацца ўсе тэхналагічныя патрабаванні. Што тычыцца працэсу корманарыхтоўкі ў цэлым, то цяжкасці аграрыям стварае засушлівае надвор’е — трава літаральна сохне на корані.
Зараз на нарыхтоўцы кармоў задзейнічаны 2 касілкі, на трактарах з агрэгатамі працуюць Міхаіл Іваноў і Сяргей Дрэнь. Штодня на палеткі выязджае Аляксандр Суцыс на трактары с граблямі. Кормаўборачным камбайнам кіруе Ігар Малееў. Адвозіць скошаную масу Васіль Рымараў. За трамбоўку адказвае Сяргей Навакшонаў. Работу на гэтым участку плануюць завяршыць у чацвер.
Каб захаваць высокі тэмп нарыхтоўкі кармоў, кіраўніцтвам створаны належныя ўмовы працы і адпачынку механізатараў — арганізавана гарачае харчаванне, работнікі заахвочваюцца матэрыяльна, імкнуцца паказаць лепшы рэзультат у раённым спаборніцтве на корманарыхтоўцы. Усё гэта стымулюе бераснёўцаў да плённай, якаснай і адказнай працы.
Юлія ЗАВІШАВА.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.
На касьбе траў задзейнічаны Сяргей Дрэнь
Аляксандр Суцыс працуе на трактары з граблямі