Як ужо адзначалася, станаўленне Беларускай Савецкай Рэс-публікі праходзіла ва ўмовах ваеннай пагрозы. Хаця нямецкія войскі сышлі, замест іх з захаду вось-вось маглі рушыць польскія. У адрозненні ад немцаў, якія адназначна ўспрымаліся як чужынцы, з палякамі ўсё было складаней. Не забудзем, што нашы народы доўгі час жылі ў адной дзяржаве — Рэчы Паспалітай, польская мова і культура былі распаўсюджаны сярод вярхоў грамадства, многія сяляне-католікі лічылі сябе палякамі. Варта нагадаць, што і нясвіжскі ардынат Альбрэхт Радзівіл добраахвотнікам уступіў у кавалерыю Войска Польскага. Не дзіўна, што лідар адноўленай Польшчы Юзаф Пілсудскі быў не супраць, каб яе ўсходнія межы прайшлі па Дзвіне і Дняпры. На гэтай тэрыторыі многія з ахвотай бы прызналі сябе палякамі, для астатніх быў прыгатаваны “пернік” у выглядзе абяцанняў шырокай нацыянальна-культурнай беларускай аўтаноміі.
Савецкі ўрад яшчэ 7 студзеня 1919 г. папярэдзіў Польшчу, што, калі яна паспрабуе “сілай зброі навязаць незалежным рэспублікам Літве, Латвіі ці Беларусі чужую ім уладу, то рабочыя і сяляне гэтых рэспублік будуць змагацца ў рэвалюцыйных народных войсках супраць замахаў польскага імперыялізму”. Рыхтуючыся да будучых баёў, урад ССРБ прыняў дэкрэт аб мабілізацыі і ўсеагульным ваенным навучанні. Вайсковай справай павінны былі авалодваць усе грамадзяне савецкай Беларусі, пачынаючы ад школьнікаў і заканчваючы мужчынамі прызыўнога ўзросту ад 18 да 40 гадоў. Заняткі павінны былі праходзіць не менш чым 12 гадзін на тыдзень, на працягу 8 тыдняў. Адначасова з гэтым абвяшчалася мабілізацыя “па меры неабходнасці” мужчын ва ўзросце ад 21 да 26 гадоў. Яны павінны былі заставацца ў армейскіх шэрагах нявызначаны тэрмін “у залежнасці ад ваеннага становішча краіны”. Менавіта тады сотні несвіжан апынуліся ў шэрагах Чырвонай Арміі. Праўда, у адпаведнасці з дзяржаўнай палітыкай іх накіроўвалі не на абарону сваіх межаў, а на барацьбу з белымі арміямі ў Сібір ці на Поўнач.
У самім Нясвіжы са студзеня 1919 г. знаходзіўся 9-ы паграніч-ны полк 17-й стралковай дывізіі. Аддзел быў сфарміраваны з добраахвотнікаў летам 1918 г. у Оршы для аховы дэмаркацыйнай савецка-нямецкай лініі. Пры гэтым перавагу стараліся аддаваць вайскоўцам, якія мелі вопыт службы на граніцы. Большасць камандзіраў — былыя афіцэры. Камандзір палка Леанід Зацяплінскі — колішні палкоўнік царскай арміі, за гады службы ў пагранічнай варце быў адзначаны шэрагам ордэнаў Ра-сійскай імперыі. Напрыканцы таго ж года полк перавялі ў Мінск, адтуль — у наш горад. Некаторыя роты размяшчаліся ў навакольных вёсках — Пахабаўшчыне, Качановічах і Вайнілавічах. Падчас знахо-джання палка на Нясвіжчыне ён папаўняўся за кошт мясцовых добраахвотнікаў. У шэрагі пагранічнікаў паступілі былы гусар, удзельнік Першай сусветнай вайны Філіп Бруй са Сноўскай воласці, Канстанцін Чэшка з Астровак, нясвіжскі слесар Антон Кеўліч, памочнік аптэкара Маісей Альперын і іншыя.
У дакументах па гісторыі палка сказана, што ў перыяд знаходжання ў Нясвіжы яго байцы “многа зрабілі для арганізацыі савецкай улады, змагаліся са спекуляцыяй, кантрабандай і бандытызмам”. Камандзіры арганізоўвалі і праводзілі мітынгі. Так, камісар 2-га батальёна Фёдар Шпакаў 2 сакавіка правёў мітынг у Нясвіжы, 3 сакавіка — у Дубейках, 5 сакавіка — у Пахабаўшчыне.
