Падарожжа па родным краі. Краснае
27.06.2019
—
Разное
|
Вёска з такой прыгожай назвай уваходзіць у склад Калаціцкага сельсавета і знаходзіцца на адлегласці 11 км ад Глуска. Даехаць да Краснага можна па дарозе, якая пачынаецца якраз насупраць вёскі Калацічы і збочвае ўлева ад шляху Глуск — Бабруйск. Дарогу гэту кіламетраў мо праз пяць перапінае мост цераз канаву, і мае ён па-мясцоваму назву Германаў мост. Але канава, што перасякае дарогу, колісь была зусім і не канава, апавядаюць старажылы, а рака Уцешка, а яшчэ яе называлі — Уцеха. Германаў мост Як сведчыць паданне, у Першую сусветную вайну застаўся жыць у гэтых мясцінах немец. Непадалёк ад ракі Уцехі, ва ўрочышчы з загадкавай назвай На пірагу, збудаваў ён сабе хату. Прыдбаў дзесьці спецыяльны станок, на якім распілоўваў дошкі і для сябе, і за невялікую плату для патрэб усіх жадаючых сяльчан, а на рацэ Уцеха збудаваў млын і добры мост, каб вяскоўцам было зручна ездзіць да яго па розных справах. Зерне малоў усім, хто плаціў, а хто, бывала, і не плаціў, але ні на каго гаспадар не крыўдзіўся — “у кожнага свая совесць”. Застаўся ж той немец у гэтых мясцінах, бо закахаўся ў мясцовую дзяўчыну. Трохі абжыўшыся, ён ажаніўся, дзеці пайшлі. А звалі ўсе таго немца Герман. Мо і прозвішча Герман пайшло ў навакольных вёсках ад таго немца. Добры быў чалавек, гаспадарчы, усім дапамагаў, вока нікому не зацерушыў. А вось дзе пазней дзеўся немец — невядома. Некаторыя гавораць, што з’ехаў ён у Другую сусветную вайну на радзіму, другія мяркуюць: а ці не саслалі яго на Салаўкі? Але так ці інакш, не стала Германа — не стала і млына з лесапілкаю, а вось мост на рацэ застаўся, і сталі людзі зваць яго Германаў мост. Калі ехаць далей па дарозе, з правага боку будзе відаць вёска Пагост, а праз колькі кіламетраў пасля другога моста шыльда інфармуе, што дарога, якая збочвае ў лес, улева, прывядзе ў вёску Краснае. Дарэчы, на Глушчыне ёсць яшчэ адно паселішча з падобнай назвай — гэта пасёлак Красны, і знаходзіцца ён у процілеглым баку, зараз уваходзіць у склад Слаўкавіцкага сельсавета. Таму, як кажуць, не блытаць — Краснае і Красны, у кожнага з іх свая гісторыя. І смутак па былых гаспадарах Пасярод лесу, на вялікай паляне, месцамі ўжо парослай хмызняком, бярэзнікам ды ельнікам, воддаль адна ад другой — некалькі сялянскіх хат; на ўездзе на паляну, паабапал дарогі, стаіць таксама некалькі хат. Але гэта яшчэ не ўся вёска Краснае. Пасля вайны Краснае будавалася хутка, сем’і былі вялікія, раслі дзеці, і начальства дазволіла ставіць хаты ўздоўж дарогі; паралельна ёй, думалася, будзе яшчэ адна вуліца… Але ўсё пайшло не так, людзі пачалі з вёскі з’язджаць, і стала частка паляны з некалькімі хатамі звацца Прычапілаўкай. Праехаўшы з паўкіламетра па дарозе, якая з аднаго боку як бы дзеліць паляну на дзве часткі, а пасля павароту — ахінае яе, трапляеш у вёску Краснае з адзінай шырокай вуліцай, што мае назву Цэнтральная. Абапал яе — драўляныя пабудовы, іх недзе сорак. Хаты, дзе вялікія, дзе меншыя, стаяць свабодна адна ад другой, прысядзібныя надзелы — ладныя, на некаторых — старыя сады. Але па-сапраўднаму жылых хат толькі чатыры. Дачнікаў на лета прыязджае таксама мала — мо тры ці чатыры сям’і. Вакол запусценне, усё пазарастала, селішчы недагледжаныя, платы дзе пападалі, дзе пахіліліся, стаяць з прарэхамі, на вокнах некаторых хат матляюцца ад ветру аканіцы, парыпваючы ад старасці і смутку па былых гаспадарах, дзе-нідзе праваленыя стрэхі… Няма гаспадароў, нехта дажывае свой век у дзяцей, многія памерлі, а без іх і вёска памірае. Сваіх могілак у Красным няма, вязуць у апошні шлях у Пагост. “Каго хаваюць на бліжэйшых могілках, каля дарогі, каго — на далейшых, дзе ўся радня”. Шпанскія мухі і кашаніль А колісь вёска Краснае — гэта быў вялікі дагледжаны маёнтак у Глускай воласці Бабруйскага павета Мінскай губерні, у 1897 годзе ў яго склад уваходзіла два двары, дзе пражывала 28 чалавек. А яшчэ маёнтку належала вёска Пагост з сялянамі. Назва паселішча сведчыць, што яно ў гэтых мясцінах існуе з вельмі даўніх часоў. Назва Краснае ўзнікла ўпершыню ў рускай мове ў перыяд развіцця ўсходнеславянскіх моў і сустракаецца ў помніках пісьмовасці XIV стагоддзя. Першапачаткова ў старажытнарускай мове прыметнік “красное”, “красный” азначаў “прыгожы”, а адносна паселішча — “прекрасный, расположенный в живописной