Увогуле мітынгі ў тыя дні праводзіліся часта і з розных нагод. Так, 15 лютага ў Лані адбыўся мітынг, прысвечаны Дню ўсеагульнага ваеннага навучання. 23 лютага ў Гарадзеі шэсцем, мітынгам і канцэртам была адзначана першая гадавіна Чырвонай Арміі. Урачыстасці атрымаліся асабліва шматлюднымі з-за вялікай колькасці ваеннапалонных. Справа ў тым, што на пачатку 1919 г. з савецкай Расіі вярталіся на радзіму палонныя з былой аўстра-венгерскай і нямецкай армій, у адваротным кірунку рухаліся сотні тысяч колішніх вайскоўцаў Рускай імператарскай арміі. Чыгуначная станцыя Замір’е і пасёлак Гарадзея, размешчаныя на лініі Масква–Брэст, сталі важным перавалачным пунктам як для палонных, так і для бежанцаў, прымусова эвакуіраваных з Заходняй Беларусі ў 1915 г., якія цяпер спрабавалі вярнуцца ў родныя мясціны. На Нясвіжчыне актыўна дзейнічалі ўпаўнаважаныя Калегіі па справах палонных і бежанцаў (копленбежа), якія павінны былі вырашаць пытанні, звязаныя з рухам людскіх мас, іх харчаваннем, медыцынскім абслугоў-ваннем і г.д. Са студзеня 1919 г. у Замір’і працаваў лазарэт Чырвонага Крыжа на 150 ложкаў, які ў першую чаргу павінен быў аказваць дапамогу ваеннапалонным і бежанцам, хоць карыстацца яго паслугамі маглі таксама і мясцовыя жыхары.
14 лютага на Брэстчыне адбыліся першыя сутыкненні паміж савецкімі і польскімі войскамі. Вайна стала фактам. 25 лютага 1919 г. загадам народнага ка-місара па ваенных справах А. Мяснікова ў Мінскай губерні, а значыць — і на Нясвіжчыне, абвяшчалася ваеннае становішча. Гэта наклала свой адбітак на ўсе сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні, галоўным з якіх было вырашэнне зямельнага пытання.
Кастрычніцкая рэвалюцыя ліквідавала памешчыцкае землеўладанне і скасавала прыватную ўласнасць на зямлю. І з’езд саветаў Беларусі абвясціў усю зямлю адзіным дзяржаўным фондам і рэкамендаваў весці сельскую гаспадарку на сацыялістычных пачатках. Былыя памешчыцкія маёнткі павінны былі стаць асновай для ўтварэння саўгасаў, сялянскія на-дзелы прапаноўвалася аб’ядноўваць у арцелі і камуны. Але рэалізацыя гэтых прапаноў на практыцы выклікала вялікія праблемы. Вось што пісала пра становішча на Случчыне савецкая газета “Звязда” ў студзені 1919 г.: “Усе маёнткі ў павеце ўзяты на ўлік. Павятовым зямельным аддзелам туды прызначаны камісары. У большасці маёнткаў хлеба няма, паколькі былыя памешчыкі да прыхода савецкіх войскаў усё пастараліся прадаць, а збожжа, якое ёсць у неабмалочаным выгля-дзе, узята камісарамі на ўлік, апячатана і закрыта ў свіранах, з-за чаго людзі і жывёла галадаюць. Сярод свойскай жывёлы лютуе кароста, медыцын-скай дапамогі няма. Батрацкія камітэты ня маюць грошай для пакупкі лекаў. Асабістымі сродкамі батракі не валодаюць, так як памешчыкі не плацілі ім амаль год, таксама не выплачана ні капейкі за работу пры савецкай уладзе”.