местности, выгодной для жизни”. Маёнтак Краснае і сапраўды знаходзіўся ў вельмі прыдатным для жыцця месцы. Яго ахінаў вялікі лес, у якім хапала грыбоў, ягад, багата было рознага звяр’я. Паляванне давала добры прыбытак. Побач — рака Уцешка, была свая рыба. Заліўныя лугі забяспечвалі ежай і жывёлу, і чалавека, там збіралі багата кмену, розных лекавых траў. У ваколіцах паселішча вадзіліся рэдкія насякомыя — шпанскія мухі. Яны выкарыстоўваліся ў медыцыне для лячэння мужчын, збор і продаж шпанскіх мух даваў гаспадарам маёнтка добры прыбытак. У гэтых мясцінах было багата і насякомых з цікавай назвай “польская кошениль”. З лічынак “кошенили польской”, якія мелі чырвоны колер, атрымлівалі пунсовую фарбу, яна ўжывалася пры гатаванні ежы і дзеля іншых жыццёвых патрэб. Паводле біблейскага падання, “краска, полученная из красного червя, употреблялась еще потомками Ноя”. Лічынкі кашанілі збіралі, сушылі, таўклі, атрымліваўся парашок — вось ім і гандлявалі, і прыбытак гэты торг даваў неблагі. Як колісь успаміналі вяскоўцы, магчыма, ад красных чарвякоў, якіх тут у даўнія часы было багата, і пайшла назва вёскі Краснае. Самі ж сяльчане займаліся “хлебопашеством” і рознымі гаспадарчымі промысламі, якія прыносілі ім даход. А збывалі ўсё ў мястэчку Глуск, што ў 7 вярстах; ад павятовага г. Бабруйска ў 50, ад сплаўнай ракі Пціч — у 4 в. і “пристани торгового местечка Паричь в 65 в. и от Брестского шоссе — в 10 в. — весьма удобно”. Хлеба хапала і пану, і сялянам. У маёнтку меўся хлебазапасны магазін. Маёнтак Краснае Судовыя справы, якія маюцца ў фондзе Нацыянальнага гістарычнага архіва Рэспублікі Беларусь, сведчаць, што паселішча Краснае вядома добра раней, чым запісана ў афіцыйных бумагах, а іменна: “… сын Свида Иозеф Флорионов подал прошение в минскую Гражданскую палату по Глуско-Каменецкому акцивизорскому делу 19 августа 1840 года, вычислить кредиторов фольварка Лучки и Феклы Волотовской, а впоследствии фольварков Погост, имения Красное…” и “прошение на неправильное и самовольное отторжение к имению Красное… земли 8 уволок 10 моргов от крестьян его… д. Мыслотино…” Справы былі разгледжаны, зямля перамерана. «При измерении земли были поверенные д. Мыслотино Иван Голомако, Василь Лисица, Гришка Голомако. Дело состоялось…, утверждено 3 марта 1848 года Сенатом…». Быў зроблены “геометрический специальный план отмежеванного участка земли, составляющий 5 крестьянских пустошей в обруби д. Мыслотино… присужденный для Феклы Волотовской к имению Красному…», які таксама маецца ў архіве. «13 июля 1857 года по купчей крепости» маёнтак Краснае перайшоў братам Струмілам у спадчыну “от помещиков Михаила и Феклы Волотовских, Марии Пестичь, Ольги Иолгшины, Елисаветы Струмилловой и девицы Анны Волотовской” па абаюднай дамоўленасці з даўгамі, якія былі значнымі. Меўся нават “Табель долгов имения Красное: Францу Петрусевичу — 600 р. Тышкевичу — 517 р. Людвигу Осипову Иолгшину — 1500 р. Бернардиному Костелу Св. Анны у Глуску — 2050 р.», і ўсё гэта серабром. З 30 верасня па 29 лістапада 1857 года было заведзена “Дело о выдаче помещикам Струмиллам свидетельства о законном владении, отсутствия казенных и частных долгов, исков, взысканий и запрещений на имение Красное Бобруйского уезда». Зроблена «статистическое описание имения Красное Минской губернии Бобруйского уезда с деревнею Погост помещиков, родных братьев коллежских ассесоров Димания Валериана и Клеменса Руфина Осупьевых сыновей и последнего мужа дочери Осиповой, дочери Згерских — Струмиллов. По последней переписи 80 душ мужского пола и 87 женского. Земли числится господской при имении Красное — под строениями и огородами — 10 д., пахотной — 200 десятин, сенокосной — 60 д., под лугами заросшими — 35 д., под лесом, лиственно-дровяным в малой части строевым — 280 д., под общественною вспашкою — 26 д., неудобной, под заросшими мшаринами водами и дорогами — 125 д. Согласно решению Губернского комитета от 19 октября 1846 г. крестьяне отбывают повинность по два дня всякою работою в неделю и по шесть дней… Ночной караул исполняется по очереди. Ежегодного посева: господский двор: озимого — 48 четвертей, ярового — 74 четверти, картофели — 50». «Господские строения» складаліся з наступных будынкаў: «Господский жилой дом соснового дерева длиной 6 ½ саженей, шириной — 4 саж., покрытый доромъ.
Всего разносортной земли 800 десятин с вустроенным на оной фольварком в урочище, называемом Купа, на той же речкою — мельницею на оной, корчмою и весьма принадлежащими к воным строениям 30 сент. 1857 г.». «Коллежский ассесор Домиан Валерьен Фаддеев сын Згерский-Струмилло, коллежский ассесор Клемен Руфинь Фаддеев сын Згерский-Струмилло, Мария Осипова дочь Струмилло» падпісалі гэта статыстычнае апісанне маёнтка Краснае, а зацвердзіў дакумент “Бобруйского уезда предводитель дворянства коллежский ассесор кавалеръ А. Лапа». Пасля пакупкі маёнтка Струмілам прыйшлося завяршаць і судовыя справы радні. Доўг манастыру Бернардзінаму быў самы вялікі, няплочаны былымі гаспадарамі маёнтка больш за дваццаць год. Быў суд па гэтым пытанні, яго вынік: Струмілы кожны год павінны былі выплачваць 102 р. 50 к., памешчык Свіда — 66 р. 40 к. серабром, а як ён у свой час не аддаў доўг Валатоўскім, то зараз усё павінен вярнуць у залік доўгу манастыру. Узнікла яшчэ адна справа. Вольны чалавек Гаўрыла Пятроў, сын Галоўчыца, “который от помещицы Козловской купил одну уволоку и 10 десятин земли, обрубъ возле Мыслотинь Бобруйского уезда. А землемер Артемьев будто бы, измеряя обрубъ, отнял половину этой земли у Головчица и заставил поставить копцы, причинив вред, произвольно всё сделал в пользу Струмилло». Было заведзена некалькі спраў: “Дело по частным прологам помещика Иозефа Свида, Гаврилы Головчица на обследование участка помещика Струмилло», «Дело по межевому спору помещика им. Красное Бобруйского уезда Струмилло с владельцами смежных имений» и «Дело о командировании землемера Плясова для измерения и восстановления границ им. Красное…» Зямлю перамералі, пры гэтым прысутнічалі “крестьяне помещика Свида д. Мыслотино Иван Голомако, Гришка Голомако, священник прихода Глуского Андреевский, землемер Артемьев». Было прызнана, што надзел, у склад якога ўваходзяць землі “под усадьбами и огородами — 1 дес. 2174 саж., маховым неудобным болотом, заросшим кустарником — 29 дес. 2866 саж., под дорогами и речкою — 1 д. 1712 саж., что всего составляет разного угодия — 8 уволок 10 моргов 165 десятин 705 саженей», належыць Струмілам і адмераны правільна. Гэта было адлюстравана ў дакуменце з назвай: “Межевая книга Минской губернии Бобруйского уезда 3-го стана оттосореванной земли пяти пустошей в д. Мыслотины владения помещика Струмилловых. 1860 г. 6 августа” …д. Мыслотин… во владении Свида и имения Красное помещика Струмиллы — на правом берегу реки именуемой Уцешка, отступя от этой речки… Земли залиты водой, ямы и Свид эти земли оставил…”. У 1870 годзе па “списку мест Глуской волости” значыцца д. Красное и маёнтак Краснае. А знаходзіўся маёнтак якраз мо з паўкіламетра ад “деревні”, адразу там, дзе дарога на паляне паварочвае ўправа на вёску. Гэта дарога як бы ахінае паляну. З аднаго боку яе растуць вялікія кусты бэзу, ліпы, бярозы і нават векавая лістоўніца. За гэтаю лістоўніцаю колісь была сажалка, непадалёк — прыгожы сад, прысады з ліп і арэшніку, а зараз у асноўным хмызняк і бярэзнік. Тут і крышку ўлева, на “Бугры”, стаялі некаторыя панскія будынкі і жылі парабкі. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі на гэтым месцы быў утвораны калгас “Чырвоны Усход”. Іна КІРЫНА Працяг будзе Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вёска з такой прыгожай назвай уваходзіць у склад Калаціцкага сельсавета і знаходзіцца на адлегласці 11 км ад Глуска. Даехаць да Краснага можна па дарозе, якая...
|
|