Сведкі адзначалі, што харчовае забеспячэнне Нясвіжа выглядала кепска ў параўнанні з суседнімі рэгіёнамі. Прадукты, якія прывозілі на рынак, у вялікай колькасці закуплівалі прадстаўнікі “копленбежа”, так што знайсці ў вольным продажы хлеб ці мяса было цяжка. Цэны на прадукты харчавання хутка раслі. Калі ў сярэдзіне студзеня кілаграм сала каштаваў 15 — 20 рублёў, то ў пачатку лютага за яго плацілі 60 — 65 рублёў. Упаўнаважаныя камісарыята харчавання (“компрода”) не маглі нарыхтоўваць хлеб для арміі і буйных гарадоў, паколькі прыватныя гандляры куплялі яго ў сялян на значна лепшых умовах — па 100—150 рублёў за пуд, у той час як цвёрдыя дзяржаўныя закупачныя цэны складалі 16,25 р. за жыта і 21,50 р. за пшаніцу. Прадстаўнікі органаў улады скардзіліся, што “…мяшочнікі і спекулянты нібыта саранча спусташаюць гарады і вёскі…”. У выніку ўрадавым дэкрэтам было забаронена купляць і прадаваць хлеб прыватным асобам. Яго маглі нарыхтоўваць толькі дзяржаўныя органы, і толькі па цвёрдых цэнах. На практыцы гэта прывяло да новага вітка спекуляцыі.
14 лютага 1919 г. быў падпісаны загад, паводле якога для армій Заходняга фронту рэквізаваліся ўсе запасы збожжа, дзе б яны ні знаходзіліся і каму б ні належалі, у тым ліку і насенны матэрыял, які захоўваўся ў нацыяналізаваных маёнтках. Любыя спробы не дапусціць выканання гэтага загаду, захаваць збожжа або насенне, разглядаліся, як “супрацьдзеянне Чырвонай Арміі ва ўмовах ваеннага часу”. Яшчэ праз месяц быў абвешчаны Тыдзень хлеба, які пачынаўся 15 сакавіка. На працягу гэтага тыдня гарадское і вясковае насельніцтва было абавязана здаваць хлеб, фураж і іншыя прадукты харчавання на патрэбы войска. Ад людзей патрабавалася “напружыць усе сілы, каб на справе давесці клопат і любоў да Чырвонай Арміі”. Але войска патрабавала не толькі хлеба, а яшчэ і мяса. Таму ва ўсе паветы пайшло распараджэнне аб абавязковай пастаўцы свойскай жывёлы па цвёрдых цэнах (мы ўжо бачылі, наколькі яны адрозніваліся ад рыначных), вываз мясных прадуктаў за межы Мінскай губерні забараняўся. За выкананнем паставак павін-ны былі сачыць валасныя харчовыя аддзелы. Падводзячы вынікі тыдня, губернскі ваенны камісар Крывашэін адзначаў, што ў паласе ад Нясвіжа да Баранавічаў многія воласці добраахвотна перадавалі хлеб для арміі, як па цвёрдых цэнах, так і бясплатна. Праўда, незадоўга перад тым, зноў жа на афіцыйным узроўні, гаварылася, што насельніцтва рэгіёна аддае перавагу “свабоднай спекуляцыі”, а не добраахвотнай перадачы лішкаў, і разлічваць на яго падтрымку па ідэйных матывах не даводзіцца.
Акрамя харчавання, арміі былі неабходны вазы, шынялі, боты, патроны, коні, медыкаменты і шмат чаго яшчэ. Інакш кажучы — войску былі патрэбны грошы. Таму ў лютым 1919 г. Цэнтральны выканаўчы камітэт ССРБ пастанавіў спагнаць з “буржуазных элементаў” рэспублікі надзвычайны падатак. Матывацыя гэтага рашэння выглядала вельмі проста. Паколькі “гарадская буржуазія і вясковыя кулакі за гады імперыялістычнай вайны набылі і працягваюць набываць шляхам грабежніцкай спекуляцыі прадметамі першай неабходнасці, асабліва хлебам, велізарныя грашовыя сродкі”, трэба іх адабраць “у паразітарных і непрацоўных элементаў і абярнуць на патрэбы рэвалюцыйнага будаўніцтва”. Слуцкі павет павінен быў выплаціць 3,5 млн рублёў. Спіскі плацельшчыкаў складаліся валаснымі і сельскімі саветамі з такім разлікам, каб “увесь цяжар падатку прыйшоўся на спекулянтаў, кулакоў і багатых сялян”. Такое рашэнне не дабаўляла аўтарытэту ўладзе, а толькі павялічвала шэрагі незадаволеных.
Як бачым, усталяванне новага ладу на Нясвіжчыне ішло з вялікімі цяжкасцямі. А ўжо ў сакавіку 1919 г. мясцовай ула-дзе давялося вытрымаць надзвычай сур’ёзны экзамен.
Андрэй БЛІНЕЦ,
старшы навуковы
супрацоўнік
Нацыянальнага гісторыка-
культурнага музея-
запаведніка “Нясвіж”.